Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Гарэцкі - Стары прафесар

Увага! Поўны змест

   Дзеялася тое дужа даўно...
   Прыязджаў некалісь да пані ў госці стары прафесар з маладою жонкаю, панінай пляменніцай.
   Прыехалі яны аднаго разу з Пецярбурга на папраўку познаю вясною, калі ўжо адпяялі салавейкі і адцвілі акацыі.
   Ды яшчэ прыгожа было ў панскім садзе, і кожны вечар, ідучы з работы міма сіняга плота, можна было бачыць там на сцежцы беленькую сукеначку ў пары з вялікаю чорнаю постаццю прафесара.
   Надта ж любіў гэты пажылы вучоны чалавек сваю невялічкую рухавенькую жонку. Ён высокі, маўклівы, а яна ўчэпіцца за яго локаць, шчабеча яму, як тая птушачка, заглядае знізу ў вочы, як дачушка да старога бацькі.
   Відаць, што ён не можа на яе налюбавацца, як бы дзеля таго і маўчыць. Пазірае з вялікаю пяшчотаю і толькі носам усміхнецца да яе з радасці, як дзіця.
   Затое і ўсіх людзей любіў. Да сялян быў ласкавы, даступны, сам падыходзіў і пытаўся пра іхнае жыццё. I любіў слухаць усё, што яму кажуць. Песні і казкі любіў, як немаведама што. Пачуе цікаўную казку ад пастуха Якіма і ходзіць за ім, пільнуе, каб яшчэ пачуць. Пачне той плясці свае плёткі, а прафесар слухае так, як бы Богу моліцца, слоўца не прапусціць. Як той скончыць, ён задумаецца, засмуціцца, а потым і ўсміхнецца па-свойму, як тое дзіця. Пачуе дзявочыя песні, і зноў яму вялікая радасць.
   Палюбіў народ і яго жонку. Нават да старой пані ў тым леце ўсе ласкавейшыя з-за іх зрабіліся.
   Дык не дзіва, што надта ўсім было жалосна, калі захварэла маладзенькая паня на якуюсь цяжкую і цягучую хваробу.
   Як прыйшло жніво, не бялелася ўвечары сукеначка між дрэў у садзе, затое бесперач стаяла ля сіняга плота карэта пад доктара. То завазіла, то прывазіла, а палёгкі ніякае няма. Перабывалі з горада ўсе дактары, то ездзіў адзін, то потым другі, а ўрэшце і ўсе разам, тры ці чатыры сабраліся, а рады не могуць даць ніякай.
   Схудзеў прафесар, аблахмаціўся, вочы ў яго ўваліліся, гаруе бедны, як не плача пры людзях. Лячыў, лячыў дактарамі і прыждаў таго, што ўсе дактары ў адзін голас зусім яго абезнадзеілі. Хоць нічога яму страшнага не казалі, але відаць па іх, што чакаюць канца і як бы дзівяцца, чаму хворая так доўга не даецца смерці.
   Хадзілі да яго і нашы бабы-шаптухі са сваімі радамі, ды ён і слухаць іх не хацеў, нават з старою паняю за іх пасварыўся. Няўцям гэта было людзям: казкі ж простыя слухаць любіў, чаму ж, думалі, не хоча спрабаваць простыя рады? Бывае ж, – памагае.
   Тым часам адбіў ён тэлеграму ў Пецярбург найлепшаму доктару. Прыехаў якраз на самага Спаса. Пастукаў, паслухаў, паківаў галавою, як пераказвала пакаёўка, ды і развёў рукамі таксама, як і тутэйшыя дактары: няма надзеі. Купіў у Хаіма-рандатара пяць пудоў ранніх медунічак з панскага саду і паехаў назад у Пецярбург.
   Хворая ссохла, збялела, знядужала ў канец: адны косці, абцягнутыя тоненькаю скураю. I што ёй такое было, хто ведае: то гарачка паліць, як агнём, за сорак градусаў даходзіць, то асцюдзянее ўся, аслабне і так самлее, што вось-вось сканае нешчаслівая... Разоў колькі думалі, што і памірае... Старая паня ламае з гора рукі, лямантуе, хапае ў пакаёўкі смяротную свечку, прыступаецца да пляменніцы на вечнае развітанне, пакаёўка і кухарка равуць ад жаласці, а прафесар, забыўшыся на сваю вучонасць, крычыць на іх усіх, гоніць вон, потым абхопіць хворую, сашчэпіць у сваіх абоймах, прытуліць да яе пасохшых грудзей сваю сівую галаву і шэпча, як здурнеўшы: «Не, не, не! Гэтага быць не можа! Ты не памрэш! Ты не памрэш! Я хачу, каб ты жыла. Мы ізноў будзем гуляць вечарамі ў садзе... Мы ізноў будзем гаманіць... А то не, мы кінем гэтае гіблае месца! Мы паедзем у Пецярбург! Паедзем, паедзем... Чуеш, рыбка мая, я не хачу, каб ты памерла, ты не памрэш, не! не!! не!!!» А ў самога вочы гараць, барада трасецца. I хворая, быццам паслухаўшы яго, патроху кране вачыма, пачне дыхаць. I так гэта ўсё жаласна, што глядзець, – сэрца кожнаму сціскаецца болем.
   Пакаёўка Аўгення была сірата і мела толькі аднаго дзядзьку, таго самага пастуха Якіма, што, бывала, пану казкі плёў і так складаў розныя небыліцы. Яна часам бегала да дзядзькі пагаманіць і, вядома, пераказвала, што дзеецца ў панскім будынку. Жаль было Якіму добрага прафесара і яго маладой жонкі. I параіў ён, каб сказала панам зрабіць так: абвязаць хворую сырою ніткаю і кінуць тую нітку на раздарожжы, каб зняла хваробу. Аўгення, вядома, дзяўчына, не сказала старой пані з вока на вока, а бухнула ў сталовай за абедам, калі быў і прафесар. Старая пані і абедаць кінула, хоць якое там з гора і абеданне было! Пасядзяць моўчкі за сталом, цяжка ўздыхаючы, паглядзяць са смуткам на стравы і пойдуць, нічога не з’еўшы.
   – Зрабіце так, зрабіце, пан прафесар! – кажа старая. – Зрабіце, калі вам дорага мая Вольгачка.
   А Вольгаю звалі хворую.
   Прафесар за час хваробы жонкі зрабіўся апрысклівы, гняўлівы...
   I тут загневаўся:
   – Я чалавек навучны, а вы мне дурніну такую кажаце.
   – Пабойцеся вы Бога, пане прафесар, з сваёю навукаю, – аж дрыжыць і слёзы абцірае старая пані. – Што вам даражэй: ваша навука ці... ці... жыццё... жыццё Вольгачкі?..
   I вось прафесар паказаў сваё каменнае навучнае сэрца. Гаворыць так:
   – Навука сказала сваё слова, і я веру ёй, а не вашым забабонам.
   Паня і Аўгення аж вочы ў страху на яго вытрашчылі. I ён, мабыць, сам спалохаўся таго, што сказаў. Затросся ўвесь, застукаў кулаком па стале, закрычаў, як не ў памяці:
   – Веру, веру, веру! Але не хачу гэтага, не хачу, не хачу, ой не хачу! – Потым схапіўся рукою за горла, завыў і бразнуўся на стул. Адлілі яго вадою, валяр’янавых капак выпіць далі, пагразілі, што хворая пачуе яго крык. На тым размова скончылася.
   Тую ноч была радоўка пільнаваць хворую прафесару з Аўгенняю, бо так хворая настоіла, каб адну ноч старая паня з кухаркаю, а другую ноч яны былі б пры ёй. Толькі ўсё роўна прафесар штоночы амаль не адхадзіў ад яе ложка, адно што не ў сваю радоўку стараўся не быць на ваччу ў хворай і сядзеў у сумежным пакоі.
   К гэтай ночы хворая зусім струхлела. Гарачка адпусціла бедную, дык ляжала выцягнуўшыся, як доўгі шкілет, сіняя, непарушная.
   Цеміць прафесар, што смерць у пакой увайшла. Цеміць і з галавы сходзіць. Сатне зубы, абхопіць галаву рукамі і сядзіць, пахінуўшыся да кален, у крэсле.
   Калі хворая задрамала трошкі, выйшаў ён на мысічках у другі пакой і давай штосьці шаптаць.
   Прыслухаецца Аўгення і чуе, што ён спамінае ўсё то жонку, то навуку.
   Расчыніў акно, глядзіць у сад і ўсё шэпча сам з сабою.
   Жніўныя ночы ў нас дужа прыгожыя, асабліва, як дзе дрэвы лісточкамі ў цемні варушаць. Цёпла, ціха, там-сям зорачка блісне, з поля, дзе жыта пажатае, прыемны супакой так і плыве ў душу. I антонаўкамі прыемна пахне...
   – Спіць? – шэптам спытаўся прафесар у Аўгенні і, убачыўшы, як кіўнула галавою, выйшаў у сад – прахаладзіцца ці хто ж яго ведае чаго.
   «Каб яшчэ не зрабіў сабе ад гора чаго ліхога», – памысліла Аўгення і прыхінулася ля акна, каб ад хворай далёка не адхадзіць і дасачыць, ці ходзіць ён па дарожцы ў садзе.
   Ціша панавала ўва ўсім будынку і садзе, потым гадзіннік празваніў адзінаццаць ці дванаццаць, дзяўчына добра не злічыла, і ізноў усё чыста сціхла, толькі пясочак скрыпае пад нагамі ў прафесара – чуваць у акно.
   Слухае Аўгення і пачала патроху разбіраць, што там шэпча з гора чалавек.
   – Вольгачка, Вольгачка, ты і навука – усё жыццё маё. Ты, – кажа, – ахарашыла для мяне навуку, а без цябе і навука ні ўва што.
   Потым раздумаўся, памаўчаў дый кажа, быццам няўмысля лютуючы сябе.
   – Не, – кажа, – навука вышэй за цябе, навука вышэй за ўсё, і без навукі мне было б нудна нават з табою, хоць ты адна і найлепшая для мяне ўва ўсім свеце. I ты памрэш, і я памру, а навука не павінна памерці і здрады не павінна цярпець.
   «Божухна-Бацюхна! – памысліла дзяўчына. – Не любіць ён жонкі, усе мужчыны такія: то халяруе ад кахання, то гатоў за якуюсьці навуку на смерць жонку аддаць».
   – Памрэш ты, Вольгачка, – шэпча ён далей, – і застанецца мне адна пацеха – навука мая. Дык ці ж магу абразіць яе забабонамі? Гэтая нітка – знявага для навукі і для майго імя.
   I шмат чаго яшчэ казаў здурнелы ад гора прафесар, што і зразумець не магла Аўгення. Адно ўцяміла, што яму хочацца зрабіць так, як казаў яе дзядзька Якім, але чамусь сорамна яму рабіць тое.
   – Тут, – кажа, – справа не ў нітцы і не ў забабонах, а ў здрадзе навуцы, якую любіў, калі яшчэ і Вольгачкі не любіў. – Няўжо ж, – кажа, – магу я напляваць на сваю веру?
   «I якая тут вера ў яго, – мысліць дзяўчына, – калі нават папа прывезці спавядаць жонку перад смерцю і то не дазволіў старой пані, – антыхрыст стары!»
   Аж раптам чуе яна: затупаў пан нагамі па зямлі, як няўдалы дзіцёнак, потым кінуўся за дрэва і давай калаціць яго на ўсю сілу, давай трэсці.
   Хацела бегчы дзяўчына па старую пані, ды ад страху прыліпла к сценцы, думае сабе: «А што, як сапраўды здурнеў і паляціць сюды біцца? Вялікі, здаровы – задавіць насмерць». А ён калаціў, калаціў дрэва, адпусціўся і ціха, але жудасна, аж скура стыгне, зарагатаў:
   – Пляваць мне на цябе, навука, калі ты бяссільная!
   Сціх і ідзе ў пакоі, а тым часам Аўгення шмыгнула да хворай і млее там: што гэта будзе? Хворая ж ляжала, як мярцвяк. «Можа, і памерла ўжо?» – паглядае на яе дзяўчына і баіцца падысці.
   Тым часам прыблізіўся на мысічках прафесар, прыхіліў да жончыных грудзей галаву, паслухаў.
   – Дыхае, – шэпча Аўгенні і ківае да сябе пальцам, гукае Аўгенню за сабою. Як выйшлі, пытаецца: – Ці няма ў цябе, Аўгінка, пад рукою якой нітачкі? Буду паперы разбіраць у кабінеце, трэба звязаць у пачкі.
   Зразумела яна, на якую патрэбу просіць нітку і зараз збегала ў сваю каморку, прынесла.
   – Ну, галубка, ідзі троху паспі, – сказаў ёй прафесар, – я пакуль што адзін пабуду, а як трэба, дык узбуджу.
   Пайшла Аўгення, а троху пачакаўшы, дасачыла з-за вушака: абвязвае наўчоны прафесар хворую жонку ніткаю. Абвязаў, асцярожненька прапусціўшы пад ногі і пацягнуўшы вышэй пад тулава, потым пацалаваў жонку ў лоб, пераксціў (чаго ніколі, ніколі раней не рабіў) і з ніткаю ў руцэ паціхеньку выйшаў у сад.
   Аўгення сцяміла, што ён пабрыў за сіні плот на раздарожжа, і была дужа рада.
   Калі ён вярнуўся, дзяўчына паіла хворую пані вадою з узбітым бялком і віном.
   – А я трошкі прагуляўся, – вінавата, але спакойна і радасна казаў прафесар, – ах, якая прыгожая ноч, дрэвы спяць і скрозь сон варушаць лісцейкам... Ну як ты сябе чуеш, рыбка мая?
   – Як бы лепей... – усміхнулася яму хворая цянюсенькімі вуснамі і раскрыла вочы.
   – Чамусь мне верыцца, рыбка мая, што ты з гэтае начы пачнеш папраўляцца... У цябе сягоння быў крызіс. Вось пабачыш, рыбка!
   – Мне лепей... чую, што лепей! – парадавала мужа хворая і пацягнула худзенькую, васковую ручку, каб пацалаваў: – Цяпер ідзі спаць, мой любы.
   Назаўтра Аўгення збегала да дзядзькі і сказала, што пан такі даўся з сваёю навукаю. Усе людзі з надзеяй чакалі паляпшэння хворай.
   Але не магла памагчы навука, – не памаглі і забабоны. На трэці дзень хворая сканала.

Похожие статьи:

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Літоўскі хутарок. ГДЗ

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне. ГДЗ

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне

Максім ГарэцкіАпавяданні Максіма Гарэцкага ранняга перыяду ("Роднае карэнне", "Літоўскі хутарок")

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Рускі