Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ларывонава сажалка

   На раскошным маляўнічым беразе рыба бралася добра, але чамусьці дробная.
   Падышоў пастух з піянерскім горнам у руцэ. Паглядзеў на рыбу і кажа:
   – Адна драбяза. Вы б лепей на Ларывонаву сажалку схадзілі. Там бы буйнейшай налавілі.
   – А дзе яна гэта ваша сажалка? Далёка адсюль?
   – Ды не, з кіламетр будзе, не болей.
   – I што там за рыба?
   – Ліні. Да таго ж буйныя. Велічынёй з лапаць трапляюцца.
   Спакуса была вялікая. Тым болей што пастух падахвоціўся правесці. Па дарозе ён расказваў:
   – Гэта ў нашым сяле стары такі быў. Ларывонам звалі. Дзівак трохі, калі праўду сказаць. Ну хоць бы такое дзела возьмем. Пустка за сялом была. Нічога, апрача быльнягу, не расло на ёй спакон веку. А Ларывон надумаўся засадзіць яе. Па дрэўцу, па кусціку насіў, высаджваў. I неўзабаве на пустэльні той гаёк зашумеў. Ды хіба толькі гэта. Ва ўсім наваколлі кожнае дрэўца абгледзіць. То галінку абрэжа ўсохлую, то сук падвяжа, то калочак-падпорку паставіць. Нават у лесе, калі ўгледзіць зломлены сучок, абавязкова зрэжа, каб ён, той сучок, дрэва не псаваў.
   Я зацікавіўся старым Ларывонам, пачаў выпытваць у пастуха падрабязнасці.
   – А то ў апошні час песнямі чалавек зацікавіўся. Аджывае, кажа, песня ў народзе, а ў ёй, народнай песні, усё жыццё. На моладзь скардзіўся, што яна ўсё нейкую пустую дрэнь галёкае. I пачаў песні народныя запісваць. Сын яго ў Ленінградзе робіць. Дык наслаў пісьмо, каб купіў яму магнітафон – песні тыя запісваць, пакуль не забыліся яшчэ.
   – Вось як! I што ж далей?
   Пастух памаўчаў, аб чымсьці думаючы.
   – Што далей, пытаеце? Не пашанцавала небараку. Гады са два назад восенню ў нашых месцах надта моцныя дажджы ішлі. Бярэзіна выйшла з берагоў, пагражала затапіць стагі на лузе. Вось усе нашы зарэчанцы і кінуліся ратаваць саўгаснае сена. Колькі дзён з вадою змагаліся. Тады стары і прастудзіўся. Пахварэў з месяц ды і памёр.
   – Шкада, – са скрухаю прамовіў я.
   – Вядома, шкада, – згадзіўся пастух. – Добры быў чалавек.
   – Ну, а сажалка? Чаму – Ларывонава?
   – Сажалка? Вядома ж, Ларывонава. Як жа яе інакш назавеш? Калі тут Ларывон лінёў развёў, так Ларывонавай і празвалі.
   – Дык гэта ён лінёў развёў?
   – А то хто ж!
   – I як, цікава?
   – З рэчкі нанасіў. У нас каля вёскі сёй-той ловіць. Падсмажаныя на патэльні ды са смятанай – аб’ядзенне. Ларывон жа зловіць, асцярожна з кручка зніме, у вядзерца апусціць і, каб хлапчукі не бачылі, на сажалку. Вось так яны тут і развяліся.
   Між тым мы падышлі да сажалкі. Пастух развітаўся і пайшоў збіраць цялят, што разбрыліся па балоце. А я ўзяўся за вуды.
   Чалавек праўду сказаў. Ліні тут браліся буйныя. Але рыбачыць на гэтай сажалцы чамусьці не хацелася.
   Я скруціў вуды і пайшоў да ракі.

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вясна ідзе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка