Пераакцэнтуацыя (рытмічная інверсія) — несупадзенне ў асобных стопах вершаванага радка акцэнтаў граматычных і метрычных.
Дзеля захавання рытмічнай інерцыі і рыфмы некаторыя словы ў канцы вершаваных радкоў часам набываюць неўласцівы ім націск:
Пыталася ў бобра,
Ці будзе нам добра.
(Нар.)
Ой, кажане, кажане,
Чом не сеў ты на мяне?
(Паўлюк Багрым.
«Зайграй, зайграй, хлопча малы»)
Тут, як бачым, перамагае рытмічны акцэнт.
У іншых выпадках можа браць верх акцэнт граматычны, што прадвызначае выразнае рытмічнае падкрэсленне таго ці іншага слова (паняцця):
Калі гора сагне,
Запалоніць тугой,
Не лякуй ты мяне
Больш спагадай сваёй,
А травой баравой,
Святаянскай расой,
Ранішняй сінявой,
Песняй маці маёй.
(Максім Танк. «...Калі гора сагне»)
Асабліва выразна адчуваецца пераакцэнтуацыя на фоне «чыстага» Д3 у вершы Янкі Купалы «Ёсць жа яшчэ…...»:
Ёсць жа яшчэ ў мяне сіла
Крыўдзе не дацца, змагацца,
Над спячых продкаў магілай
Вольна маланкай мігацца.
Ёсць жа яшчэ ў мяне сэрца,
Поўнае шчырых жаданняў,
Якое перш разарвецца,
Чымся любіць перастане.
Мастацка непрадвызначанае карыстанне пераакцэнтуацыяй, злоўжыванне ёй (у гэтым выпадку гавораць пра збой рытму) сведчыць пра недастатковую вершавую культуру паэта.
Некаторыя вершазнаўцы пераакцэнтуацыю называюць сінкапіраваннем (сінкопа — перанос у музычным творы націску з моцнай долі такта на слабую).