Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шаіры

   Шаіры – грузінская форма чатырохрадковай страфы сілабічнага верша. У кожным радку – па шаснаццаць складоў, усе радкі рыфмуюцца паміж сабой, рыфмы жаночыя (у т. зв. высокім шаіры – магалі) або дактылічныя (у т. зв. нізкім шаіры – дабалі).
   Сустракаецца шаіры ў найдаўнейшых узорах грузінскай паэзіі, але асабліва па-майстэрску выкарыстаны ў паэме Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры», дзе чаргуюцца высокі і нізкі шаіры. Дакладна перадаць рытмічны лад і наогул усю структуру шаіры на славянскіх мовах, у тым ліку на беларускай, бадай, немагчыма. Звычайна «Віцязя ў тыгравай шкуры» ўзнаўляюць васьмістопным харэем. Што да рыфмы і рыфмоўкі, то некаторыя перакладчыкі паслядоўна чаргуюць строфы з мужчынскай і жаночай рыфмай, лічачы страфу з мужчынскай рыфмай аналагам высокага шаіры, а з жаночай – нізкага шаіры. Рускі паэт К. Бальмонт пры перакладзе паэмы ўжыў перакрыжаваную рыфмоўку з чаргаваннем жаночых і мужчынскіх рыфмаў. Такім жа чынам пераклалі паэму на беларускую мову Алесь Звонак і М. Хведаровіч:

 

Той, хто сілаю магутнай даў Сусвету існаванне,
Хто з нябёс паслаў дыханне для істоты нежывой, –
Падарыў зямлю нам гэту, ўсю ў шматколерным убранні,
А царам зямным надаў ён уладарны выгляд свой.


   Форму шаіры выкарыстаў Максім Танк у вершы, прысвечаным Шата Руставелі («Шаіры»).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.