Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ідэалізацыя

   Ідэалізацыя (ад франц. іdealisation) – уяўленне або адлюстраванне пэўнай з’явы ў лепшым выглядзе, вылучэнне толькі станоўчых бакоў гэтай з’явы.
   Спосабам ідэалізацыі карысталіся пісьменнікі-рамантыкі, якія малявалі сваіх герояў незвычайна смелымі, высакароднымі, г. зн. паказвалі іх у адпаведнасці з сваім эстэтычным ідэалам, вельмі ярка, кантрастна выяўляючы гэты ідэал.
   Спосаб ідэалізацыі прыйшоў у літаратуру з вуснай народнай паэзіі, з народных легенд, гераічных песень, казак, былін, якім ён асабліва ўласцівы.
   У беларускай літаратуры спосабам ідэалізацыі карысталіся і карыстаюцца многія пісьменнікі. Выразны прыклад знаходзім у паэме Янкі Купалы «Бандароўна» ў абмалёўцы вобраза Бандароўны:

Хараства такога ў свеце
Не было, не будзе;
Аб ёй людзі гаварылі,
Як аб нейкім цудзе.
Як маліны, яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзве зоркі, яе вочкі,
Гляне – свет яснее.

 

   Iдэалізацыя мае і іншае значэнне – прыхарошванне рэчаіснасці, затушоўванне ценявых бакоў, супярэчнасцей жыцця.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.