Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Андрэя Федарэнкі

   У сучаснай беларускай прозе, моцнай сваёй "сялянскасцю" ("вясковасцю"), сталае месца займае творчасць Андрэя Федарэнкі. Ён з тых пісьменнікаў, якія добра сябе пачуваюць у традыцыйным майстэрстве прыгожага пісьменства. Яно праяўляецца ў абвостранай увазе да самых штодзённых і простых праяў жыцця, да падрабязнасцей, дробязей, прыватнасцей чалавечага існавання. Вялікая карціна свету, сутнасць быцця чалавека выяўляецца праз побытавае, выпадковае, тым самым дазваляючы нам убачыць непаўторны, заўсёды індывідуальны свет асобнага чалавечага жыцця.
   А. Федарэнка піша пераважна пра дзень сённяшні, імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогу, спрабуе адчуць пульс сучаснасці. Яго проза ўражвае любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця вёскі і горада, тонкім псіхалагізмам, эмацыянальнасцю і шчырасцю. У творах выразна акрэслены тэмы маральнасці і гуманнасці ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, самаахвярнасці і бескарыслівасці, грамадзянскасці і патрыятызму, шанавання роднай мовы, сваёй гісторыі, нацыянальнай спадчыны продкаў.
   Нарадзіўся Андрэй Міхайлавіч Федарэнка 17 снежня 1964 г. у вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Бацька працаваў калгаснікам, маці – вахцёрам на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, кожны дзень ездзіла з вёскі ў Мазыр і назад. Будучы пісьменнік скончыў васьмігодку, вучыўся ў Мазырскім палітэхнікуме. Працаваў мулярам, бетоншчыкам у будаўнічым упраўленні г.п. Мікашэвічы, на чыгунцы ў г. Калінкавічы, бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі. Затым вучыўся ва ўніверсітэце культуры.
   Яшчэ на пачатку творчага шляху А. Федарэнка цвёрда акрэсліў мастацкую (ды і чалавечую) пазіцыю: "Чым больш я жыву, чым больш чытаю, слухаю і бачу, тым больш пачынаю разумець, што вёска – гэта нешта адзіна сапраўднае, нейкі светлы, разумны куточак у свеце вар’яцтва. І, па-мойму, вёска ўратуе свет, а не нешта іншае".
   З 1980-х гг. творы пісьменніка пастаянна з’яўляюцца на старонках літаратурных выданняў. "Гісторыя хваробы" (1989), "Смута" (1991), "Такое кароткае лета" (1994), "Ланцуг" (1994), "Вёска" (1995), "Салдат" (1996), "Шчарбаты талер" (1997), "Нічые" (2001), "Рэвізія" (2003), "Мяжа" (2009)…
   У аповесці "Гісторыя хваробы" празаік падае складанае і трагічнае жыццё студэнта і паэта Уладзіміра Вяргейчыка, гісторыю яго кахання. Аповесць А. Федарэнкі па псіхалагічных назіраннях за маладым неспакушаным мужчынам, па сутнасці, знаходзіцца на мяжы медыцыны і літаратуры. Паэт Вяргейчык займаецца самакапаннем у сваіх пачуццях і адчуваннях.
   Аўтар аповесці мае рацыю, даўшы ёй назву "Гісторыя хваробы". Пры гэтым робім націск на другое слова. Дарэчы тут будзе ўспомніць прадстаўнікоў французскай школы псіхалагічнага кірунку М. Пруста і Ф. Саган. Думаецца, што А. Федарэнка першым у нашай літаратуры робіць крокі ў такім напрамку.
   Бунт супраць уніфікацыі жыцця напоўніцу гучыць у аповесці "Смута". Празаік паказвае час, калі ў краіне пануе дэфіцыт, псеўдадэмакратыя, хаос. У гімназіі вучні дазваляюць сабе брыдкасловіць, неахайна апранацца, дазваляюць сабе не хадзіць на ўрокі, кажуць дырэктару "ты".
   Многа станоўчых водгукаў прагучала ў сувязі з прыходам да чытача апавядання А. Федарэнкі "Бляха". Жыхары паслячарнобыльскай вёскі (Дзед, Баба, малады выпівоха Віця па мянушцы Бляха) адчуваюць, як змяніўся свет вакол іх. Здзічэлыя сабакі страшнейшыя за ваўкоў, бо пазбаўлены страху нават перад агнём. Прыехаўшы з горада на легкавушцы, малады хлопец сілком забірае свежыну (толькі што старыя з дапамогай Віці закалолі кабана), па дарозе сабакі напалі на хлопца, пагрызлі яму рукі, адабралі мяса. Віця, жадаючы дапамагчы, становіцца ахвярай сабак. Вось такі страшны паслячарнобыльскі сюжэт. За ім – безвыходнасць, адчай. І думка: так жыць людзям нельга, неабходна зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць духоўнага Чарнобыля.
   Назіральнасць пісьменніка-псіхолага дазваляе заўважыць сацыяльныя зрухі ў сённяшнім жыцці вёскі. У апавяданні "Бляха" некалі лепшы гаспадар на вёсцы вымушаны прасіць, прыніжацца перад п’яніцам, злодзеем, турэмшчыкам Віцем, дазваляць таму ляпаць па плячы, а затым і выпіваць з ім. Страшна адкрываць таямніцу – жыццёвую мудрасць, па якой "да вайны, у вайну, пасля вайны – трэба было толькі жыць сабе ціха, нікога не чапаць, зносіць усё маўчком, тады і цябе ніхто не зачэпіць – ні чалавек, ні радыяцыя".
   Этапнай з’явай як у творчасці А. Федарэнкі, так і ў літаратурным працэсе Беларусі стала аповесць "Вёска". Перад зімовай сесіяй галоўнага героя Антона Васкевіча выключаюць з інстытута "за нацыяналізм". Маці ж тлумачыць аднавяскоўцам, што выгналі сына за п’янства. Антону важна давесці маці сапраўдную прычыну, чаму ён вымушаны пакінуць вучобу. Вядомая яшчэ па класічнай літаратуры праблема інтэлігенцыі і народа (прыгадаем Андрэя Лабановіча з трылогіі Якуба Коласа "На ростанях", Кліма Шамоўскага, Архіпа Лінкевіча з апавяданняў М. Гарэцкага) выразна дамінуе ў аповесці. Пісьменнік-псіхолаг паказвае сённяшнюю вёску з праблемамі, якія толькі множацца з цягам часу. Гэта бюракратызм чыноўнікаў раённага маштабу, баўленне часу маладымі ў п’янках, гульнях у карты, будзённых "занятках каханнем"… Нядаўні студэнт неўзабаве як бы "апускае рукі", спрабуе жыць "як усе". Даецца падобнае жыццё яму з вялікімі пакутамі. Нарэшце адбываюцца змены ў краіне – Антона аднаўляюць у інстытуце. Чытач бачыць пасталелага чалавека з выверанымі думкамі адносна свайго жыццёвага прызначэння. Верыцца, што не згубіцца герой у вірлівым студэнцкім жыцці. І жыць, і вучыцца будзе ён з адчуваннем сваёй "вясковасці".
   Адвечная праблема класічнага мастацтва – праблема свабоды, а значыць і праблема адказнасці за ўсё, што робіцца ў свеце. "На яе" пакутавалі героі Дастаеўскага, Талстога, Купалы, Гарэцкага… Васкевіч прыходзіць да высновы: "Дзіўна, але цяпер ясна разумею – я не хачу ніякай свабоды. Яна мне не дае жыць. Не хачу спадзявацца. Як і ў школе, арміі, інстытуце, аж мне хочацца адчуваць на сваёй шкірцы цвёрдую руку, руку, якая дала б зразумець: "Оставь надежду!", тут табе звекаваць…"
   Але многага Антон Васкевіч сабе не дазваляе: пакрыўдзіць школьніцу Наташу ў яе першым каханні, скампраметаваць гонар сына перад жыхарамі роднай Сасноўкі, а галоўнае – беражліва захоўвае чалавечую годнасць. Два гады вучобы ў Мінску, студэнцкае жыццё, зацікаўленасць нацыянальнай ідэяй зрабілі яго назіральным, прывялі да ўмення бачыць жыццё вёскі ў кантэксце вялікага Свету.
   У рэчышчы пошукаў сваёй тэмы, характару ляжыць аповесць А. Федарэнкі "Салдат". Гісторыя сюжэта твора, на жаль, стала "звычайнай" дзякуючы шматлікім публікацыям у перыёдыцы: сумнавядомая "дзедаўшчына" ў нашым войску. Але калі б аўтар вёў мастацкае расследаванне па прынцыпу "як гэта бывае?" і тым самым распавёў яшчэ адну з многіх гісторый прыніжэння чалавечай годнасці ў войску, то пра яе нельга было б гаварыць усур’ёз.
   Бясспрэчна, сучасная беларуская літаратура стала вядомай у свеце дзякуючы пераважна творам на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Вобразы рыцара, воіна, салдата, абаронцы ў мастацтве ідэалізаваліся, паказваліся з німбам услаўлення подзвігу, геройства, сапраўдных мужчынскіх якасцей. Нацыянальная праўдзівасць і сумленнасць літаратуры ў паказе чалавека ў абставінах вайны, пашыраны тэматычны дыяпазон праўды садзейнічалі "падвышэнню" мастацкага ўзроўню твораў. Але паступова ў жыцці і ў літаратуры адбыліся змены. Удзельнікі вайны, сучасныя вайскоўцы, воінскі абавязак страцілі прыцягальнасць ідэалу. Армія перастала ў многім быць школай выхавання мужнасці, а ўдзельнікі апошніх войн бачацца пераважна ахвярамі, а не пераможцамі і асілкамі. Натуральна, адбылася змена эстэтычнай змястоўнасці. Аўтабіяграфічны набытак А. Федарэнкі, служба ў войску выліліся на старонкі кнігі.
   У цэнтры аповесці "Салдат" – характэрная (што, бясспрэчна, засмучае) гісторыя з армейскага жыцця. Пісьменнік адзначае: "Гісторыя была звычайная, якія адбываюцца амаль у кожнай часці, амаль з кожным новым прызывам, і ўсе, ад кампалка Гардзеева з зампалітам Адаманчуком да апошняга радавога ведалі пра гэта. "Дзяды" вучылі "духаў" і "маладых". Разы два на тыдзень іх падымалі пасля адбою, строілі, і яны хорам павінны былі праспяваць: "Дембель стал на день короче, старикам – спокойной ночи!".
   Яшчэ ўчора здольны вучань у школе, любімы сын у бацькоў, адзіны брат меншай сястрычкі, каханы хлопец дзесяцікласніцы Люды – цяпер парушальнік закону, злачынец, якому пагражаюць, на яго думку, пажыццёвая пагарда з боку мужчын, жаночая спагада і шкадаванне. На думку героя Лісіцкага, у яго няма выбару. Ён павінен пакараць (чытай забіць!) крыўдзіцеляў-саслужыўцаў, а наконт сябе і будучыні ў яго пакуль адсутнічаюць меркаванні.
   Вайсковыя начальнікі – людзі, пазбаўленыя далікатнасці, эмацыянальнасці, душэўнасці. Прыехаўшы ў вёску, дзе нарадзіўся і гадаваўся Аляксей, яны збіраюць "кампрамат" на "дызерціра" Лісіцкага (як вучыўся, з кім сябраваў, ці вёў перапіску з замежнымі аднагодкамі і г.д.). Выхад бачаць у двух гадах дысбата і ў так званым перавыхаванні. Маладому хлопцу нічога не застаецца, як самазабойства. Атрымліваецца, што ў зусім мірны час выспявае тэма "грамадзянскай" вайны.
   Набыткі старэйшага літаратурнага пакалення, традыцыі, канцэпцыя часу і чалавека, выпрацаваныя пісьменнікамі пры адлюстраванні чалавека ў крытычна-жорсткіх абставінах, паварочваюцца нечаканым бокам у сучаснай беларускай прозе. Трагізм сітуацыі пераходзіць ва ўнутраны трагізм, калі даводзіцца паміраць, аддаваць жыццё не за Радзіму, народ, свабоду, а проста нізавошта.
   Чаму ж адзін з самых цікавых празаікаў нашага часу А. Федарэнка дае такую назву аповесці – "Салдат"? Аляксей Лісіцкі – салдат, які абараняе права жыць з высока ўзнятай галавой, права кахаць дзяўчыну Люду, чытаць любімыя кнігі, любіць блізкіх… Пакрыўджаны ў лепшых сваіх памкненнях, перажыўшы моцнае прыніжэнне, несправядлівасць, нават безвыходнасць, Аляксей выбірае свабоду жыць па сваіх маральных прынцыпах. А паколькі гэта неажыццявіма, то ён выбірае небыццё. Пісьменнік аналізуе драматызм абставін і характараў напоўніцу…
   Пакутуе ад немагчымасці здзейсніць сваю мару помсты і яшчэ адзін салдат – герой аповесці "Сінія кветкі" – Арцень Холад. Ён – сірата. Пакуль ён служыў у войску, многае змянілася. Цётка, у якой ён жыў да арміі, прыняла прымака. Вяртацца ў цётчыну хату нельга. Дзяўчына, якую кахае Арцень, здрадзіла – выйшла замуж за другога. І Арцень трапляе ў чорную бездань, дзе сінія кветкі з магілы дзеда дапамагаюць яму адпомсціць і прымаку, і нявернай дзяўчыне, і яе мужу-прыстасаванцу. Але зноў наступае чорная бездань. Вяртаецца Арцень да нічога.
   Аповесць "Шчарбаты талер" напісана А. Федарэнкам так, што адразу бачна: на ўсе прыгоды пяцікласніцы Аксаны аўтар глядзіць вачыма дарослага чалавека. Для празаіка дзяўчынка мае з самага пачатку вызначаны статычны характар: няўрымслівая летуценніца і фантазёрка, цікаўная, дзякуючы археолагу бацьку, да гісторыі. Ставіць пісьменнік перад Аксанай і яе сябрамі мэту – адшукаць скарб. Менавіта такога роду прадвызначанасць, запраграмаванасць характараў не спрыяе мастацкасці твора.
   Пошукі эстэтычнай змястоўнасці А. Федарэнкам вядуцца ў традыцыйным рэчышчы гармоніі зместу і формы, у раскрыцці праўды жыцця з гуманістычных пазіцый. Для пісьменніка важная прысутнасць станоўчага героя з цвёрдым маральным стрыжнем, які трапляе ў канфліктную сітуацыю. Станоўчасць характару вызначаецца не ідэальнасцю, "не лепшасцю", а звычайнасцю, тым, што павінна сцвердзіцца ў жыцці як норма.
   "Жорсткі рэаліст і прыхільнік класікі, найперш, відаць, Дастаеўскага, у сцвярджэнні высокіх гуманістычных каштоўнасцей, ён адчувае ў сучасным жыцці пэўную дысгармонію, адсутнасць падстаў для аптымізму. Таму з усіх сіл імкнецца знайсці ў жыцці сучасным, у мінулым, у чалавеку хоць які светлы пачатак, вылучыць і сцвердзіць яго, пераадольваючы драматызм і трагізм сённяшняй вельмі шэрай будзёншчыны. У гэтым сэнсе яго зварот у "Нічыіх" да гісторыі мае як асабістыя, так і агульназначныя прычыны. Асабіста ён шукаў падставы для аптымізму, знайшоў вытлумачэнне сучаснасці – нічые. Прычыны агульныя – пошукі каранёў, нацыянальнай глебы", – такую ацэнку творчасці А. Федарэнкі дае літаратуразнаўца С. Андраюк.
   "Нічые" – гэта ўдалае азначэнне не толькі для тубыльцаў, якія аказаліся – добраахвотна ці пад прымусам – уцягнутымі ў падзеі Слуцкага паўстання. Гэта ўдалае вызначэнне беларусаў наогул – ні рускія, ні палякі… Ні "савецкія", ні заходнія. Нацыя ў вечным пошуку ідэнтыфікацыі… і моцнага пляча. Аповесць "Нічые" – гэта гісторыя Слуцкай брыгады, першага за ўсю нацыянальную гісторыю вайсковага фарміравання, якое прамым тэкстам на ўвесь свет аб’явіла, што будзе абараняць Беларускую рэспубліку, – твор абсалютна самастойны, нечаканы, неадназначны ў нашай літаратуры.
   У творы пісьменнік прапанаваў свой погляд на тое, чаму Слуцкае паўстанне не здолела дасягнуць вялікіх маштабаў, што перашкодзіла беларусам стаць незалежнай народнай рэспублікай. Аўтару аповесці ўдалося паказаць, якімі метадамі бальшавікі наводзілі парадак на Случчыне. Нацыянальная ідэя савецкай уладзе была абсалютна чужой.
   Праз стагоддзе пасля апісаных у аповесці падзей адчуваецца, што баліць душа аўтара за свой народ, за Беларусь, за няздзейсненую мару аб яе нацыянальным самавызначэнні. Пазнаёміўшы з падзеямі славутай беларускай гісторыі, А. Федарэнка прымушае задумацца не толькі над тым, хто яны – беларусы першых паслякастрычніцкіх гадоў – "тутэйшыя" ці "нічые", але і наколькі мы – беларусы?!
   Ідэя беларускасці цесна паяднана з ідэяй волі, незалежнасці, чалавечай свабоды. Аповесць "Нічые" мае сімвалічную канцоўку: "Ён быў вольны. Нарэшце нічый. І амаль шчаслівы…". Шматкроп’е як абяцанне працягу набыцця народам вопыту незалежнасці. Г. Кісліцына сумна заўважае: "А. Федарэнка, у чыёй прозе выяўна адчуваецца наследаванне традыцыям псіхалагічнай прозы К. Чорнага і М. Гарэцкага, – адзін з нямногіх беларускіх аўтараў, якія і сёння, калі літаратурная мода дыктуе лёгкае эсэістычнае насмешліва-іранічнае пісьмо, спрабуюць зразумець глыбіні чалавечай псіхікі. Хоць, як і кожны пісьменнік постмадэрну, ён "асуджаны" на выяўленне катастрафізму, які стаў галоўнай прыкметай сучаснага мыслення, яго творы бліжэй да рэалізму, які засноўваецца на "нязрушнай іерархіі" матэрыялістычнага дэтэрмінізму традыцыйнай для Новага часу маралі".
   Філасофскі раман "Рэвізія" датуецца трыма гадамі: 1987, 1992, 2003. У творы мы бачым схаваныя ад шырокага ведама карціны сходак беларускамоўнай моладзі, што адбываліся ў Мінску, пачынаючы з канца 1980-х гг. На іх, па сутнасці, вырашалася наша нацыянальная будучыня. Амаль напачатку гучыць сакраментальная фраза Ведрыча: "Ён аббег вачыма залю. – Усе ў зборы? Ну, а цяпер сюды не хапае адной невялікай бомбы. І скончылі б з гэтай няшчаснай Беларуссю за хвіліну!".
   Галоўны герой рамана раздвоены і разрэзаны аўтарам на два персанажы – Алеся Трухановіча, студэнта і сябра літаратурнага аб’яднання "Тутэйшыя", які жыве ў горадзе, і Алеся Трухановіча, скалечанага чырвонаармейца, што вярнуўся ў вёску пасля ранення… Адзін жыве ў 1990 г., другі – у 1920…
   Раман А. Федарэнкі "Рэвізія" разгортвае перад чытачамі вобразы нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. Яе заўсёды турбуе стан роднай мовы, лепшыя прадстаўнікі хваравіта ўсведамляюць беларускую годнасць.
   Пачаў пісаць раман А. Федарэнка ў час перабудовы, чарговай хвалі адраджэння, калі маладыя збіраліся разам у Доме літаратара, аб’ядноўваліся ў групоўкі і спрачаліся, як ствараць "новую" літаратуру, бо яе, "новую", патрабуе час. У 1992 г. прыходзіць яшчэ адна хваля абнаўлення літаратуры. Нараджаюцца новыя літаратурныя групоўкі, і пошукі працягваюцца, бо стан грамадства патрабуе мастацкага асэнсавання ў прыгожым пісьменстве.
   Раман "Рэвізія" быў завершаны ў 2003 г. Цікавы і адметны, ён стаў падсумаваннем жыццёвых рэалій пісьменніка і грамадства. Жыць адначасова ў розных эпохах нязвыкла, і, напэўна, у кожнага чалавека ёсць "падазрэнне" аб тым, што жыццё праходзіць у некалькіх іпастасях. Герой з мінулага ў рамане "Рэвізія" Трухановіч марыць дажыць да сямідзесятых гадоў ХХ ст., каб убачыцца, сустрэцца са сваім двайніком, сустрэцца з самім сабою, каб застрахаваць самога сябе, Алеся Трухана, ад памылак.
   У сваім мінулым жыцці Трухановіч не мае права не толькі нешта змяніць, але не можа папярэдзіць ні гібель Янкі Купалы, ні смерць Максіма Гарэцкага, ні Чарнобыль. Такая метафізіка жыцця. І застаецца герою адно – рэвізія… Пасля кантузіі чырвонаармеец Трухановіч не мог успомніць нічога са свайго мінулага жыцця, затое выразна помніў пра другую вайну з немцамі, атамную бомбу, што скінуць амерыканцы на Японію, што выбухне Чарнобыль… Помніў выразна, што ён ужо не Трухановіч, а Алесь Трухан, будзе жыць у Мінску, будзе хварэць, будзе запісваць, што снілася і мроілася. А снілася студэнту-другакурсніку гістфака не сённяшняе жыццё, а даўно мінулае. Як яго, былога чырвонаармейца Трухановіча, выпісваюць са шпіталя, як прыязджае ён з "бацькам" на родны хутар, як жыве там у асобнай каморцы ўвосень 1920 г., як ходзіць у грыбы, і як і ў лесе, і ў сваёй каморцы, на адзіноце, усё часцей і часцей прыходзіць да рэвізіі – самааналізу. Вось у такую незвычайную паралель, такі незвычайны ракурс з мінулага ў будучыню трапляе герой рамана Трухан-Трухановіч.
   Асабліва змястоўнымі ў рамане з’яўляюцца лірычныя адступленні. Менавіта яны дазваляюць чытачу думаць пра аўтара як пра мудрага, дасціпнага чалавека і пісьменніка, якога хвалююць праблемы жыцця і смерці, праблемы мастацтва слова, праблемы роднага краю, яго прыроды, людзей, якія жывуць сярод гэтых лясоў, сярод гэтых паплавоў, дзе бруяцца такія рачулкі.
   Заканамерным працягам "Рэвізіі" ў творчасці А. Федарэнкі бачыцца раман-эсэ "Мяжа". Зноў на першы план выходзяць унутранае жыццё мастака слова, яго ўзаемастасункі з людзьмі на няпростых жыццёвых сцяжынах. Пісьменніку і герою ў адной асобе важна "выгаварыцца", знайсці хоць нейкія арыенціры падчас вялікай паводкі ў нацыянальнай літаратуры. Думкі-разважанні рамана-эсэ, думаецца, сугучныя не толькі аўтару твора, але кожная з іх не раз наведвае творцаў. А. Федарэнка як бы запрашае чытача ў майстэрню пісьменніка, знаёміць з псіхалогіяй творчасці.
   Мэта простая – пераадолець творчы крызіс, спалучыць сімптомы ўнутранага жыцця. "Мы маем мноства прыкладаў, калі, дзякуючы такім споведзям, такому вымятанню сусекаў, падвядзенню нібыта заключнай тлустай рысы пад сваім ранейшым жыццём і творчасцю, у пісьменніка раптам узнікала другое дыханне, з’яўлялася невядома адкуль энергія, і ўжо на іншым, больш высокім узроўні ён пачынаў ствараць новыя мастацкія рэчы", – чытаем "Эпілог ІІІ часткі" з пажаданнем менавіта такога выніковага варыянта аўтару.
   Арыгінальнымі па сваім змесце з’яўляюцца і мініяцюры Андрэя Федарэнкі, аб’яднаныя назвай "Сечкі": "Сечка – 1", "Сечка – 2", "Сечка – 3", "Сечка – 4". Тут усё: і медытатыўныя развагі, і згадкі пра выпадкі з літаратурнага жыцця, і шчымлівыя ўспаміны пра сяброў, і думкі пра родную мову, і прыклады ўжо вядомых афарызмаў пра мову.
   Самому пісьменніку хацелася б, "каб гэтыя мініяцюры былі россыпам маленькіх літаратурных аб’ектыўных знаходак", цікавых і дарагіх аўтару і аднадумцам. Атрымаліся ж, як прызнаецца А. Федарэнка, "нейкія ледзь не ўспаміны. Кожны эпізод нібыта працэджаны скрозь сіта памяці – празаік сапраўды выпрабоўвае яго на сабе, як колісь дактары выпрабоўвалі новыя лекі".
   І вось гэта "непрыдуманая" проза А. Федарэнкі здольна захапіць не менш за яго апавяданні, аповесці і раманы. Яго роздумы над прыродай таленту і літаратурнай моды пазбаўлены рэцэптаў. Пісьменнік шукае адказы на складаныя пытанні.
   Мастак слова А. Федарэнка ў 1990-х гг. актыўна працуе на драматургічнай ніве. Маральна-этычныя праблемы падымаюцца ў п’есе-фарсе "Жаніх па перапісцы". Піша п’есу "Рэпетыцыя" пра школьную рэчаіснасць. Сцэны бяруцца з сучаснага жыцця. Умела выкарыстоўвае прыёмы гратэску, шаржыравання, стварае сапраўды камічна-дасціпныя сцэны. Трывога за страту духоўнай прыгажосці, маральнай чысціні, сапраўднага кахання, жывой душы чалавека гучыць у п’есе "Багаты кватарант".
   У сучасным літаратуразнаўстве з вялікай частотнасцю ўжываецца эпітэт "новы": "новая проза", "новы герой", "новая літаратурная сітуацыя". Павароты да новага з пэўнай перыядычнасцю адбываліся ў гісторыі літаратуры.
   Варта прыгадаць бурапеннасць 1920-х гг., калі маладое пісьменніцкае пакаленне з уласцівым яму максімалізмам імкнулася нарадзіць новую, нябачаную раней літаратуру. Пры гэтым перакрэсліваліся дасягненні класікаў нацыянальнай літаратуры ў галіне псіхалагізму, стваралася проза "радасці".
   Новыя мастацкія вышыні дасягаліся празаікамі пры пэўных умовах. Першая – зварот да самых значных, надзённых пытанняў эпохі. Другая ўмова – паглыбленне ва ўнутраны свет супярэчлівых думак ("дыялектыка душы") і ўчынкаў герояў. Дарэчы, галоўны персанаж твора – не выключны, а часцей не вельмі заўважны чалавек з грамады людзей, але надзелены аналітычным розумам, багатым эмацыянальным дыяпазонам успрыняцця.
   Дасягненні беларускай прозы выраслі на нацыянальным грунце. Псіхалогія народных характараў, іх духоўна-філасофская глыбіня – моцны падмурак лепшых твораў І. Пташнікава, В. Быкава, І. Чыгрынава, В. Карамазава, В. Адамчыка, В. Казько, А. Жука, А. Кудраўца, А. Федарэнкі.
   Праблема псіхалагічнага майстэрства для пісьменніка Андрэя Федарэнкі заўсёды традыцыйна-новая. Яго цікавіць "патаемнае" нацыянальнага характару, спасціжэнне ўнутранай змястоўнасці беларуса на пачатку трэцяга тысячагоддзя. Насуперак песімістычным прадказанням душа і сённяшняга чытача шукае суладдзя, душэўнай і духоўнай гармоніі, мае патрэбу ў пісьменніку-дарадцы, настаўніку. Жыве надзея, што аўтар бачыць і далей, і глыбей, што ён, творца, інтуітыўна раскрые таямніцу Быцця. Практыка мастацкага ўвасаблення ў творчасці А. Федарэнкі спраўджвае надзеі чытацкай аўдыторыі.


Крыніца: Вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне «Гісторыя беларускай літаратуры». Складальнік: Т.У. Ганчарова-Цынкевіч. – Мінск: БДПУ, 2016.

 

Похожие статьи:

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Жаніх па перапісцы

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Пеля

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Шчарбаты талер

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Падслуханая казка

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Бляха