Лоб у крэйдзе,
Нос і пальцы.
Гамана з усіх бакоў:
Каля дома,
На асфальце –
Конкурс юных мастакоў.
На шурпатым тратуары,
Бы ў альбоме на лістах,
Ажываюць
Казкі,
Мары:
У фантазіі –
Размах!
Дзякуй дзецям,
Іх лятункам! –
З поля,
З лесу,
Як сябры,
Перабраліся ў малюнкі
Кветкі,
Птушкі
І звяры.
І здаецца, ўсё дарэчы,
Ім не хочацца назад:
Смела дзівяцца з малечы,
Бы ў дзяцей,–
І ў іх пагляд.
Лоб у крэйдзе,
Нос і пальцы,
Нібы ў нейкіх дзівакоў:
Надвячоркам
На асфальце –
Конкурс юных мастакоў.
І ў дзяўчатачак,
І у хлопцаў –
Мабыць,
Самы ўзнёслы міг!..
А на ўсіх малюнках –
Сонца,
А на ўсіх малюнках –
«МІР».
Іх «палотны» –
Плён старання –
Толькі вечар,
Толькі ноч
Захінуць сабой
Да рання
Ці сатрэ хмурынкай
Дождж.
Ды наўрад ці ў крыўдзе будзе
Хтосьці з гэтых мастакоў!
...Ля малюнкаў ходзяць людзі,
Абмінаюць іх з бакоў:
Пэўна ж,
Быць зласліўцам трэба
І глухім
Душою быць,
Каб на мір,
На кветкі,
Неба,
Каб на сонца
Наступіць!
Похожие статьи:
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Змайстравалі сані
Міхась Чарняўскі → Міхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Ёлка
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - «Акадэмія»... на колах
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Вясёлка над полем