Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Чарняўскі - Малююць дзеці...

Лоб у крэйдзе,
Нос і пальцы.
Гамана з усіх бакоў:
Каля дома,
На асфальце –
Конкурс юных мастакоў.

На шурпатым тратуары,
Бы ў альбоме на лістах,
Ажываюць
Казкі,
Мары:
У фантазіі –
Размах!

Дзякуй дзецям,
Іх лятункам! –
З поля,
З лесу,
Як сябры,
Перабраліся ў малюнкі
Кветкі,
Птушкі
І звяры.

І здаецца, ўсё дарэчы,
Ім не хочацца назад:
Смела дзівяцца з малечы,
Бы ў дзяцей,–
І ў іх пагляд.

Лоб у крэйдзе,
Нос і пальцы,
Нібы ў нейкіх дзівакоў:
Надвячоркам
На асфальце –
Конкурс юных мастакоў.

І ў дзяўчатачак,
І у хлопцаў –
Мабыць,
Самы ўзнёслы міг!..
А на ўсіх малюнках –
Сонца,
А на ўсіх малюнках –
«МІР».

Іх «палотны» –
Плён старання –
Толькі вечар,
Толькі ноч
Захінуць сабой
Да рання
Ці сатрэ хмурынкай
Дождж.

Ды наўрад ці ў крыўдзе будзе
Хтосьці з гэтых мастакоў!
...Ля малюнкаў ходзяць людзі,
Абмінаюць іх з бакоў:
Пэўна ж,
Быць зласліўцам трэба
І глухім
Душою быць,
Каб на мір,
На кветкі,
Неба,
Каб на сонца
Наступіць!

 

Похожие статьи:

Міхась ЧарняўскіМіхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Вясёлка над полем

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Ёлка

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - «Акадэмія»... на колах

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Змайстравалі сані