Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Лынькоў - Ластаўчына талака

Увага! Поўны змест

   Пад страхой нашага дома штолета жывуць ластаўкі. Нястомныя шчабятушкі ў вечных клопатах. Вясной майструюць або рамантуюць гнёзды, потым выседжваюць птушанят, гадуюць іх.
   Колькі працы, колькі намаганняў, хваляванняў даводзіцца перанесці ім, перажыць, покуль не пакрыюцца пухам-пер’ем іх маленькія дзеткі-галышыкі, покуль не вырастуць у іх уласныя крыльцы! Толькі ўзнімецца сонейка, і аж да позняга вечара ластаўкі ў няспынным палёце. Імклівыя, як маланкі, яны свідруюць цёплае паветра, узлятаюць, здаецца, пад самыя воблакі ці, спусціўшыся нізка-нізка, праносяцца над полем, над лугам, над люстранаю гладдзю возера. Штохвілінна наведваюць гнёзды і шчабечуць-шчабечуць. Калі зразумець іх мову, то яны нібы гавораць:
   – Паспачувайце, паспачувайце нам, паспачувайце!
   І сапраўды, як жа ім не паспачуваць?! Паспрабуй пракарміць малых у гняздзе. калі іх там чацвёра, а то і ўсіх пяцёра. Вунь вытыркаюцца па чарзе з гнязда, разяўляюць жаўтлявыя дзюбкі, нібы вымавіць хочуць:
   – Давайце, давайце, татка, мамка!
   Стараюцца татка і мамка. Хіба злічыш тую процьму мушак, камароў, мошак. якую тата і мама пераносяць за дзень сваім дзецям. А ім усё мала:
   – Давайце. давайце! – толькі і ведаюць піскуны.
   Летнімі цёплымі днямі можна назіраць. як маладое ластаўчына пакаленне пачынае вучыцца лятаць, авалодваць усімі сакрэтамі палётаў. Вось маладое ластаўчаня пакрысе высоўваецца з гнязда. Прыгледзься ўважлівей – і ты ўбачыш, што не па ўласнай ахвоце хоча пераступіць яно парог сваёй хаткі. Яго, не сказаць, каб асабліва далікатна, падштурхоўвае знутры гнязда татка альбо мамка:
   – Ляці, ляці, не маленькае ўжо!
   А яно ўпінаецца з усіх сіл, чапляецца малюсенькімі кіпцюрыкамі за край гнязда.
   Ды дзе ты дзенешся? Аж вочы прыплюшчыла. Але крыльцы тут нібы самі сабой – пы-ы-рх. і паляцела ластаўчаня... Ад радаснага перапуду і дзюбку раскрыла. І трэба ж такое: у тую дзюбку першую мушку хоп на ляту – вельмі ж смачная гэтая мушка уласнай лоўлі!
   На першым разе далёка не паляціш – крыльцы яшчэ слабенькія. Таму і садзіцца на першым зручным месцы: на даху, на дрэве, на коміне ці дзе-небудзь на карнізе. Сядзіць ластаўчаня, а сэрца яго трапечацца ўжо не ад страху, а ад радасці: ага, а я лятаю, я само муху злавіла!.. Вось захачу – і далей палячу!
   Сапраўды, адпачыла крыху ды зноў у паветра. Дарослыя ластаўкі ніколі не сядуць на такія месцы, як дрэва або дах. Калі і садзяцца, дык хіба толькі на тэлефонныя ці электрычныя пра вады, ці на які-небудзь плот высокі. А то ўсё больш у паветры. Маладым жа патрэбны яшчэ большы адпачынак, перадышка. Але праходзіць які тыдзень, і вы не адрозніце маладых ластавак ад дарослых. Вясёлай чародкай праносяцца яны ў паветры абганяюць адна другую, кружацца карагодам вакол дрэў, вакол хаты, узлятаюць так высока. што ледзь прыкмеціш іх у густым блакіце летняга неба.
   І вось летась здарылася бяда ў адной з ластаўчыных сем’яў. Упала і разбілася гняздо, у якім былі яечкі. Колькі новых турбот навалілася на няшчасную сям’ю! Хапаліся, спяшаліся, майстравалі новае гняздо. І ці то ад спешкі, ад залішняй мітуслівасці, а магчыма, гэта пара ластавак яшчэ мала была спрактыкавана ў будаўніцтве – справа ў іх пасоўвалася даволі марудна. Урэшце наладзілі яны сваё наваселле. А ўжо ў суседніх гнёздах чуваць былі галасы жаўтадзюбых пісклянят, і іх шчаслівыя бацькі выбіваліся з сіл, каб удоваль накарміць сваіх нашчадкаў.
   Нарэшце і ў нашых няўдакаў завяліся дзеці. Завяліся тады, калі некаторыя з суседзяў ужо спрабавалі вучыць лятаць сваіх малых.
   А час не стаяў на адным месцы. Ужо на лугах выраслі і пашарэлі пад сонцам стагі сена. Наліліся золатам каласы пшаніцы і жыта, выспявалі вусатыя ячмяні, шапаткія аўсы. Дзе-нідзе распачыналася жніво. Не так далёка ўжо і той месяц, які пакліча ўсіх ластавак – ды ці толькі іх – у доўгую дарогу, у вырай. Гэта паказвалі прыкметы: няйначай дзесьці прастыла сонейка, скупым стала на цеплыню, не таўкуць ужо кашы камары, паменшала мошак, мушак і розных іншых казюрак. Добра тым ластаўкам, у якіх дзеці ўбраліся ў пер’е, акрылелі, самі сабе і спажыву здабываюць. Сябе забяспечыць не так ужо цяжка, а вось паспрабуй, як гэтыя ластаўкі-няўдакі, пракарміць чацвярых ці пяцярых сваіх дзетак – усе духі выматаеш, так крыламі намахаешся за дзень, што вечарам, здаецца, кожная пярынка смыліць-гарыць пякучым болем.
   Мы з трывогай пазіралі на гняздо, гаварылі, хваляваліся:
   – Паспеюць ці не паспеюць нашы ластаўкі вырасціць дзецям крылы да выраю?
   Сумняваліся: мала часу да верасня, а корму яшчэ меней, няўжо загінуць малыя?
   І вось аднае раніцы мы сталі сведкамі незвычайнай з’явы. Позніх птушанят сталі карміць не толькі іх бацькі, але і дарослыя ластаўкі з усіх гнёздаў, уся ластаўчына калонія. Утварылася дружная талака. Ластаўкі выручалі з бяды сваіх суседзяў.
   Праз некалькі дзён увесь наш двор сустрэў як радасную падзею вылет з гнязда нашых позніх птушанят.
   А яшчэ праз колькі дзён можна было назіраць, як тэлефонныя правады на нашай вуліцы аж абвіслі пад вялізнай чарадой ластавак. Яны сядзелі, шчыльна прытуліўшыся адна да адной, і ціха, але зацята шчабяталі – раіліся пра нешта сур’ёзнае і неадкладнае. Калі ўважлівей прыслухацца да гэтага шчэбету, дык можна было здагадацца, пра што раяцца нашы птушкі:
   – Вось-вось паляцім, паляцім... Высока, далёка, высока, далёка... Вось-вось паляцім...
   І тут пачуўся мяккі, але настойлівы посвіст крылаў. Уся чародка ластавак разам узнялася ў паветра, зрабіла круг, другі і праз якую хвіліну была ўжо далёка-далёка, аж над сінім лесам. Вось і зусім знікла. Ні следу, ні плямінкі ад яе на халодным і сумным ускрайку неба.
   Ляціце, ляціце, слаўныя! Да новых сустрэч, да новай вясны!

1969

 

Похожие статьи:

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця