Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Умоўнасць мастацкая

   Умоўнасць мастацкая - неадпаведнасць мастацкага выяўлення рэальнаму аб'екту гэтага выяўлення.
   Ужо тое, што сродак літаратурнага пазнання рэчаіснасці - слова з'яўляецца толькі знакам нейкага аб'екта рэчаіснасці, сведчыць у цэлым пра ўмоўны характар літаратуры (зрэшты, як і любога віду мастацтва). Слова па асацыяцыі выклікае ў нашай свядомасці ўяўленне пра той ці іншы аб'ект рэчаіснасці. Таму часам гавораць пра вобразы зрокавыя, слыхавыя, дотыкавыя, абаняльныя і асязальныя.
   Што датычыць мастацкай умоўнасці у канкрэтных літаратурных творах, то яна бывае двух тыпаў. Па-першае, ня ўзроўні вобраза (у шырокім сэнсе). Умоўнасць такіх вобразаў-тропаў, як гіпербала, літота, сімвал, алегорыя, гратэск і гэтак далей, не патрабуе доказаў. Але нават пры стварэнні ў рэалістычным творы вобраза-персанажа, у якога маецца рэальны прататып, пісьменнік абавязкова выкарыстоўвае вымысел мастацкі. Гэта датычыцца не толькі "чыста" мастацкай, але навукова-мастацкай, навукова-папулярнай, і нават дакументальна-мастацкай літаратуры, дзе не толькі дзейныя асобы, але нават сюжэт (месца і час дзеяння, паказ канкрэтных сітуацый і інш.) утрымліваюць вялікую долю мастацкіх умоўнасцей.
   Што да другога тыпу мастацкай умоўнасці, то яна звязана з наўмысным парушэннем мастацкага праўдападабенства ў стылі твора. Гэта назіраецца, у прыватнасці, у некаторых фальклорных творах (казкі, легенды, балады), у навукова-фантастычнай літаратуры, нават як прыём у творах пісьменнікаў, якія карыстаюцца рэалістычным літаратурным метадам ("Шинель" М. Гогаля, "Мастер и Маргарита" М. Булгакава і інш.).
   У літаратурных творах звычайна ўзаемадзейнічаюць абодва тыпы мастацкай умоўнасці.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.