Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Алега Лойкі

   А. Лойка нарадзіўся 1 траўня 1931 г. у г. Слоніме, што на Гродзеншчыне, скончыў філалагічны факультэт БДУ і з 1956 г. пачаў там жа працаваць выкладчыкам беларускай літаратуры, пазней там жа абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, стаў прафесарам і членам-карэспандэнтам АН БССР. У перыяд з 1959 па 1990 г. ён выдае свае паэтычныя зборнікі з інтэрвалам прыблізна ў два гады: «На юначым шляху» (1959), «Задуменныя пералескі» (1961), «Дарогі і летуценні» (1963), «Блакітнае азерца» (1965), «Каб не плакалі кані» (1967), «Дзівасіл» (1969), «Калі ў дарозе ты...» (1971), «Шчырасць» (1973), «Пачуцці» (1976), «Лінія жыцця» (1978), «Скрыжалі» (1981), «Няроўныя даты» (1983), «Грайна» (1986), «Пралескі ў акопах» (1987), «Балады вайны і міру» (1989) і «Талая вясна» (1990). Ён таксама многа піша для дзяцей, займаецца перакладамі, у тым ліку з Верлена і Гётэ, а на пачатку 80-х стварае напаўдакументальны твор пра жыццё Янкі Купалы.
   Пры такой неверагоднай пладавітасці ў розных жанрах было б вельмі дзіўна, каб Лойка дасягнуў паўсюль нязменна высокіх рэзультатаў. Аднак адным з бясспрэчных ягоных дасягненняў стала распрацоўка балады як літаратурнага жанру. Сярод ягоных найбольш удалых балад можна ўзгадаць «Баладу Траецкай гары» (1965), «Юнак быў з-пад Слоніма родам...» (1958) і «Дзень народзін» (1976). Дзве апошнія прысвечаны ваенным падзеям. У баладзе «Юнак быў з-пад Слоніма родам...» Лойка распавядае пра маладога беларускага партызана, які, трапіўшы ў гестапа, мужна зносіў усе катаванні. Балада «Дзень народзін» пачынаецца не зусім дакладным эпіграфам з Гейнэ і апісвае садысцкія зверствы нацыстаў, якімі суправаджалася святкаванне семнаццацігоддзя нямецкай дзяўчыны. Абедзве балады ўспрымаюцца хутчэй не як узоры велічнай і кранальнай паэзіі, а як трагічны вершаваны дакумент з залішнім пафасам і ўласнымі спасылкамі, як, напрыклад, недакладная і недарэчная цытата з Г. Гейнэ.
   Добрая абазнанасць Лойкі ў пытаннях гісторыі і культуры паўплывала на ягоныя вершы, прысвечаныя беларускай мінуўшчыне, такія, як «Лямантацыі Кірылы Тураўскага» (1971), «Партрэт Сымона Буднага» (1974), вышэйпамянёная «Балада Траецкай гары» і «Цётка» (1971). Паэт і сапраўды стварыў вялікую колькасць разнастайных твораў, і пры такой пладавітасці будуць памятаць, падобна, толькі нязначную частку ягоных вершаў, у першую чаргу з-за ўстойлівай тэндэнцыі да выкарыстання дэталяў, якія набліжаюцца хутчэй да банальнасці, чым да прастаты, да сентыментальнасці, якая не можа глыбока закрануць душу, а таксама наіўны светапогляд, што кантрастуе з адноснай шырынёй ягоных ведаў. Узорамі такой сентыментальнаці могуць паслужыць прыклады з ягонай ранняй паэзіі, такія, як верш «Маці» (1953), сціслае апісанне першага паходу ў школу маленькага хлопчыка, якое заканчваецца наступнымі словамі: «Ціха ў інтэрнаце, / І кожны ўспамінае сваю маці», альбо «Ледзь скрыпнуў журавель» (1958), з якога мы прыводзім апошнюю страфу:

Змоўк журавель... І я з вядра паволі
Празрыстую ваду ў карыта лью,
І мыюся, і рады як ніколі
Вадзе, нябёсам, хмаркам, жураўлю!..

   Другім тыповым прыкладам лірычнай паэзіі Лойкі з’яўляецца верш без назвы 1965 г.:

Заўсёды трошкі таямніцай
Была ты для мяне і ёсць:
Чагосьці светлага крыніцай,
Перад якім я – толькі госць.

Прывабнай зоркай з яснай высі
Сышла ў мае семнаццаць год.
Узяць пад ручку баючыся,
Цябе праводзіў да варот.

Ты мне і сёння – таямніца,
І, можа, шчасце ў тым і ёсць,
Каб не напіцца з той крыніцы,
Перад якой ты – вечны госць!..

   У вершы «Вечны запавет» (1984), прысвечаным М. В. Гладкаму, аўтар кожны чацвёрты радок заканчвае сцвярджэннем, што «кожны чалавек – паэт», і заключае двума павучальнымі, але досыць шчырымі радкамі: «Душа як шчасце, прагне слова / Пераўтварыць на шчасце свет!..» У якасці эпіграфа да іншага верша пад назвай «Калі гіне паэт», напісанага 24 кастрычніка 1977 г., узятыя словы з шыльды на адной з варшаўскіх вуліц, якая сведчыць пра тое, што тут загінуў Кшыштаф Бачыньскі. У гэтым творы аўтар сцвярджае найвышэйшую вартасць паэта менавіта для таго часу, у які ён жыве. Гэтае велізарнае значэнне паэзіі падкрэсліваецца ў наступных радках верша:

Калі гіне паэт
Гіне большае ад чалавека!
... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ...
Калі гіне паэт
На вуліцы той ці гэтай,
Абнаўляецца свет
Яго смерцю пачатай
Легендай.

   Па праўдзе кажучы, цяжка здагадацца, ці стварыў сам Лойка легенду ў паэзіі альбо ў навуцы, і ці наогул магчыма гэта. Аднак жа ён, несумненна, доўга і многа працаваў у абодвух напрамках.


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

 

Похожие статьи:

Алег ЛойкаАлег Лойка - Радзіме

Алег ЛойкаАлег Лойка - Сівы конік

Алег ЛойкаАлег Лойка - Скачуць, скачуць жарабяткі...

Алег ЛойкаАлег Лойка - Над Шчарай

Алег ЛойкаАлег Лойка - Верабейчык, верабей