Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кандрат Крапіва - Хвядос — Чырвоны нос

   Паэма «Хвядос — Чырвоны нос» вызначаецца шматпраблемнасцю, багаццем падзейнага матэрыялу, ускладненасцю ідэйна-маральных вывадаў. Адметная яна і незвычайнай сюжэтна-кампазіцыйнай будовай. Дзеля больш эфектнага прасвятлення сваёй мастацкай задумы аўтар прыбягае да чыста ўмоўнага прыёму — перанясення падзей у розныя часавыя вымярэнні. Гонар патрапіць у своеасаблівую машыну часу атрымаў галоўны герой паэмы Хвядос, які так зацята і самааддана змагаўся з алкаголем, што аднойчы не вытрымаў і «паў на полі брані». Паколькі ж у крыві яго аказалася дзевяноста тры працэнты спірту, вырашылі пакласці нябожчыка ў шкляную труну-скрыню і змясціць у музей як наглядны экспанат для антыалкагольнай прапаганды. Само сабою зразумела, што муміфікаваць Хвядоса аўтару спатрэбілася дзеля таго, каб менавіта яго вачыма паглядзець на Беларусь будучага. Роўна праз сто гадоў — у 2030 г. — стараннямі геніяльнага вучонага Набгараты чырвананосы музейны экспанат уваскрос, каб трапіць у проста-такі казачны свет новай беларускай рэчаіснасці. На кожным кроку здзіўлялі да бянтэжнасці беднага Хвядоса праявы тэхнічнага і духоўна-культурнага прагрэсу. Гарманічна прыгожы люд насяляе краіну, бо зніклі ўсе фізічныя і маральныя недахопы, а разам з імі розныя перажыткі і забабоны. Зямны рай, як і трэба было чакаць, не выклікаў у душы героя асаблівага энтузіязму, ён не здолеў прыжыцца ў новых, сумнаватых для яго рацыяналістычных умовах, таму быў змешчаны ў музей карыкатур. На гэты раз экспанатам жывым. Апісанню гэтага музея аўтар выдзяляе не дужа многа месца. Але нават беглага позірку дастаткова, каб зразумець, што гэта ніякі не музей і ніякіх не карыкатур, а самая звычайная рэчаіснасць пачатку 30-х гадоў, намаляваная з такой грамадзянскай смеласцю і мастацкай выразнасцю, на якую былі здатны ў той суровы час не многія. А хіба шмат хто з яго калег-пісьменнікаў асмельваўся на такую — адкрыта рэзкую крытыку бюракратычнага стылю кіраўніцтва, перагібаў у правядзенні калектывізацыі, як у паэме? Думаецца, не толькі цімкавіцкаму «правадыру» рабілася непамысна ад чытання наступных радкоў: «Лозунг кінуў ён такі: «Ці калгас, ці Салаўкі». I пайшлі, прасіцца сталі ўсе з мястэчка да душы: «Дзядзя, мілы, запішы». А такіх радкоў у паэме нямала, і яны прыдаюць ёй выразнае гуманістычнае гучанне.
   Побач з гэтым не абыйшлося і без творчых накладак. Прынамсі, не ўсе сатырычныя выпады, якія зрабіў паэт у адрас канкрэтных людзей, аказаліся справядлівымі, не ўсюды хапіла яму празорлівасці, каб ацаніць сапраўдную сутнасць пэўных фактаў і падзей. Затое яму хапіла мужнасці прызнаць сваю няслушнасць, выкасоўваючы з паэмы пры пазнейшых перавыданнях сатырычныя філіпікі ў адрас Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Гарэцкага, Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі і іншых. Такая мадэрнізацыя твора — суверэннае права аўтара, хоць абавязковасць яе не ўяўляецца абсалютнай. Быў пэўны час, была зацятая літаратурная барацьба, палеміка, і ніхто не застрахаваны ад зрываў у няслушнасць, абумоўленых не палітыканствам, а гарачлівасцю спрэчак. А час і сапраўды быў складаны, пра што ўскосным чынам можа сведчыць экіпіроўка аднаго з вядомых літаратурных крытыкаў: «Пачакайце... — сумняваецца Хвядос. — Стойце... Годзе... Нешта цямлю я пагана... Ну, а як жа Бэндэ ходзіць? I няўжо ён без нагана?». Такія дэталі красамоўна характарызуюць некаторыя моманты літаратурнага жыцця Беларусі канца 20 - пачатку 30-х гадоў.
   Што ж датычыцца ўсведамлення паэтам перспектыў сацыяльна-культурнага развіцця Беларусі, яе будучыні, дык асаблівага аптымізму наконт гэтага ў паэме не прачытваецца. З тым, што тэхнічны прагрэс магчымы і патрэбны, аўтар пагаджаецца. Але яму яўна недаспадобы уніфікацыя моў, культур, чалавечай асобы. Хвядос рвануўся ў старое жыццё не з-за сваёй распушчанасці — новае здалося яму бяздушным.

Похожие статьи:

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва - Махальнік Іваноў

БиографииКандрат Крапіва

Кандрат КрапіваІдэйная накіраванасць камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім"

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках