Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пісьменнік

   Пісьменнік - аўтар мастацкіх твораў, літаратар-прафесіянал.
   У залежнасці ад роду, віду і жанру літаратуры, якія выкарыстоўваюць пісьменнікі, гавораць пра празаікаў, ці белетрыстаў, паэтаў, драматургаў, сатырыкаў, публіцыстаў, перакладчыкаў, крытыкаў, сцэнарыстаў. Падчас у адносінах да пісьменнікаў ужываюць найменні, якія непасрэдна ўказваюць на жанр ягонай творчасці. У прыватнасці, сярод празаікаў вылучаюць раманістаў, апавядальнікаў, навелістаў, нарысістаў, эсэістаў, памфлетыстаў, фельетаністаў, сярод драматургаў — кінадраматургаў, лібрэтыстаў, сярод сатырыкаў — гумарыстаў, байкапісцаў, сярод драматургаў — камедыёграфаў.
   Галоўнае, што адрознівае пісьменніка ад графамана (ад грэч. grapho - пішу і mania - жарсць, вар'яцтва), - наяўнасць у пісьменніка спецыфічных прыродных літаратурных здольнасцяў, у той час як у графамана жарсць да пісання не падмацавана наяўнасцю творчага дару. Літаратурныя здольнасці дзякуючы няспыннай працы, творчай вучобе (знаёмства з творчасцю майстроў мастацкага слова, паглыбленне ведаў па гісторыі і тэорыі літаратуры, настойлівая літаратурная практыка) могуць узвысіцца да таленту.
   Талент - гэта вастрыня і арыгінальнасць светаўспрымання, глыбіня светаразумення, выдатнае валоданне моўнымі скарбамі, арсеналамі паэтыкі, што ўвасабляецца ў высокім творчым майстэрстве. Найчасцей талент рэалізуе сябе ў адным ці некалькіх відах і жанрах літаратуры, значна радзей - ва ўсіх ці большасці. Унікальны прыклад шырыні пісьменніцкага таленту - Уладзімір Караткевіч, якога прырода надзяліла здольнасцямі, бадай, ва ўсіх родах, відах і жанрах літаратуры (ён празаік, паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, нарысіст, сцэнарыст, лібрэтыст, літаратурны крытык...). Часам літаратурныя здольнасці суседнічаюць са здольнасцямі ў іншых відах мастацтва. Той жа Караткевіч добра маляваў, меў выдатны музычны слых і прыемны голас (барытон), валодаў артыстычнымі здольнасцямі (выконваў асобныя ролі ў фільмах па сваіх сцэнарыях, прыгожа дэкламаваў мастацкія творы іншых пісьменнікаў)...
   Характар, форма і шляхі рэалізацыі таленту, тое, як піша пісьменнік, залежаць ад многіх акалічнасцяў — сацыяльных, палітычных, псіхалагічных, нават фізіялагічных. Вядома, што Аркадзь Куляшоў складаў вершы пераважна лежачы; Уладзімір Караткевіч карыстаўся толькі выдатнымі самапіскамі з чорным чарнілам, сядаў за пісьмовы стол звычайна ў чыстай, адпрасаванай кашулі і гэтак далей.
   Усімі фізіялагічнымі, душэўнымі (псіхіка) і духоўнымі (свядомасць) момантамі творчай працы займаецца псіхалогія творчасці.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыТалент пісьменніка

Пераказы, дыктантыБеларускі пісьменнік