Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Якімовіч - Слабая воля

Увага!!! Поўны змест

I

   З вучнем 4 «А» класа Мішам Яцэвічам здарылася няшчасце – у яго раптам аслабла воля. Так заявіў ён сам. А каму ж, як не самому, відней, што ў цябе баліць?..
   Выявіўся гэты недахоп у яго выпадкова, на зборы звяна, калі сябры ўзялі Мішу ў работу за чарговую двойку па арыфметыцы. Бо які ж гонар звяну мець двоечніка! Таму і размова была надта гарачая. Міша і чырванеў, і бялеў ад такой размовы, і чмыхаў носам, а потым, калі ўжо вельмі стала нясцерпна, ледзь не расплакаўся.
   – У мяне, мусіць, зусім слабая воля, – растлумачыў ён сябрам, – хачу рабіць адно, а робіцца другое... Вось і нядаўна было. Толькі сеў рашаць задачы, а Пецька з нашага двара прыбег і кажа: «Мішка, давай сіло рабіць!» Мне няма часу, кажу. Мне трэба задачы рашаць. Я – двоечнік... «Э, – кажа Пецька, – задачы рашаць усё роўна нецікава двоечніку ці пяцёрачніку. Давай лепш снегіроў лавіць. Я ўжо і валасню дастаў». Дзе дастаў? – пытаюся. «На рынак, – кажа, – бегаў, там у аднаго каня з хваста наскуб. Ледзь не ўбрыкнуў ён мяне, нават з аглабель выскачыў. А дзядзька, як убачыў, дык хацеў пугай аперазаць. Але я ўцёк...» Паслухаў я Пецьку і згадзіўся рабіць з ім сіло...
   Пасля такіх Мішавых тлумачэнняў піянеры неяк адразу прыціхлі і паспакайнелі. Што ж, можа, і праўда ў іх таварыша слабая воля. Гэта бывае. А важаты Юра Гулейчык аж спахмурнеў, пачуўшы пра бяду, якая напаткала піянера яго звяна Мішу Яцэвіча.
   – Калі так, – паспачуваў ён Мішу, – дык табе самому, вядома, цяжка будзе выправіцца. Слабая воля – гэта вялікае няшчасце для чалавека. Але ж і звяну заставацца з двойкамі таксама ганьба...
   Юра перадыхнуў і ўнёс прапанову:
   – Я думаю, нам трэба каго прымацаваць да Мішы. – Ён абвёў вачыма сваё звяно: – Можа, Толю Кругліка? Ён – пяцёрачнік па ўсіх прадметах. Праўда, Толя?
   – Праўда! – адказалі за Толю яго сябры. – Ён як бачыш выведзе Мішу ў перадавыя.
   Толя не пярэчыў.
   Таму так і рашылі: прымацаваць да слабавольнага двоечніка Мішы Яцэвіча пяцёрачніка з моцнаю воляю Толю Кругліка і даць ім заданне: не пазней як праз тыдзень вытурыць праклятую двойку з Мішавага дзённіка і гэтым выратаваць гонар звяна.
   Трэба сказаць, што выбар Толі ў памочнікі Мішу быў вельмі ўдалы. Апрача таго, што Толя добра вучыўся, ён вызначаўся спакойным характарам і акуратнасцю ў рабоце, а Міша – зусім наадварот. Гэта, відаць, і меў на ўвазе важаты звяна, называючы Толеву кандыдатуру для дапамогі Мішу.
   Ідучы са школы, Толя спытаўся ў свайго падшэфнага:
   – Дзе будзем займацца – у вас ці ў нас?
   Міша паморшчыўся пры ўспаміне аб занятках і адказаў:
   – У нас кватэра вялікая. Можам хоць цэлы дзень у сталовай сядзець.
   Толя згадзіўся, бо дома ў іх сапраўды не так раскошна, як у Мішы.
   – А калі прыходзіць? – спытаўся ён.
   Міша зноў паморшчыўся.
   – Лепш пазней. Спачатку я падрыхтую заданні па мове і геаграфіі, а потым зоймемся задачамі.
   – А можа, лепш наадварот? – параіў Толя.
   – Не, я прывык ужо да свайго распарадку, – не згадзіўся Міша.
   – Ну, няхай будзе па-твойму. У сем гадзін прыйду.
   – Прыходзь! – гукнуў Міша і тут жа павярнуў на другую вуліцу – зусім не па дарозе дахаты...
   – Куды ж ты? – паклікаў яго Толя.
   – На Нямігу... Я скора вярнуся...
 

II

   Роўна ў сем гадзін Толя пастукаўся да Мішы. Міша сустрэў яго радасна і адразу павёў у сталовую.
   – Каб ты ведаў, Толік, якія я сёння плёнкі дастаў!..
   – Навошта? – спытаўся Толя.
   – Як – навошта! У мяне ж – ты і не ведаеш – свае кіно!
   Міша кулём кінуўся да камоды, на якой стаяла высокая прадаўгаватая каробка з надпісам «Фільмаскоп Ф-49», дастаў з каробкі невялікі металічны апарат, пафарбаваны ў чорны колер, і паказаў сябру.
   – Вось! У мяне ўжо дваццаць пяць новых плёнак.
   Сёння, пасля школы, забягаю ў магазін, а там – «Бялее парус...», «Браты Лю», «Ілья Мурамец»... Цэлых пяць штук купіў! Я ледзь дачакаўся цямна і ўжо разоў па пяць перакруціў іх (Мішу, відаць, падабалася ўсё лічыць пяцёркамі). Хочаш – пакажу!
   Толя паглядзеў на яго спалоханымі вачыма:
   – А займацца калі?
   – Паспеем! – замітусіўся Міша. – Мы толькі пяць штук перакруцім. Гэта нядоўга.
   Цікаўнасць узяла верх, і Толя з захапленнем пачаў разглядаць хатні кінаапарат.
   – Дзе ты дастаў яго? – пытаўся ён.
   – Там жа, на Нямізе. Але яны рэдка бываюць. Іх як бачыш раскупляюць. Я ўбачыў і – кулём дахаты. Так і так, кажу маме: дай грошай! «А з якой гэта ласкі?» – пытаецца мама. А з такой, кажу, што праз тыдзень мне будзе адзінаццаць гадоў, і ты мне ўсё роўна будзеш купляць падарунак. Адным словам, сяк-так угаварыў маму, і вось ужо тыдзень да імянін і тыдзень пасля імянін кручу сваё кіно. Не толькі сам гляджу, а і рабятам з усяго двара паказваю. Я не такі, як другія. Я – не скупы. Няхай глядзяць. Вось і сёння, – я і забыўся табе сказаць, – яны зараз тут будуць. Я пахваліўся, што новыя плёнкі купіў. Можа, пачакаем іх?
   I сапраўды, неўзабаве пачалі збірацца дзеці з Мішавага двара – і меншыя, і большыя. Найшло цэлы пакой, як зачыніць. Прыйшоў і Пецька, які спакусіў Мішу лавіць снегіроў. Гэта быў шчуплы і нейкі ўвесь натапыраны, як зімовы верабей, хлапчук гадоў дванаццаці. Ён адчуваў сябе тут як дома, бо адразу ж ухапіўся сцягваць у сталовую з усёй кватэры крэслы. Меншых сяк-так рассадзілі на крэслах, а большыя пасталі ззаду. Міша ўключыў свой апарат у сець, уставіў плёнку і загадаў Пецю патушыць святло.
   Хутка на экране, асветленым лямпачкай фільмаскопа, з’явіўся першы малюнак, і большыя з гледачоў – школьнікі – прачыталі ўголас:
   – Браты Лю, кітайская народная казка.
   Міша пакруціў ручку – на экране паказаўся новы малюнак: на стракатым дыване сядзелі пяць братоў Лю, да таго падобных адзін да аднаго, што нават родная маці часта блытала іх між сабой. Але гэта былі не простыя браты: кожны з іх чым-небудзь вызначаўся, што і спатрэбілася ім у бядзе, у якую трапіў адзін з братоў.
   Гледачы з захапленнем сачылі за прыгодамі братоў Лю, а Міша з такім жа захапленнем добрасумленна выконваў ролю кінамеханіка. Пасля «Братоў Лю» пайшоў «Ілья Мурамец», потым «Бялее парус...», а потым яшчэ і яшчэ...
   А калі Міша нарэшце запытаўся ў гледачоў, ці не змарыліся яны, дык усе дружна загаманілі, што гатовы глядзець хоць да раніцы.
   У гадзін дзевяць вярнуліся з прагулкі Мішавы бацькі і паклікалі яго на кухню піць чай. Дзеці разышліся. А Толя заняўся арыфметыкай адзін – ён жа таксама не рашыў сёння ніводнай задачы! Але пасля Мішавага кіно перад вачыма ўсё мітусіліся розныя малюнкі, і сухія лічбы аб тым, на колькі кіламетраў адзін поезд абагнаў другі, ніяк не хацелі лезці ў галаву. «Прыйдзецца, мусіць, лепш заўтра раней устаць...» – падумаў Толя. Ён узяў на этажэрцы «Прыгоды Бураціна», пачаў разглядаць малюнкі.
   Нарэшце Міша павячэраў і прыйшоў на заняткі. Але ў гэты час насценны гадзіннік празваніў палавіну дзесятай...
   Толя захваляваўся:
   – Я сказаў маме, што хутка вярнуся...
   I ён пачаў збірацца.
   – А як жа з арыфметыкай? – здзівіўся Міша.
   – Займіся сам. А калі не зможаш рашыць, прыходзь заўтра раней у школу, мы да званка ўсё зробім.
   Толя развітаўся і пабег дахаты.
 

III

   Назаўтра Толя праспаў і ледзь паспеў разам са званком ускочыць у клас. Ды гэта толькі першая непрыемнасць. Здарылася так, што яго якраз у гэты дзень выклікала Людміла Паўлаўна па арыфметыцы.
   Людміла Паўлаўна ведае Толю з першага года яго вучобы і даўно прывыкла да яго акуратнасці. Вось чаму яна не паверыла вушам сваім: у Толі не былі зроблены задачы! Але ж Толя не мог жартаваць. На пытанне, што з ім здарылася, Толя прамаўчаў, апусціўшы галаву. Тады Людміла Паўлаўна прадыктавала яму адну з зададзеных на дом задач і прапанавала рашыць яе каля дошкі.
   Толя запісаў умову задачы, падумаў і пачаў рашаць. I хоць не хутка, а ўсё ж сяк-так справіўся з ёю. Людміла Паўлаўна крыху супакоілася і ніякай ацэнкі ў дзённіку не паставіла. Аднак яна сапраўды была моцна ўражана тым, што Толя аказаўся такім няўважлівым да арыфметыкі, якую ён любіць, здаецца, больш за іншыя прадметы.
   Мішу ў гэты дзень па арыфметыцы не выклікалі, і таму ён, як заўсёды, быў у добрым настроі і ўжо марыў аб чарговых забавах.
   Аднак Толя ўлічыў сваю памылку і вырашыў стаць хітрэйшым: па гэты раз ён прапанаваў свайму падшэфнаму заняцца арыфметыкай адразу пасля абеду.
   – Давай, – згадзіўся Міша, – паспрабуем увесці новы распарадак. А потым кожны будзе займацца хто чым захоча.
   Вось чаму на другі дзень хітры Толя прыйшоў у пяць гадзін вечара. Але Мішы дома не было. Маці сказала, што ён прасіў Толю пачакаць. Толя прысеў на канапе і заняўся разглядам апошніх нумароў «Огонька». А там было гэтулькі малюнкаў, што іх і за дзень не перагледзіш!
   Уж добра сцямнела, калі нарэшце вярнуўся Міша. Ён так расчырванеўся па марозе і быў такі вясёлы, што Толя аж пазайздросціў яму. Мала гэтага – ён тут жа раскруціў перад Толем нейкі газетны скрутак і, як фокуснік, спрытна выхапіў з яго... бацінкі з канькамі. Але што гэта былі за канькі. Самыя сапраўдныя хакеі! Мара ўсіх паважаючых сябе юных канькабежцаў!
   – Гэта мне дзядзька, татаў брат, у дзень імянін падарыў. Я аддаваў іх у майстэрню, каб прымацавалі да бацінак, і вось толькі што забраў, – растлумачыў Міша, адкуль у яго такія канькі завяліся.
   Ну, як было не пакатацца на новых хакеях! Але ж дзеля гэтага прыйшлося паехаць па самы сапраўдны каток, бо не будзе ж паважаючы сябе канькабежац катацца дзе-небудзь на звычайным двары.
   Праўда, Толя спачатку завагаўся быў: трэба ж задачы рашаць! Ды шустры Міша ўгаварыў яго, што яны доўга не забавяцца, а калі нават і забавяцца, дык не будзе ж Людміла Паўлаўна раз за разам выклікаць Толю па арыфметыцы!
   Але Міша памыліўся. Людміла Паўлаўна разважала па-свойму: з Толем нешта здарылася, і за ім трэба пільна сачыць. Вось чаму яна і не дала яму перадышкі, а зноў выклікала на другі дзень.
   I Толя зарабіў двойку... Першую двойку па любімай арыфметыцы.
   Піянеры захваляваліся, і важаты Юра вымушаны быў склікаць пасля ўрокаў збор звяна.
   Засмучаны Толя расказаў, як усё было, а Міша пацвердзіў, што ўсё было так, як сказаў Толя, што ён нічога не схлусіў. Спачатку ўсе разгубіліся: каго вінаваціць за новую двойку – шэфа ці падшэфнага? А потым усё гучней пачалі раздавацца галасы, што вінаваты ўсё ж Міша: ён проста знарок спакусіў Толю сваімі фільмаскопам і канькамі! Міша ж кляўся чэсным піянерскім, што зрабілася ўсё гэта ненарокам, што ніякай крыўды на Толю ён не меў і не мае.
   – Ну вось, бачыце, – сказаў важаты. – Мы тады паверылі Мішу, што ў яго слабая воля. А цяпер што вы скажаце? У каго слабая воля?
   – У Толі! – дружна засмяяліся піянеры.
   – Вядома, што ў Толі! У Мішы, наадварот, такая моцная воля, што ён за два дні адвучыў Толю ад арыфметыкі. I цяпер я прапаную адмацаваць, пакуль не позна, Толю ад Мішы, каб не мець у звяне лішняга двоечніка.
   – А як жа з Мішавай двойкай? – запытаўся Толя.
   – Няхай ён сам і выпраўляе яе, – цвёрда сказаў важаты Юра. – Цяпер мы ведаем: у яго не слабая воля, а моцнае гультайства да вучобы... Праўда, Міша?
   – Праўда... – вінавата адказаў Міша і апусціў вочы.

1953 г.

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Байка пра казла

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аладкі

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аўтамат

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк