Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Грачанікаў - Трэці сын

Частка першая


1

За даламі,
За лясамі,
За высокімі гарамі
Паміж пушчаў і азёр
Жыў-быў слаўны цар
Пандор.

Мірны цар,
Не ваяўнічы.
І рыбак,
І паляўнічы
Шанавалі, як закон,
Мудрасць царскую
Здавён.

Ён мірыў
Князёў хапужных,
Ён купцоў караў
Бяздушных.   
З простым людам –
Просты быў.
І з суседзямі дружыў.

Але цар той
Справядлівы
У жыцці быў
Нешчаслівы.

І ўздыхаў
Усё часцей,
Што няма ў яго
Дзяцей.

І з надзеяй,
І з дакорам
Пазіраў ён
На Пандору.
Жонка царская
Маўчала
І, як цар,
Сама ўздыхала.
Але вось
Прыйшла пара
Ёй парадаваць Цара.

Цар, як сонца,
Засвяціўся:
Сын нарэшце
Нарадзіўся.
Хай расце   
Шчаслівы ён,
Не спусцее
Царскі трон!

Мала цешыўся
Пандор:
Сын
На трэці дзень
Памёр.

Цар счарнеў,
Як галавешка.
Знікла царская
Усмешка,
Быццам сын
Няшчасны той
У магілу ўзяў
З сабой.

І царыца
Гаравала,
І не ела,
І не спала,
Днём і ноччу,
Як магла,
Слёзы горкія
Ліла.

Ці ты ў міласці
У неба,
Ці цяжкі твой
Лёсу дар –
Толькі жыць
На свеце трэба
Ці прыгонны ты,
Ці цар.

Перанесла
Гэта гора
Сэрца мужнага
Пандора.
Толькі ён
Усе радзей
Стаў цяпер
Прымаць гасцей
І з’яўляцца
Між людзей.

І з надзеяй,
І з дакорам
Пазіраў ён
На Пандору.
А царыца
Ўсё маўчала
І, як цар,
Сама ўздыхала.

Але вось
Прыйшла пара
Ёй парадаваць
Цара.

Цар, як сонца,
Засвяціўся:
Сын жа зноўку
Нарадзіўся!
Хай расце
Шчаслівы ён,
Не спусцее
Царскі трон!

Не нацешыўся
Пандор:
Сын на трэці год
Памёр.

Цар счарнеў.
Як галавешка.
Знікла царская
Усмешка.

Быццам сын
Няшчасны той
У магілу ўзяў
З сабой.

І царыца
Гаравала,
І не ела,
І не спала.

Днём і ноччу.
Як магла,
Слёзы горкія
Ліла.

Ці ты ў міласці
У неба.
Ці цяжкі твой
Лёсу дар,
Толькі жыць
На свеце трэба
Ці прыгонны ты,
Ці цар.

Перанесла
Зноўку гора
Сэрца мужнага
Пандора.

Ды пасля
Такіх падзей
Ён не стаў
Прымаць гасцей
І з’яўляцца
Між людзей.

Збегшы
Ад людскога тлуму,
У пакоях
Думаў думу.

І цяпер быў
Сам не рады
Славе прывіднай
Улады.
Нібы ўпаў
На царскі трон
Таямнічых сіл
Праклён.

Ён напружваў
Зрок і слых:

Дзе ад сіл тых
Ёсць прытулак?
Як пазбавіцца
Ад іх,
Дзе ад іх
Знайсці ратунак?

– Што з царом? –
Часцей пыталі
Асмялелыя князі.
Ды прыдворныя маўчалі,
Быццам тлустыя
Язі.

Знаючы,
Што цар іх чахне,
Што зрабіўся
Сам не свой, –
«Цар наш
Доўга не працягне», –
Балбаталі між сабой.

Так заўсёды:
Царадворцы
Да пары,
Як мышы ў норцы,
Паслухмяныя сядзяць
І цару
У рот глядзяць.
А як толькі
Цар слабее
Ці знянацку захварэе, –
Кожны
Цягнецца да трону
І прымервае
Карону.

Праўда,
Вабная карона
Розуму не дасць,
Павер,
Хто дурны, нібы варона,
Або злы,
Як дзікі звер.

І князі,
І царадворцы –
Найвялікшыя
Прытворцы.
І грызуцца
Пры двары,
Як шалёныя
Звяры.

Пад сябе ўсё
Ціхай сапай
Заграбаюць
Бруднай лапай.
Кожны іншым
Хоча правіць,
Прад царом
Яго зняславіць,
Хоча кожны
З плеткара
Быць дарадчыкам
Цара.

Гэта ўбачыў
Цар Пандор,
Калі сын другі
Памёр,
Калі цар
Уцёк ад тлуму
І ў пакоях
Думаў думу,
Калі сам ён
Стаў не рады
Славе прывіднай
Улады,
Нібы ўпаў
На царскі трон
Таямнічых сіл
Праклён.

Цар у царстве
Не ўладарыў.
Дзень і ноч
Пра сына марыў.
І з надзеяй,
І з дакорам
Пазіраў ён
На Пандору.
А царыца
Ўсё ўздыхала
І сама, як цар,
Маўчала.

Але вось
Прыйшла пара
Ёй парадаваць
Цара.

Цар, як сонца,
Засвяціўся:
Сын жа
Зноўку нарадзіўся!
Хай расце
Шчаслівы ён,
Не спусцее
Царскі трон!
 

2

Толькі ўжо
На гэты раз
Не чыталі
Царскі ўказ.
З крапасной сцяны
Гарматы
Люд не клікалі
На свята.
Нават царская
Дружына
Не спявала
Ў гонар сына,
Не мачылі
Каўняры
Царадворцы
На піры.

Не на пір
І не на свята
Цар
Паклікаў у палаты
Знакамітых
Мудрацоў,
Знахароў
І вешчуноў,
Зоразнаўцаў –
Астралогаў
І пустэльнікаў –
Нябогаў.
Збоку
Дзіўных тых гасцей
Сеў сам царскі
Чарадзей.

Цар глядзіць
На іх варожа,
І натоўп прад ім
Маўчыць.
Кожны з іх,
Напэўна, можа,
Як нашэптвалі
Вяльможы,
Зноў малога
Загубіць.

Ці ж не лепей
Марнатраўцаў
За глухой сцяной
Палаца
Ці павесіць,
Ці ўтапіць?

Калі есць у іх
Дар божы
Ход таемных сіл
Спазнаць, –
Нехта ж з іх,
Напэўна, можа,
Можа сына
Ўратаваць!

Так падумаў Цар
Пандор,
З твару
Пот гарачы сцёр
І ў натоўп
Пытанне кінуў:
– Што ў жыцці
Чакае сына?

– Што царэвіча
Чакае? –
Мусіў цар
Зноў паўтарыць.
Ды прад ім
Сцяна людская,
Як халодны лёд,
Маўчыць.

О, вялікі,
Мудры цар!
Сонцалікі
Уладар!

Хто асмеліцца,
Адкажа,
Лёсу вузел
Хто развяжа?
Чалавечы
Ткуць наш лёс
Сілы тайныя
Нябёс.
І да самай да магілы
Нас праводзяць
Тыя сілы, –

Забубнеў цару
Мудрэц.
– Ёсць пачатак
І канец
Усяму
На гэтым свеце.
Па біблейскай жа
Прыкмеце
Будзе жыць
Царэвіч,
Правіць,
Царства нашае
Праславіць,
Царства
Слаўнага Пандора,
Неабсяжнае,
Як мора.

Толькі ён
Між берагоў
Не міне
Крутых валоў...

– Досыць! –
Цар яму сказаў.
– Сам я гэта
Прадчуваў!

І прыдворныя
Васалы
Мудраца
Пагналі з залы.
 

3

– Хто яшчэ
Сказаць з вас хоча? –
Цар узняў
На служкаў вочы.
Ды скіроўвалі
Нябогі
Позіркі
Сабе пад ногі.
І глыбей
У калатнечы
Голавы
Уціскалі ў плечы.
І з натоўпу
Да цара
Выпіхалі знахара.
На калені
Упаў ад страху
Прад царом той,
Як на плаху.

– О, вялікі Мудры цар,
Нашых лёсаў уладар
О, святлейшы,
І мудрэйшы,
І магутнейшы
З цароў!
Нас усіх
Бальзамам лепшым
Лечыць
Царская любоў!

І на сушы,
І на моры,
І ў балотах,
І ў лясах
Чалавек
Заўсёды хворы,
І хвароба гэта –
Страх!

Ды ад гэтае хваробы,
Што выкручвае
Вантробы,
Тушыць розум,
Глушыць слых,
Дзе знайсці нам
Зёлак тых?
Кожны з нас
Па-свойму лечыць
Страх,
Які ўсіх нас
Калечыць.
Бачыш,
Сам я ўпаў ад страху
Прад табою,
Як на плаху.

О, святлейшы,
І мудрэйшы,
І магутнейшы
З цароў!
Нас усіх
Бальзамам лепшым
Лечыць
Царская любоў!
Нас усіх
Яна нітуе –
І князёў,
І просты люд.
І царэвіча ўратуе
Ад хвароб
І ад пакут...

– Досыць! –
Цар яму сказаў. –
Сам даўно я
Гэта знаў...
І прыдворныя васалы
Знахара
Пагналі з залы.
 

4

– Хто яшчэ
Сказаць з вас хоча? –
Цар узняў
На служкаў вочы.
Ды скіроўвалі
Нябогі
Позіркі
Сабе над ногі.
І глыбей
У калатнечы
Голавы
Ўціскалі ў плечы.
Іх маўклівая
Сцяна
Выштурхнула
Вешчуна.
На калені
Ўпаў ад страху
Прад царом той,
Як на плаху.

– О, вялікі,
Мудры цар,
Лёсаў нашых
Уладар!
Верна я табе
Служыў,
Толькі праўду
Гаварыў.
Раскрываў я
Таямніцы
Духаў злых,
Інтрыг і змоў.
Наша кола ты.
Мы – спіцы.
Сэрца наша ты.
Мы – кроў.

Цяжка мне
Між злых людзей
Прадугадваць
Ход падзей.
Ды чамусьці
З кожным разам,
З кожным днём
Апошнім часам
Стала мне
Яшчэ цяжэй.

Па-над намі
Злыя духі
Ліпка лётаюць,
Як мухі.
Я не сплю,
Іх разганяю.
Прадчуваю:
Быць бядзе.

Чорна-ліпкая
Іх зграя,
Нібы хмара,
Ўсё расце.
І мае не могуць
Чары
Больш сягаць
За тыя хмары.
Бачу: навакол
У свеце
Павукі
Свае ткуць сеці.
Бачу:
На чаротным глеі
У клубкі
Звіліся змеі.
Чую:
Па лясных завалах
Выюць
Лютыя шакалы.
Перапоўнілі
Дубровы
Крыкам
Жудасныя совы.
Хоць яшчэ
І карагодзіць
Зграя брыдкая
Пачвар,
Бачу:
Сонца узыходзіць,
О, вялікі,
Мудры цар!

Хоць плыве
Над царскім родам
Сіл атрутлівых
Куродым, –
Царскі сын
Цара усцешыць,
Славы царскай
Грымне гром.
О, святлейшы,
І мудрэйшы,
І магутнейшы з цароў!
– Досыць! –
Цар яму сказаў. –
Сам я гэтага чакаў!..
І прыдворныя васалы
Вешчуна
Пагналі з залы.
 

5

– Хто яшчэ
Сказаць з вас хоча? –
Цар узрушана
Ўзняў вочы.
Ды скіроўвалі
Нябогі
Позіркі
Сабе пад ногі.
І глыбей
У калатнечы
Голавы
Ўціскалі ў плечы.
Іх маўклівая
Аблога
Выціснула
Астралога.
На калені
Упаў ад страху
Прад царом тым,
Як на плаху.

– О, вялікі,
Мудры цар,
Царства слаўнага
Ўладар!
З нас ніхто
Не мае сіл,
Каб парушыць
Ход свяціл.

І цяперашні
Іх ход
Абяцае нам
Прыплод
У лясах,
Палях,
Азёрах,
І на рэках,
І на морах.
Па зямлі
І па вадзе
Добры час
Да нас ідзе!

Будзем добры
Мець нажытак.
І ад шчасця
І дабра
Будзем славіць
Мы адкрыта
Мудрасць
Нашага цара.

Ён з усіх краёў
На свеце
Прыме важкія дары.
Ваяўнічыя суседзі
Папрыціхнуць
Да пары.

Як царэвіч
Нарадзіўся,
То ў шчаслівы
Гэты міг
Небасхіл
Амаладзіўся
Зоркай,
Што ярчэй за ўсіх!

І нябеснай
Сферы спевы
Абвясцілі
На ўвесь свет,
Што яму
Пад знакам
Дзевы
Твой выконваць
Запавет.

Справядлівы
І разумны
Будзе ён
Расці, цвісці.
І ў ніякі
Вір бяздумны
Не патрапіць
У жыцці.

І якія
Долі хмары
Шлях ні будуць
Засцілаць, –
Не адступіць
Ён ад мары
Царства наша
Мацаваць.

Працавітых –
Падтрымае,
Трутняў леных –
Пакарае.
І развяжа
Тым ён рукі,
Хто памкнецца
Да навукі.

І не дзеля
Нейкай славы
Ці вядомасці якой, –
Будзе ўсе
Вяршыць ён справы
Дзеля радасці
Людской.

Доля царская –
Цяжкая.
Цар!
Змахнеш і ты слязу,
Як царэвіч
Пакахае
Раптам
Дзеўчыну-красу.

А каханне
Разгарыцца,
То шчасліваю парой
Небасхіл
Пазалаціцца
Яркай зоркаю
Другой.

Давядзецца
Той дзяўчыне
Шмат на свеце
Перажыць.
Царскі ж род твой
Не загіне,
У вяках
Ён будзе жыць!

– Досыць! –
Цар яму сказаў. –
Сам я гэта
Прадчуваў...
І прыдворныя васалы
Астралога
Згналі з залы.
 

6

– Хто яшчэ
Сказаць з вас хоча? –
Цар усцешана
Ўзняў вочы.
Ды скіроўвалі
Нябогі
Позіркі
Сабе пад ногі.
І глыбей
У калатнечы
Голавы
Ўціскалі ў плечы.

Пэўна, быў
Надзвычай мужны
Той пустэльнік недалужны,
Што не ўпаў
У ліпкім страху
Прад царом,
Нібы на плаху.

Добра ведаў
Цар Пандор,
Што ў адной
З глухіх пячор
Шмат гадоў
Жыве адзін
Знакаміты
Княскі сын.

Быў раней ён
Воін смелы,
З сеч заўжды
Выходзіў цэлы.
На далёкіх рубяжах
Наганяў
На хціўцаў страх.
Мацавалася дзяржава:
Княжыча мацнела слава.
І драпежны
Ведаў вораг:
Ён сухім трымае
Порах.

Ды падрэзала
Бяда,
Як прыбыльная вада,
Неяк
Княжыча ў паходзе.
Пакуль крэпасць ён
Узводзіў,
Вестка
Страшная прыйшла:
Бацьку
Смерць ужо знайшла.
Пакуль ён
Узводзіў вежы,
Пераходы і масты, –
На далёкім Узбярэжжы
Два загінулі
Браты.
А калі
Назад вяртаўся,
Зноўку
З горам пастрачаўся:
Тую,
Што назваў ён мілай,
Выдавалі
Замуж сілай.
І нявеста
На вяселлі
Выпіла
Атруту – зелле...

Сумны княжыч
Абышоў
Добрых вояў-малайцоў,
Кожнага
Абняў, як брата,
З кім дзяліў
Трывог багата.

Залатое
Зняў сядло
З каня варанога.
І спахмурнела
Чало
Князя маладога.
Папрасіў
Свой меч падаць.
З ім
Не знаў ён страху.
І загнаў
Па рукаяць
У зямлю
З размаху.

Пахіснуўся
І пайшоў
У журботнай зморы.
І прытулак свой
Знайшоў
У глухой пячоры.

Там адзін
Застаўся жыць,
Як пустэльнік горкі
А ягоны
Меч стаіць
І цяпер
На ўзгорку.
Хоць ахвотнікі былі
Мячом завалодаць,
Але выцягнуць
З зямлі
Аніяк не могуць.
Падкрадаліся
Ўначы
Царскія паслугачы,
Злодзеі ліхія,
А краналі толькі
Меч, –
Галава
Ляцела з плеч
У палыны густыя.

Чуткі йшлі,
Нібы пажар,
Хвалявалі чуткі:
Меч той
Толькі гаспадар
Можа ўзяць
У рукі.

Толькі
Гэты гаспадар
Так змарнеў
Ад мукі,
Што не змусіць
Нават цар
Меч узяць
У рукі.
 

7

– Цар!
Ты выслухай мяне,
Потым
Можаш запярэчыць,
Можаш верыць мне
Ці не:
Слова шчырае
Нас лечыць.
Княскі род наш
Апусцеў.
І навошта
Я ўцалеў?
Шмат гадоў
Жыў я ў пячоры,
Адзінотны
Ў горкім горы.
Разганяў я
Чорны сум
Несціханай
Плынню дум.
І чаму
Наш род
Радараў
Так бязлітасна
Ударыў
Лёс,
Нас зрэзаўшы
Пад корань?
Я адзін,
Бы ў полі воран!

Сотні год,
Як род
Радараў
На сваёй зямлі
Ўладарыў.
Я апошні ўжо Радар...
Ці мяне ты чуеш,
Цар?
На далёкім
Узбярэжжы
Мацаваў я
Царства межы,
Я крыві
Не шкадаваў,
Каб род царскі
Працвітаў,
Каб магутнела
Дзяржава,
Каб расла
Дзяржавы слава.
І браты,
І бацька мой
Заплацілі галавой
За нярушнасць
Рубяжоў.
Годзе
Праліваць нам кроў!
І пакуль
Мы ваявалі,
Пры двары
Паслугачы
Усе скарбы
Расцягалі
Ў свае гнёзды,
Як сычы.
Ласкай царскаю
Прыгрэты,
Захапіўшы
Ўсё дабро,
Царадворцы-караеды
Царству
Выелі нутро.
І жывуць яны,
Жыруюць,
І з-пад царскага
Крыла,
Як цецерукі,
Такуюць
Каля сытага стала.
Змалку песцяць
Родных дзетак.
Не!
Не шлюць іх ваяваць!
Калі далей
Пойдзе гэтак –
Стане царства
Адміраць.
Стогнуць людзі
Ад парадкаў,
Стогнуць людзі,
Не паны,
Стогнуць людзі
Ад падаткаў,
Стогнуць людзі
Ад вайны.
Пляце
Лапці жабраковы
У галечы
Просты люд.
А паны –
Інтрыгі, змовы
Плятуць тайна
Там і тут.
Калі пойдзе
Далей гэтак –
Міжусобіцы паноў
Родны вынішчаць
Палетак,
Што ім ліць
Чужую кроў!
Ходзяць чуткі,
Ходзяць слухі,
Што твае
Прыдворцы-слугі
Тых,
Хто голас уздымае,
Ім ідзе наперакор, –
Як раз’юшаная
Зграя,
Іх трыбушчаць,
Непакор.
І табе
Кажу я, цар,
Я, апошні князь
Радар:
Каб твой сын
Не стаў ахвярай
Царадворцаў-плеткароўі
Не карай
За праўду карай,
Не цурайся
Шчырых слоў!
Табе вусны
Мажуць мёдам,
Каб, як воск, ты
Размякчэў.
Будзь жа ў згодзе
Ты з народам,
Будзь жа смелы,
Нібы леў!

Ты наслухаўся
Замнога
Слоў
Ліслівых вешчуноў,
Што ў царэвіча
Дарога
У жыцці
На сто гадоў.
Толькі гэтыя
Прарокі
Аднаго не могуць
Знаць:
Дзе спадманныя
Парогі
Па рацэ жыцця
Ляжаць?
Як яму
Ў жыццёвай лодцы
Праз гады
Спакойна плыць,
Калі ўсім князям
У глотцы
Косткай
Царскі род стаіць?
Ці мяне ты чуеш,
Цар?
Гэта я кажу,
Радар!

Я параіў бы
Цару,
Слаўнаму уладару,
Што зрабіць
І што прыняць,
Сына
Каб уратаваць.
На заходнім
Узбярэжжы
Мацаваў я
Царства межы.
Есць там
Возера адно.
Між балот,
Лясоў дрымучых,
Між крыніц,
Жыўцоў гаючых
Захавалася яно.
А на возеры –
Гняздзечкам
Востраў ёсць,
Рачулка-рэчка.
Там жыве
Прыроды сын,
Мне знаёмы
Селянін.
Трох сыноў
Магутных мае,
Варту моцна ён трымае.
Шмат і рыбы там,
І дзічы.
Ён – рыбак
І паляўнічы,
Мужны воін
І араты.
Ёсць у замку там
Палаты,
І на ўзгорку
Вежа ёсць.
Каб няўзнак
Чужынец-госць
На рабунак
Не папёр –
Там сыны
Нясуць дазор.
Ёсць і радасці
Прычына
У суровасці жыцця:
Зноў у жонкі
Селяніна
Нарадзілася дзіця.
Раю я табе,
Пандор,
Пакуль крылы
Не прасцёр
Над царэвічам
Злы рок:
Там расце
Хай твой сынок!
А як пройдзе
Пяць гадоў –
Забяры яго
Дамоў!
Ты заўважыў:
Просты люд
Нас ратуе
Ад пакут,
Ад напасцяў
І нашэсцяў.
Хай царэвіч наш
Нарэшце
Вырасце
Сярод людзей.
Там прыдворны
Ліхадзей
Здрадніцкай
Не мае сілы.
Адрастуць
У сына крылы –
Павяртай
Яго назад,
Будзе ў царстве
Мір і лад!
Будзе сын
Загартаваны
У суровасці
Жыцця.
Зойме трон,
Каранаваны,
Зробіць
Спраў тваіх
Працяг.
І скажу табе,
Пры слове,
Я паехаў бы туды
Толькі пры адной умове,
Каб не выклікаць
Бяды:
Каб ніхто-ніхто
Не ведаў,
Дзе жыве,
Расце твой сын.
І каб назіркамі
Следам
Пасланец твой
Ні адзін
Не вынюхваў
Шлях нядрэмна
На той востраў
Патаемны.
Каб ні ты
І ні царыца
За сямігадовы час
Не з’явіліся дзівіцца
На царэвіча
Хоць раз.

Цар
Насупіўся ў здзіўленні,
Церабіў край барады...
– А як прымеш ты
Рашэнне,
Кліч ізноў
Мяне сюды...
Павярнуўся
І пайшоў
Князь туды,
Адкуль прыйшоў.
 

8

Доўга думаў
Цар Пандор,
Доўга думала
Пандора.
Каб сын трэці
Не памёр,
Каб не стрэла
Зноўку гора, –
Вырашылі
Не чакаць,
Сына тут жа
Перадаць
Князю, мудраму
Радару,
І прынесці
У ахвяру
На пяць год
Спакой, спачын,
Толькі б выжыў
Трэці сын!
І Радар
Парой начной
Знік
За крапасной сцяной.
Свайго вершніка
Не трос
Конь,
Бы знаў, каго ён вёз,
Хто ў Радара
Ля грудзей
Смокча сусла
Ўсё мацней.


Частка другая
 

1

Вось і першы год
Праходзіць,
Цар з дарогі
Воч не зводзіць.
Там,
За цёмнымі лясамі,
За высокімі гарамі,
За шырокімі даламі,
Да прызначаных
Часін
Падрастае
Царскі сын.
І самотная царыца
Сціхла,
Нібы галубіца
Ля сірочага
Гнязда.
Ані вестак,
Ні ліста.
Як там сын?
І што там з ім?
Вочы есць
Маўчання дым.
Замест вестак
Плёткі ёсць:
Меч
Украў
Радараў хтось.
І прыдворныя баяры
У здзіўленні
Крывяць твары.
Можна
Зразумець баяр:
Знік кудысьці
Сам Радар.
І царэвіча малога
У палатах
Не відаць.
Пра яго
Ніхто нічога
Ім не можа расказаць.

Раптам рана
На світанні
Да акенца
Спачывальні
Шызы голуб
Падляцеў.
Бліснуў
Зоркай-агнявіцай,
Разбудзіў
Цара з царыцай,
А пасля
За аканіцай,
Ператомлены,
Прысеў.
Цар з царыцай
Тут жа ўсталі,
Скрутак
З лапкі адвязалі.
Пасвятлеў нарэшце цар:
Вестку ім
Прыслаў Радар.

«Цар!
Твой сын жывы-здаровы,
Сіні вочы,
Чорны бровы,
На тутэйшых
На харчах
Ён расце
Як на дражджах...»
Рады цар,
Царыца рада.
Сум
Нібы рукой змяло,
Быццам у палаты
Свята
Незвычайнае прыйшло.
 

2

Вось другі ўжо год
Праходзіць,
Цар
З дарогі воч не зводзіць.
Там,
За цёмнымі лясамі,
За высокімі гарамі,
За шырокімі даламі,
Да прызначаных часін
Падрастае
Царскі сын.

І самотная царыца
Сціхла,
Нібы галубіца
Ля сірочага
Гнязда.
Ані вестак.
Ні ліста.
Як там сын?
І што там з ім?
Вочы есць
Маўчання дым.
Замест вестак
Чуткі ёсць.
Іх прывёз
Здалёку госць,
Аж з суседняе
Дзяржавы.
Нібы ён
Ля пераправы
На далёкім паграніччы
Чуў:
Хваліўся паляўнічы,
Што на востраве
Глухім
Замак ёсць
І дзіва ў ім.

Двухгадовы
Там хлапчук
Дрэвы сам
Згінае ў крук.

Калі ў возера
Нырне –
Цэлы тыдзень
Праміне,
Ён жа ўсё
Ляжыць на дне,
Затаіўшыся,
Як сом.
Зарагоча –
Нібы гром
Дрэвы ў лесе
Страсяне.

Калі камень
Кіне ўгору,
Свой прымружыўшы
Пагляд, –
Той з нябеснага
Прастору
Тыдні два
Ляціць назад.

Там, на выспе,
Пад аблокі
Ад глухіх
Лясоў узбоч
Замак з вежамі
Высокі
Сам узвёў
За дзень і ноч.

Учарнелі,
Нібы хмары,
Пры двары
Князі, баяры.
– А што, калі...
А што, калі... –
Нібы шэршні,
Загулі.

– А што, калі
Асілак той
На нас абрынецца
Вайной?
Сталі біць
Цару чалом:
– Цар!
Пакуль не грымнуў
Гром,
Пасылай хутчэй
Дружыну,
Каб скарыць
Таго хлапчыну!
Не марудзь,
А пасылай,
Бо асілак –
Скорыць край!

Хвалявала
Крывасмокаў
Не за край трывога,
Не!
Раптам волат
Ад аброкаў
Вызваляць
Людзей пачне!

Без даніны,
Без навару
У свет белы
Нацянькі
І князі,
І ўсе баяры
Пойдуць самі
У жабракі!
А яны –
Не жабраваць,
Звыклі толькі
Панаваць,
Люд палескі
Рабаваць.

Ды і цар
Жыве з аброкаў,
Чэлядзь,
Сытая спаўна...
Цар
Задумаўся глыбока:
Дзе тут праўда?
Дзе мана?

Раптам рана
На світанні
Да акенца
Спачывальні
Шызы голуб
Падляцеў.
Бліснуў
Зоркай-агнявіцай,
Разбудзіў
Цара з царыцай,
А пасля
За аканіцай,
Ператомлены,
Прысеў.

Цар з царыцай
Тут жа ўсталі,
Скрутак
З лапкі адвязалі.
Пасвятлеў
Адразу цар:
Вестку зноў
Прыслаў Радар.

«Цар!
Твой сын
Жывы-здаровы.
А на чуткі
І размовы
Не звяртай
Сваёй увагі.
Поўны сілы і адвагі,
Расцвітае
Твой Пандорка,
Нібы ранішняя
Зорка...»
Рады цар,
Царыца рада.
Сум
Нібы рукой змяло,
Быццам у палаты
Свята
Незвычайнае прыйшло.
 

3

Вось і трэці год
Праходзіць,
Цар
З дарогі воч не зводзіць.
Там,
За цёмнымі лясамі,
За высокімі гарамі,
За шырокімі даламі,
Да прызначаных часін
Падрастае
Царскі сын.

І самотная царыца
Сціхла,
Нібы галубіца
Ля сірочага гнязда.
Ані вестак,
Ні ліста.
Як там сын?
І што там з ім?
Вочы есць
Маўчання дым.
Замест вестак –
Плёткі ходзяць,
Языкі іх злыя
Плодзяць:
Сам Радар
Свой меч забраў,
Сына царскага
Украў
І яго
Кудысьці звёз,
Помсцячы
За горкі лёс,
Царадворцам
І цару...
Гора,
Гора ўладару!

Недзе
Войска ўжо збірае,
Прагне
Сам заняць прастол,
А баяр, –
Намер ён мае, –
Пасадзіць
На вастракол!

Учарнелі,
Нібы хмары,
Плеткары,
Князі,
Баяры.
Сталі біць Цару чалом:
– Цар!
Пакуль
Не грымнуў гром
І над галавой
Не ўдарыў –
Трэба нам
Злавіць Радара!

– Але дзе яго шукаць?
Хто з вас можа
Падказаць? –
Запытаўся
Ў гневе цар.
– Дзе, скажыце,
Князь Радар?

Быў цар грозны.
Рукі ў бокі...
Змоўклі, нібы карасі,
Вешчуны яго,
Прарокі,
І баяры,
І князі.
– Калі самі
Мы не ў сілах
Адшукаць
Яго бярлог –
Трэба,
Каб лясны асілак
Нам у гэтым
Дапамог! –

Тоўсты, лысы,
Як таўкач,
Мовіў нейкі
Паслугач.
– Не, ён нам
Не дапаможа! –
Нехта выгукнуў
З тугой. –
Пакуль вольна
Жыць ён можа,
Ён не стане
Нам слугой!
– Каб з яго
Дзікунства дух
Выбіць,
Як з пярыны пух,
Каб ён стаў
Мякчэй смалы, –
Трэба
Добры мець ланцуг
І з жалеза
Кайданы! –
Трэці выгукнуў
Дарадца
І ў натоўп
Палез хавацца,
Каб адтуль ужо
Дадаць:
– Але як яго
Спаймаць?
 

4

– Я спаймаю,
Зацугляю,
Як здзічэлага
Каня!
Дзе Радар –
Я распытаю,
Заманю яго
Здаля
У такія
Пушчы-нетры,
Дзе жыруюць
Толькі вепры,
Дзе ў клубкі
Звіліся змеі,
Дзе гудуць
Вятры-завеі,
Дзе жывую
Студзяць кроў
Галасы
Паганскіх соў.
А як раптам
Не спаймаю –
Сам ад страху
Там сканае
Непакорны
Князь Радар...
Блаславі ў дарогу,
Цар!

Так сказаў
Сам князь Чарняк,
Хітры, слізкі,
Як слімак.
Быў ён з роду
Чарнякоў,
Што заўсёды
Ля цароў
Прыжываліся,
Як трутні,
Піць вякамі   
З царскай студні,   
Есці
З царскага стала.
Звабнай
Доля іх была.

Толькі з часам,
Самапасам
Выраджаўся
Княскі род,
І драбнеў
Яго прыплод
У нашчадках
З кожным разам.
Гэта бачыў
Цар Пандор.
Яснавідцы
Царадворцы,
Нібы пільныя
Дазорцы,
Падазронасці
Касцёр
Распалілі
Ў Чарняку.
Прад царом ён
У дугу
Гнуўся
І травою слаўся
І з усімі
Распраўляўся,
Хто не ў нораў
Быў яму.
Вось і захацеў
Таму
Знішчыць
Слаўнага Радара,
Чорны ў злосці,
Нібы хмара.
– Што ж, бяры
Сваю дружыну, –
Цар сказаў,
Нарэшце, так. –
Калі хочаш,
Каб пакінуў
Пры двары
Цябе, Чарняк!
Не вяртайся
Без Радара,
Бо цябе
Спасцігне кара!
Род праславіш
Чарнякоў –
Шчодрай
Царская любоў
Да цябе
Заўсёды будзе.
Цар
Ніколі не забудзе
Тых, хто служыць
Яму верай...
Што глядзіш
Глухой цяцерай?
Прэч!
Збірайся ў шлях-дарогу,
Памаліся
Мне і богу!
 

5

Затрубілі
Гучна трубы,
Зашумеў
Вакол народ.
Не да славы,
А да згубы
Войска
Рушыла ў паход.
А наперадзе –
Чарняк.
Танцаваў
Пад ім рысак
Прад натоўпам
Раз апошні.
Хоць Чарняк
Быў асцярожны, –
Ды з царом –
Не знаць сустрэч,
Як свае
Пакіне ножны
У баі
Радараў меч!

Бі ў званы,
Званар, звані,
Адгарцуе
На кані
Атлусцелы
Князь Чарняк.
Пройдзе
Пушчамі,
Лясамі,
Каб прад царскімі
Нагамі
Ўпасці,
Як бяскрылы грак.
Гэта будзе,
Гэта будзе!
Нездарма
Навокал людзі
З посмехам
Услед глядзяць,
Князю
Нешта ўслед
Крычаць.

Хвацкі князь
Людзей не чуе,
Прад натоўпам
Ён гарцуе.
Хутка
На адной назе
Да цара
Ён прыпаўзе
Шалудзівым
Псом пабітым,
Скажа:
– Цар!
Карай мяне!
І на царадворскіх
Плітах
Ён спрадвечным
Сном засне.

І дружыну
Пагубіўшы,
Між балот,
Азёр,
Лясоў,
Царскі бот
Усё ж абліжа
Між такіх,
Як сам ён,
Псоў.
Бот абліжа
І сканае,
Дзе Радар –
Ніхто не знае.

Цар паслаў
Яшчэ дружыну –
Нібы ў воды
Камень кінуў.
Цар
І трэцюю паслаў.
І яе –
Не прычакаў.
Зноў царыца
Плача горка.
Змоўк палац,
Нібы турма.
– Ці жывы ён,
Наш Пандорка?
Вестак
Ад яго няма!

Цар
У смутку
У вялікім
Чэзне,
Як ад згубных чар.
Можа, недзе
Ў краі дзікім
Сына
Загубіў Радар?
Каб за ўсе
Свае напасці,
Помсту
Тоячы ў вачах,
І цара
Пазбавіць шчасця,
Сына
Кінуўшы ў лясах?

Чэзне
З кожным днём
Пандора,
Прыгняло
Царыцу гора:
– Які цар з цябе,
Пандор,
Ты сляпы,
Нібы бабёр!
Ты каму
Даверыў сына?
Рос бы з намі ён,
Хлапчына,
Цешыў бы
На старасць нас,
Нібы кветка,
У добры час!
Не пярэчыла
Табе я,
Думала:
Паразумнее
Сам нарэшце
Уладар...
Падмануў
Цябе Радар!
Ні адна
Твая дружына
Нам не верне
Зараз сына
І Радара
Не спаймае,
Гэта –
Сэрцам прадчуваю.
Калі ж сын
Яшчэ жывы,
Чуеш,
Дурань ты сівы,
Нам не трэба
Траціць час,
Пакуль сын
Зусім не згас.
Сам збірайся
Ты ў дарогу,
Не бяры
З сабой нікога,
Каб ніхто
Не знаў,
Не ведаў,
Што ты сам
За сынам следам
Знікнеш,
Каб яго знайсці,
Нашу радасць
У жыцці!
– Мы ж далі
Радару слова
Не трывожыць
Пяць гадоў! –
Адказаў Пандор
Сурова,
Хоць сам ехаць
Быў гатоў.

– Засталося
Два гады.
Сына
Дзе шукаць тады
Усхапілася
Царыца,-–
Шмат яшчэ
Бядот здарыцца
Можа ў нас
За гэты час.
Едзь,
Зірні здалёк,
Хоць раз.
Калі сын
Жывы-з даровы, –
З князем не заводзь
Размовы,
А праз служкаў
Папярэдзь,
Што чакае
Князя смерць,
Калі сына
Нам не верне,
Нашай царскай
Славы зерне!

Цар,
Як хмара, спахмурнеў,
З тыдзень ён
Не піў, не еў,
Зачыніўся
Ў спачывальні
І абдумаў
Шлях свой дальні.
І аднойчы
Сярод ночы
Ён на ложку
Аж падскочыў:
Думку
Мудрую спаймаў
І царыцы
Так сказаў:
– Прызнаюся
Па сакрэту,
Я з дружынай не паеду
Сына нашага
Шукаць,
Каб не патрывожыць
Знаць,
Ні баяр
І ні князёў,
Ні прыдворных
Плеткароў,
Ні хітрушчых
Служкаў божых,
Ні лазутчыкаў
Варожых.
Непрыкметным
Жабраком
Я пайду
Шукаць пяшком
Нашага з табою
Сына.
І знайду
Альбо загіну!
Ўзяць з сабою
Не магу
Нават вернага
Слугу.

Ды і хто
Цяпер нам верны?
Кожны –
Вусень ненажэрны!
 

6

Што б сказалі
У народзе,
Што б загугнеў
Вяльможны род,
Калі б хто ўбачыў:
Нібы злодзей,
Цар шмыгнуў
З крапасных варот.

Шматлікім ворагам
Для смеху
Якраз відовішча
Было б:
– Глядзіце!
Цар наш
З глузду з’ехаў! –
Цару крычалі б
Прама ў лоб!

Рыззё
Жабрацкай апранахі,
Як у спрадвечнага
Бадзягі,
І торба-кайстра
За спіной, –
Каго не здзівіць
Выгляд той.
І рукі,
Скіпетр што трымалі,
Цяпер
Сухі кіёк сціскалі.
На царскай
Мудрай галаве,
Ссівелай,
Звыклай да кароны,
Брыль пакамечаны
Плыве,
Дзіравы,
Як гняздо вароны.

І ногі,
Звыклыя да ботаў
З рысінай скуры
Маладой,
У лапці ўлезлі
З неахвотай,
Аборай сцятыя
Тугой.

Хто б ні зірнуў:
І так, і сяк –
Не цар магутны,
А жабрак
Пляцецца ў пыле
Па дарозе,
Стары,
Прыгорблены,
Худы,
Што паспытаў
Зашмат бяды
На гэтым свеце
У знямозе.

Світанне свежае
Плыло,
Яно Пандора
Абдало
Бадзёрым духам,
Спадзяваннем,
Што неўзабаве
Час настане,
Ён хоць здалёк
На сына гляне
І свой
Прыгнечаны настрой
Пакіне
Ў пушчы векавой.
 

7

Зірнуў на селішча
Здалёк,
Дзе царскі церам
Узвышаўся.
Цяпер цар быў,
Нібы лісток,
Які ад дрэва
Адарваўся.
Упершыню ў жыцці
Ўладар
Прасталюдзін быў,
А не цар.
Бліжэй цяпер
Быў не да бога,
А да ўсяго
Жыцця зямнога.

Быў рады цар,
Нібы дзіця,
Узгоркам,
Ранішнім палеткам,
Рачулкам чыстым,
Птушкам,
Кветкам –
І спадарожнікам,
І сведкам
Яго суровага
Жыцця.

Не заўважаў
Ён іх раней,
Адрэзаны быў
Ад людзей,
Ад гэтае
Красы зямной
Заўсёды
Летам і зімой
Вяльможнай світай,
Пільнай вартай.
І вось цяпер,
Як вінаваты,
На свет
Прымружана глядзіць,
Яго абняць
Цару карціць
І вольна
Да зямлі прыпасці,
Упершыню
Адчуўшы шчасце
Свайго зямнога
Існавання.
І цар у дзіўным
Хваляванні
Стаў на калені
Каля клёна,
Нібыта вырваўся
З палону.

– Ты што тут робіш? –
Грымнуў бас. –
Якому молішся
Тут богу?
Настрой узнёслы
Тут жа згас,
Калі убачыў цар,
Як строга
Стралец узброены
З каня
На жабрака глядзіць
Старога.

– Ці ты не знаеш
Царскі ўказ
Аб тым,
Што ў нашым
Слаўным градзе
Караюць
Жабракоў-пралаз!
І ты ў Цар-град
Ісці не думай,
Мінай хутчэй
І прочкі тупай!

Пандор
Міжволі не стрымаў:
– Я ўказ такі
Не выдаваў!

– Ты што пляцеш,
Жабрак няшчасны!
Відаць,
Ты розумам няясны! –
Стралец навіс
Над жабраком,
Агрэўшы
Плёткай-бізуном,
І гнеўна прасіпеў:
– Вар’яты
Заўсёды цягнуцца
Да ўлады.
З нас хопіць
Аднаго цара!

Злосць
Ахапіла ўладара.
Ніхто не біў
Цара ніколі.
А тут ён
Скурчыўся ад болю
І мусіў гэты боль
Трываць,
Стральца
Не мог ён пакараць
У гневе у высокім –
Тут жа.
Не цар –
Жабрак ён
Недалужны.
Ледзь не стаптаны
Быў Пандор,
Як на яго
Канём папёр
Стралец,
Узняўшы зноў бізун.
Пандор
Схаваўся за валун
І ў яр скаціўся
Слізкі, цёмны,
Як валацужнік ён
Бяздомны.

Спіна
Ад бізуна гарэла,
Ён цяжка дыхаў
У цішы.
Але яшчэ мацней
За цела
Балела
Нешта у душы.

Лічыў сябе ён
Справядлівым,
Лічыў і царства ён
Шчаслівым,
Дзе можа
Кожны чалавек
Не ведаць,
Што такое здзек.
Але як жабраком
Ён стаў –
Адразу ж
Плёткі паспытаў.

У крыўдзе
Цар зайшоўся плачам,
Якім не плакаў
Ён даўно,
Нібыта з яра ён убачыў
Усё, што з трона
Не відно.
 

8

Ішоў па царству,
Па ўладарству
Бядой прыгнечаны
Жабрак.
І ўсё дзівіўся
Марнатраўству
Баяр,
Князёў,
Паноў-гуляк.

Куды там
Царскія харомы!
Калі ва ўсіх
Кутках зямлі
Пан
І падпанак невядомы
Такія гмахі
Узвялі!

Навокал
Замкі і палацы
Святлом
І золатам зіхцяцца.
Там і жыруюць,
І балююць
Асалавелыя паны.
А побач –   
Мужыкі гаруюць,   
Не разгінаючы
Спіны.

Там скокі,
Спевы, крыкі,
Тосты
У гонар
Бацюхны-цара.
А ўзбоч –
Магільнікі,
Пагосты,
Цяжкая
Голаду пара.
Пандор
Заходзіўся ад болю
І гневу
На сваіх князькоў,
Спазнаўшы:
Просты люд
Ніколі
Не гнаў
У шыю жабракоў!

Вады карэц,
Акраец хлеба
Пандор
Атрымліваў заўжды.
Маліў зямлю,
Маліў ён неба
Царом
З’явіцца зноў сюды
І ўсё жыццё тут
Перайначыць,
Свае законы
Усталяваць.
Ратаўнікоў сваіх –
Аддзячыць,
Рабаўнікоў жа –
Пакараць!
Пандор
Зрабіўся асцярожным,
Папаўшы лёсу
Ў кабалу.
Ён зведаў кошт
Любві вяльможнай.
За што ж яму
Пяюць хвалу?

Цара   
Вяльможы гучна славяць,
Народ прыгнечваючы,
Правяць,
Цару
Пусціўшы славы дым.
А самі па-за дымам тым
Над людам
Твораць самасуд.
І людзі
Стогнуць ад пакут.

Прыйшло
К Пандору
Празарэнне,
Нібы да грэшніка
Ў маленні:
Перад вяльможамі,
Аднак,
Ён у сапраўднасці –
Жабрак!
Ён думаў,
Як разумна правіць,
Як царства
Мудрасцю праславіць,
Як ашчаслівіць
Свой народ.
А царадворцы –
Фарысеі,
Нібы атрутлівыя змеі,
Яго смакталі
Думак плод.
З народа
Сокі ўсе смакталі
І, плюючы
На царскі ўказ,
Сп’янела-сыта
Напявалі:
«Жывём на свеце
Толькі раз...»

Так цар
У вопратцы жабрачай
Упершыню
Праўдзіва ўбачыў
Сваіх вяльможаў –
Крывасмокаў.
Іх лёс дзяржавы
Не палохаў.
Усё глыбей
Свае лычы
Яны ў дзяржаўныя
Харчы
І нават ногі –
Запускалі,
Бяздумна
Царства раскрадалі.
Таму
Меў рацыю Радар,
Калі цару
Аднойчы ў твар
Ён кінуў
Колкія папрокі,
Што ў царстве правяць
Крывасмокі.


Частка трэцяя


1

Ішоў Пандор
Ці доўга, мала,
Няма ні хлеба ўжо,
Ні сала.
Галодны люд
Дарогі ўсцяж.
І вось прыйшоў ён
На кірмаш.
Як пчол у вуллях,
Тут народу
З суровай Поўначы,
З Усходу.
Зашмат
Заморскіх тут купцоў,
Ды і тутэйшых
Малайцоў
Свае раскладвалі
Тавары.
Паміж сабою
Тары-бары
Яны, гандлюючы,
Вялі,
Як пчолы,
Людзі тут гулі.

Шмат футра рознага
І рыбы,
На свежых лавах –
Цукру глыбы.
Тут бочкі мёду,
Кублы сала,
Ганчарных вырабаў
Нямала –
Гаршкоў,
Гладышак,
Чыгункоў,
Заморскіх
Дзіўных дываноў,
Тут коней
Кавалі кавалі,
Атлас, паркаль
Тут прадавалі,
Тут збройнікі
Рабілі зброю,
А ўзбоч –
Пад самай пад гарою
Рады тутэйшых
Паляўнічых.
Яшчэ такой
Не бачыў дзічы
Зусім разгублены
Пандор.
Глядзеў ён
Прагна на касцёр,
Дзе аж цвірчэла
Свежаніна.
Хоць бы яму
Хто костку кінуў!
Ды толькі цар наш,
Дабрадзей,
Быў лішні тут,
Сярод людзей:
І ні прадаць,
І ні купіць,
І голад свой
Не заглушыць.
Яго крануў
За локаць хлопчык,
Быў твар струп’істы,
Слёзны вочы
У жабрачэнькі
У малога.
Пандора ён
Павёў старога
У гурт
Аслеплых гусляроў.
Пандор
Прытулак там знайшоў.
З нябогамі
Падсілкаваўся
І ўжо было
Ўздрамнуць сабраўся,
Як раптам сціх
І змоўкнуў люд,
Нібы мярцвяк
З’явіўся тут.
 

2

На ўзгорку
Трубы пратрубілі,
Шырэй вароты
Расчынілі
Стральцы
На кірмашовым пляцы,
Асалавелыя
Без працы.
І праз дубовыя
Вароты
Мясцовы князь
З-за павароту
На белым
На кані ўляцеў,
Нібы стаптаць
Усіх хацеў.
Як свечка,
На кані узвіўся
І на узгорку
Прыпыніўся.

Пандор
Яго не знаў,
Не ведаў,
Відаць, ён з тых быў
Прайдзісветаў,
Што ў дальняй
Старане глухой
Злачынства чыняць
І разбой.

–Дык гэта ж
Сам Глушук пракляты! –
Сказаў жабрак
Падслепаваты. –
Так, так, той самы
Князь Глушук,
Што нас усіх
Сагнуў у крук!
Дадаў гаротнік
Збоку ціха:
– Няма на крывасмока
Ліха!

А князь Глушук,
Нібы вяпрук,
Прарохкаў
У натоўп віскліва,
Узняўшы рукі
Ганарліва:
– Хачу я вас усіх
Пацешыць,
Хачу я ўсім вам
Аб’явіць,
Што мне Князь-возера
Належыць,
Пакуль на свеце
Буду жыць!

Мая збылася, ўрэшце,
Мара,
Той наступіў
Шчаслівы міг:
Я князя паланіў
Радара,
Яго хаўруснікаў
Усіх!
Я знаю:
Многія хацелі
На востраве
З Радарам жыць.
Цяпер яны
Паразумнелі.
Хто хоча
Голаў загубіць?

Якую мне
Прыдумаць кару
Адступніку
Палешуку?
Хацелі вы
Служыць Радару,
Цяпер служыце
Глушуку!

І стражнікі,
Усім на страх,
Ахвяр цягнулі
Ў ланцугах
Да месца лобнага,
Дзе каты,
Схіліўшы голавы,
Заўзята
Сякеры вострыя
Тачылі,
Вадой халоднай
Іх мачылі.

– Вы думалі,
Яны – асілкі,
Што я слабей ад іх,
Глушук.
А вось не даў ім
Ні расінкі, –
І звялі ўсе яны
Ад мук!
 

3

Ішоў наперадзе Радар
І паляшук за ім
З сынамі.
Люд бег услед
Як на пажар
І збіўся ў гурт,
Нібыта ў храме.

Ішоў нявольнікаў
Ланцуг.
Кастры на ўзвышшы
Запалалі.
Дзяўчынка й хлопчык
Там удвух
Ланцуг
Журботна замыкалі.

Натоўп
Утрымлівала ледзь
Стральцоў
Раз’юшаная зграя.
Людзей
Заўжды цікавіць смерць,
Як не свая яна –
Чужая.

Не, не цікаўнасць,
Не прысуд
Людскія душы
Развярэдзіў:
Радара
Добра ведаў люд
Як справядлівейшага
Ў свеце.

Ізноў
Распетрыўся Глушук,
Як люты
Крывасмок-павук:

– Хачу,
Каб люд шаноўны знаў:
Нявольнікаў
Я не караў.

Паіў, карміў іх
Цэлы год.
Яны не ведалі
Клапот.

Аднак
Паставіў ім
Умову,
Каб мне служылі
Ўсе яны,
А не – то іхнія галовы
Зляцяць,
Нібыта качаны!
Яны пярэчаць мне.
І тут
Я мушу вынесці
Прысуд!

Аднак
Па даўняй завядзёнцы
У нашай,
У глухой старонцы
Хачу я
Перад пакараннем
Апошняе
У жыцці жаданне
У іх у кожнага
Спытаць,
Пасля –
Прылюдна пакараць!

– Што ты жадаеш,
Паляшук? –
Спытаў пагрозліва
Глушук.
Стары
Абвёў натоўп паглядам.
Уверх
Чамусьці паглядзеў,
Ды гаварыць
Прад князем-катам
Ужо нічога Не схацеў.

– Мяне карай, – сказаў, –
Карай,
Ды малалеткаў –
Не чапай!

– Яны на свеце
Будуць жыць,
Як ты мне
Згодзішся служыць.

– Не, князь!
Карай мяне, карай,
Ды малалеткаў –
Не чапай! –

Прамовіў
Паляшук упарта.
Яго схапіла
Тут жа варта
І да памоста
Падцягнула.
Быў чорны
Паляшук,
Як шула.

– Што вы жадаеце,
Сыны,
Памерці
Хочаце таксама? –
З глухой нянавісцю
Яны
Глядэелі ў вочы
Князю прама.

– Карай, – сказалі, –
Нас карай,
Ды малалеткаў –
Не чапай!

– Яны на свеце
Будуць жыць,
Як вы мне
Станеце служыць!

Не, князь!
Карай ты нас, карай!
Ды малалеткаў –
Не чапай! –

Старэйшыя сыны
Упарта
Прамовілі.
Іх тут жа варта
Схапіла.
Але хлопцы самі
Рашуча
Побач з бацькам сталі.

– Што ты жадаеш,
Князь Радар?

У Глушука
Ад злосці твар
Распух,
Ажно перасмыкнуўся.
Не к душагубу
Павярнуўся
Змарнелы князь,
А да людзей:
– Што я жадаю,
Ліхадзей?

Я не жадаю,
Я шкадую,
Што больш нікога
Не ўратую
Ад згубы
Дзікае тваёй.
Ты сам
Заплаціш галавой
За нашы
Слёзы і пакуты!
Не страшны гэтак
Вораг люты,
Як той,
Хто, здрадзіўшы
Айчыне,
Народ свой
Ганіць і кляне.
Без славы ён
І сам загіне,
Суровай кары –
Не міне!

Глушук!
Ты чыніш па-пірацку
Сярод людзей
Разбой круты.
Ды, паланіўшы
Нас знянацку,
Знянацку сам
Загінеш ты!

Цяпер я думаю
Дзень кожны:
Чаму даверлівы
Я стаў?
Чаму так рана
Меч у ножны
Рукой прытомленай
Уклаў?

У справядлівасць,
Мір я верыў.
Ты ж аказаўся
Лютым зверам.

Мы на Князь-возеры
Жылі,
Жылі, нікому
Не мяшалі.
Здавалася,
Што на зямлі
Куток мы райскі
Будавалі.

Упершыню
Сярод людзей
Шчаслівых
Бачыў я дзяцей.

І Міраслава,
І Пандорка!
Я перад вамі
Вінават!
Перад людзьмі
Прызнаю горка:
Нас хоча знішчыць
Гэты кат!

Глушук!
Прашу:
Ты нас карай,
Ды толькі –
Дзетак не чапай!

– Дзяцей бы
Я не пакараў,
Каб ты мне
Тут жа адказаў,
Дзе Цуда-меч
Ты свой схаваў? –

Няўцерпна
Закрычаў Глушук,
Як настаўбураны
Вяпрук.

– Мячом
Ты хочаш
Завалодаць,
Якім валодаў я,
Радар?
Мяркуеш:
Сам ён будзе лётаць
Маланкай
Між тваіх ахвяр?

Я адказаць
Табе павінны:
Колькі на свеце
Я ні жыў,
Мой Цуда-меч
Не сек бязвінных,
Ён толькі ворагаў
Крышыў!

– Дзе меч? –
Узвіўся зноў Глушук,
Ашчэрыўшыся,
Як вяпрук. –

Калі не скажаш –
Не стрымаю,
Дзяцей адразу
Пакараю!

І князь Радар,
Як мел, збялеў,
Збялелі людзі
На майдане,
Адчуўшы:
Ліхадзея гнеў
Ужо вось-вось
Крывавым стане.

– Ён тут! –
Пачуўся голас ціхі
Здалёк
Старой палешучыхі.

Натоўп
Прад ёю расступіўся,
Натоўп
Над ёю нахіліўся,
Натоўп
Заціх, нібы магіла.
Яна,
Нібыта з забыцця,
Сваё выносіла
Дзіця –
Меч да сябе
Шчыльней туліла.

Ішла
Павольна да пагорка,
Дзе Міраслава,
І Пандорка,
І два старэйшыя сыны,
Дзе муж
І князь Радар славуты
Ад Глушуковага
Прысуду
Маглі загінуць
Без віны.
Усе навокал
Анямелі.
І сам разгублены
Пандор
Адчуў,
Як ногі задрыжэлі,
Нібы ступілі
На касцёр.

Дагэтуль
Неяк ён трымаўся,
Бо ведаў,
Нават каб прызнаўся,
Што ён жа – цар,
А не жабрак, –
Не злітасцівіўся б
Ніяк Глушук,
Ад злосці азвярэлы,
Ён сапраўды
Быў звар’яцелы.
На меч
Так сквапна ён глядзеў,
Бы праглынуць
Яго хацеў.
 

4

Ён прыгадаў
Той час далёкі,
Калі сам
Малады Радар
Харобры,
Дужы
І высокі
Лупіў тут
Ворагаў-пачвар.
Тут, на далёкім
Узбярэжжы,
Мацаваў ён
Царства межы
І жыцця
Не шкадаваў,
Каб край гэты
Працвітаў.
Не раз
Князь-возера
Крывёй
І сваёю,
І чужой
Залівалася
Ў сутычках.
І з мячом князь,
І з шчытом,
Як маланка быў,
Як гром,
Сярод стогнаў,
Крыкаў зычных.
І зайздрослівы
Глушук
Быў тады
Між верных слуг.

Ён пачаў
Тады ўжо марыць,
Каб застацца
Уладарыць
Ў гэтым краі
Аднаму.
Вельмі рады
Быў таму,
Што Радар
Адсюль з’язджае
І дзяржаўцам
Пакідае
Аднаўладным –
Глушука.
Як аддзячыць
Дзівака?

Вырашыў
На развітанне
Запрасіць
На паляванне, –
Хай пацешыцца
Радар.
«Перад тым,
Як ён паедзе –
Разам сходзім
На мядзведзя,
А тады –
Я сам тут цар!»

І Глушук
Сабраў стральцоў,
Паляўнічых-малайцоў,
І асочнікаў,
Што звера
Высачаць
На золку шэрым
І да логвішча
Звядуць
І князёў
Аберагуць.

Дзень палявання
Глушуку –
Незабыўны
На вяку.

Падрыхтавана ўсё
Як трэба.
Над пушчай
Праяснела неба.
Мядзведзя
Жэрдкай разбудзілі,
Сабак галодных
Натравілі,
І тыя з брэхам
Неўпапад
Навіслі
На мядзведжы зад.

Звер ачмурэла
Закруціўся,
Нібы ад мошак,
Абтрусіўся
І, паламаўшы
Рагачы,
Ён сігануў
Цераз карчы
І сутыкнуўся
Лоб у лоб
Ён з Глушуком
Ля расцяроб.

І з пераляку
Князь Глушук,
Схапіўшыся
За тоўсты сук,
На дрэве
Апынуўся мігам,
Каб не страчацца
З лютым ліхам.

Паспакайнеў бы ён
Хоць крышку,
Аднак мядзведзь
Смярдзючай жыжкай
Усё ж паспеў
Яго абдаць
І гэтым –
Князя зганьбаваць.

Цяжэй не стрэціш
Ганьбавання
Такога,
Як на паляванні
Князь пасаромлены
Спазнаў.
Які цяпер
Ні будзеш мужны, –
З цябе смяяцца
Будуць дружна.
Глушук пра гэта
Добра знаў.
І, развітаўшыся
З Радарам,
Паколькі сам ён
Заўладарыў,
Нікога
З памагатых тых
Ён не пакінуў
У жывых.
Каб не было
На свеце гэтым
Жывых
Ягонай ганьбы
Сведкаў.
Не ведаў ён,
Што ў княстве цэлым
Цяцер між сытых
І збяднелых
Яго завуць
Не Глушуком,
А толькі – Князем-смердзюком.
І нават ад сябе
Употай
Ён заўважаў,
Што з кожным годам
Усё мацней
Пачаў смярдзець,
Нібы на шыі
Носіць смерць.
 

5

І як Глушук
Ні адмываўся,
Як травамі
Ні націраўся, –
Сярод прыслугі
І людзей
Цяпер смярдзеў
Яшчэ мацней.

Ён з жахам думаў:
Што рабіць,
Каб гэты
Брыдкі пах адмыць?
Можа, таму
І не жаніўся,
Сакрэт каб гэты
Не адкрыўся.

І ў роспачы
Закалаціўся,
Калі Радар
Зноў тут з’явіўся.

Радар валодаў
Божым дарам
Людзей склікаць
Да добрых спраў.
Аднак,
Сустрэўшыся з Радарам,
Глушук яго
Ледзь-ледзь пазнаў.

Ён пастарэў,
Перамяніўся.
У зморшчках скура,
Як кара,
Хто скажа,
Што, як волат, біўся
Ён тут за край
І за цара?

Ён плыў
На чоўніку з затокі
Ад вострава
На плёс шырокі,
Дзе сеці ставіў
Асцярожна
З прыслугаю
Глушук вяльможны.

Падплыў
І першы прывітаўся,
Што сам ён робіць –
Не прызнаўся.

Пасля даведаўся
Глушук,
Што даў прытулак
Паляшук
Радару,
Бо яго любіў,
З ім ён не раз
У бойках быў.

Мільгнула думка,
Як іскра:
Ён у няміласці
Ў цара!
А тут яшчэ
На вуха ціха
Данёс
Пранырлівы пляткар:
З двайнятамі палешучыхі,
Як нянька,
Возіцца Радар.

І што цікава,
Што цікава,
Не можа быць,
Каб нагавор:
Завуць дзяўчынку
Міраслава,
А хлопчыка завуць
Пандор.

У гонар
Княжацкае славы
Назвалі, кажуць,
Міраславай,
А хлапчука, –
Ёй брат каторы, –
У гонар слаўнага
Пандора.

Іх два старэйшыя
Браты
З палешуком,
Суровым бацькам,
Дазор трымалі,
Каб бяды
Захопнік
Не зрабіў знянацку.

Сігнал трывогі
Пададуць
Дазорцы
З вострава глухога,
Калі рабаўнікі
Плывуць
Сюды,
Ад берага чужога.
І Міраслава,
І Пандорка
Цвілі,
Як ранішнія зоркі.
Быў паміж імі
Мір і лад,
Дружылі,
Як сястра і брат.

І што Пандорка –
Царскі сын,
Ніхто не ведаў
У акрузе.
З палешукоў тут
Ні адэін
Пра тайну гаварыць
Не будзе.

Наўкол ці ж мала
Хціўцаў, злюк,
Такіх, як іхні
Князь-смярдзюк?
 

6

Вясною неяк,
У разліў,
Да вострава
Нязваным госцем
Спачатку
Брыдкі пах прыплыў,
Пасля і сам Глушук
Прыпёрся.

Ён думаў,
Што яго не бачаць.
Аслупянеў:
Што гэта значыць?

Ляцеў Пандорка
На кані
Над поплавам,
Нібы залева.
Мячом Радара
Камяні
Ён сек
Направа і налева.

Ляцеў,
Нібыта праз агонь,
Навокал
Валуны трашчалі.
Распараны
Уздрыгваў конь,
Якога моцна
Зацуглялі.

Меч іскры выкрасаў,
Звінеў
І ад узмахаў –
Не тупіўся,
Нібы ўсечалавечы
Гнеў
У меч Радараў
Усяліўся!

Вось хлопчык
Зморана застыў
Перад Радарам
На пагорку.
Аднак Радар
Не пахваліў
За сілу
Ўзмоклага Пандорку.

З ягоных рук
Ён меч узяў,
Каня над лугам
Распластаў
І рушыў
На валун вялізны.
І меч,
Нібы маланка,
Бліснуў.
Так паласнуў
Валун мячом,
Што над зямлёю –
Грымнуў гром!

І ўжо ў Радара
За спіною,
Расцяты сілай
Незямною,
Ляжаў
Рассечаны валун,
Нібы разрэзаны
Кавун...

Хваліўся Сілаю
Глушук,
А тут здзівіўся,
Як хлапчук.
І сам сабе
Пакляўся ён
Узяць Радара
У палон,
Стаць,
Завалодаўшы мячом,
У гэтым краі
Ўладаром,
Уладаром
Непераможным, –
Пра гэта марыць
Злыдзень кожны!   
Ён будзе сам тут
Князь і пан.
Палешукоў-астравіцян
Усіх пад корань
Знішчыць мусіць
Альбо служыць
Сабе прымусіць.

І, не пакінуўшы
Сляды,
Траву
Прыўзняўшы над сабою,   
Смярдзюк цішком
Праз чараты
Папоўз
Да чоўніка змяёю.
 

7

Калі ж другі ён раз
Прыплыў,
Зноў дзіва дзіўнае
Адкрыў.
Хаваючы
Міжвольны страх,
Ён затаіўся
Ў чаратах,   
Нібыта ў сне,
Здалёку ўбачыў
Такое,
Што свой лоб гарачы
Ён доўга
Астудзіць не мог,
Калі залёг
У свой бярлог.

Туман
Над возерам стаяў.
Павольна
Сонейка ўставала.
І раптам
Паміж дрэў і траў
Лясная музыка
Зайграла.

Такі пяшчотны
Быў напеў,
Такі журботны
І шчымлівы,
Што ў чаратах
Глушук самлеў,
Нібы выгнаннік
Нешчаслівы.

Плыла мелодыя, Плыла,
Такой чароўнаю
Была,
Што сціхлі
Птушак спевы.
І паміж небам
І зямлёй,
Свой парушаючы
Спакой,
Ёй падпявалі
Дрэвы.

На ўзлесак
Выбеглі звяры –
Ласі,
Ваўкі
І лісы,
Куніцы,
Выдры
І бабры,
Мядзведзі,
Нават рысі.

І за лагчынай,
Там, дзе луг
Кусты ад воч людскіх
Хавалі,
Яны зліліся
Ў цесны круг
І ў дружнай згодзе
Заскакалі.

Іграў Пандорка
На дудзе,
А Міраслава
Ўзбоч спявала.
Скакала
Рыба на вадзе,
Здавалася,
Зямля скакала.

Туман барвовы
Ўдалеч плыў,
Нібы сунічны сок,
Няйначай.
Пад вабны,
Ранішні матыў
Здавалася,
Што сонца скача.
І сам Глушук,
Там, дзе стаяў,
Чамусьці раптам
Заскакаў.

Ды сонца
Бліснула ярчэй,
Малюнак знік
З яго вачэй.

І, не пакінуўшы
Сляды,
Траву
Прыўзняўшы над сабою,
Смярдзюк цішком
Праз чараты
Папоўз
Да чоўніка змяёю.
 

8

А прыплыў
У трэці раз –
Пералез
Праз пералаз
І з кустоў густых
Убачыў,
Як Радар круты,
Гарачы
У цянёчку
На падворку
Міраславу
І Пандорку –
Ціхіх паляшучанят –
Пасадзіў,
Як птушанят.

Вучыць іх
Чытаць, пісаць,
Нават вершыкі
Складаць.

А пасля,
Спачыўшы крышку,
Ён узяў
У рукі кніжку,
Над сабой
Яе узняў,
Нібы дзетак
Бласлаўляў:
«Вось што, дзеці,
Вам скажу –
Перайшлі вы ўжо мяжу
Бесклапотнага
Маленства.
Ёсць усім
Пад сонцам месца:
Птушцы,
Зверу,
Чалавеку,
Шчаснаму
Альбо калеку,
Кожнай кветцы
І травінцы,
Мору,
Рэкам
І крыніцы,
Што частуе
Пад гарой
Нас гаючаю вадой.
І чым больш
Нас мучыць смага, –
Тым мацнее
Наша прага
Хоць адзін глыток
Зрабіць,
Каб ізноў
Бадзёрым быць.
Гэтак жывяць
Нас усіх
І старонкі
Мудрых кніг.
Хто імкнецца
Да навукі,
Той свае
Аблегчыць мукі,
Што здараюцца
Ў жыцці,
Калі сам
Праз перашкоды,
Праз бядоты,
Праз нягоды
Толькі ўперад
Будзе йсці.
Цемру невуцтва
Развее
Не прыблудны
Чараўнік,
А цярплівец,
Хто умее
Мудрасцю валодаць
Кніг.

Кнігі –
Гэта продкаў голас,
Кнігі –
Гэта спелы колас
З чалавечай
Нашай нівы.
З кнігай –
Чалавек шчаслівы!»

І яшчэ дадаў сурова:
«Сведка я
Крывавых сеч.
Ды, бывае,
Робіць слова
Тое,
Што не зробіць меч!

Слова,
Лёгкае, як пёрка,
Позвы часам
Шле вякам...
А свой меч
Табе, Пандорка,
Я ўжо хутка Перадам...»
 

9

І вось да ўзгорка
Пакрысе
Палешучыха
Меч нясе.

Натоўп
Прад ёю расступіўся,
Натоўп
Над ёю нахіліўся,
Натоўп
Заціх, нібы магіла.
Яна,
Нібыта з забыцця,
Сваё выносіла
Дзіця
Меч да сябе
Шчыльней туліла.
Меч гэты,
Як чароўны дар,
Схаваць прасіў яе
Радар,
Каб меч, –
Што б лёс ім
Ні паслаў, –
У злыя рукі
Не папаў.

Яшчэ прасіў
Палешучыху:
Як здарыцца
Цяжкое ліха,
Што дзецям
Будзе пагражаць,
Пандорку
Меч той перадаць.

Сапе Глушук
Расхваляваны:
Плыве у рукі
Меч жаданы.
Каня ён нават
Падштурхнуў
І нават рукі
Працягнуў.
Ды нейкая
Глухая сіла
Яго на месцы
Асадзіла.
– Глушук,
Я меч табе аддам,
Ды толькі просьба
Ёсць такая:
Няхай у раз апошні
Нам
Пандорка
На дудзе зайграе...

Глушук збялеў,
Глушук самлеў,
Але куды
Яму падзецца,
Калі ў народзе
Выспеў гнеў,
Што раптам –
Бунтам разальецца!

Ён, гледзячы
На гэты люд,
Махнуў
Паблажліва рукою.
Не знаў ён,
Што сабе прысуд
Выносіць
Згодаю такою.

Як на дудзе
Зайграў Пандорка –
Глушук
Са зграяю з пагорка,
Як ветрам здзьмуты,
Паляцеў,
У гурт да стражы
Паміж дрэў
Убіўся
І закалаціўся,
І конь, як свечка,
У неба ўзвіўся.

Пад гукі
Музыкі трывожнай
У гурце гэтым
Вершнік кожны
З канём сваім
Пачаў скакаць
І звар’яцела
Рагатаць.
Скакалі
На памосце каты
Каля ахвяр,
Нібы вар’яты,
Віхляста
Дрыгалі нагамі
І звар’яцела
Рагаталі.
І, гледзячы,
Як на пацеху,
Натоўп зайшоўся ўвесь
Ад смеху.
Дарэмна,
Смердзючы ў народзе,
Махаў Глушук рукамі:
– Годзе!

А музыкі чароўнай
Хвалі
Так на кані
Яго гайдалі,
Што ён,
Як з калчана страла,
Зваліўся
На зямлю з сядла.
Стральцы
За ім услед зляцелі.
Як птушкі,
Коні паляцелі
Далей ад рогату,
На луг,
Пакінуўшы
Закляты круг.
Палешучыха
Падышла
І меч
Пандорку аддала.

І сціхлі смех
І гукі.
Пандорка
Меч пацалаваў
І Цуда-меч той
Перадаў
Радару
З рук у рукі.

А там, на ўзлеску,
Пад гарой,
Глушук
З хаўрусамі
Змяёй
Папоўз
На бераг росны.
І над ягонай
Галавой
Халоднай
Хваляю крутой
Натоўп
Шумеў пагрозна.

Мяча
Адзін бы толькі ўзмах
І селі б злыдні
На калах
Усім наступнікам
На страх.
Але Радар
На лодку-струг
Іх пасадзіў,
Каб іхні дух
Тут не смярдзеў
Ніколі.
Даў на дарогу
Ім харчы:
Хвасты,
Свінячыя лычы
І нават Крышку солі.
 

* * *

«Не стрэціш
Горай пакарання,
Як з роднае зямлі
Выгнанне», –
Падумаў гэтак
Цар-жабрак.
Радару
Не падаўшы знак,
Што ён тут быў,
Што ўсё тут бачыў,
Цар з торбаю сваёй
Жабрачай
Пайшоў
У гурце гусляроў
Далей
З малым павадыром.

І доўга чуў ён
За пагоркам:
Радара
Славіць там народ,
І Міраславу,
І Пандорку,
І мужны
Паляшуцкі род.
І цар Пандор
Сабе прызнаўся,
Што сам сляпым
Міжволі стаў,
Бо шмат
З вяльможамі важдаўся
А як жыве народ –
Не знаў.

Калі ж па царству
Зрэдку ехаў,
То прыганялі
Да шляхоў
Паны
Сабе й цару на ўцеху
Сваіх
Нікчэмных слугачоў.

Іх псалмы,
Спевы
І паклоны,
Іх сыты
Рабалепны гуд
Заглушвалі
Усе праклёны,
Што слаў вяльможам
Просты люд.

І годзе, годзе ёй,
Царыцы,
Катацца
Ў царскай калясніцы,
Круціцца там,
Дзе прагне знаць
Яе аздобы
Смакаваць!

Прыйшло к Пандору
Празарэнне,
Нібы да грэшніка
Ў маленні:
Перад вяльможамі,
Аднак,
Ён у сапраўднасці –
Жабрак!

Ён думаў,
Як разумна правіць,
Як царства
Мудрасцю праславіць,
Як ашчаслівіць
Свой народ,
А царадворцы
Фарысеі,
Нібы атрутлівыя змеі,
Яго смакталі
Думак плод.
З народа
Сокі ўсе смакталі
І, плюючы
На царскі ўказ,
Сп’янела-сыта
Напявалі:
«Жывём на свеце
Толькі раз...»

Ніхто на свеце з нас
Не вечны.
Няхай
Паміж цяжкіх нягод
Пандорка
Стане чалавечны,
Пазнаўшы,
Як жыве народ.
І вернецца дамоў
Праз год!
Тады, як трэба,
Па закону
Цар
Перадасць яму
Карону.

 

Похожие статьи:

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Не трэба жыць як набяжыць...

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Сон

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Вячэра

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Развітанне

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Гусак і Певень