Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Навуковая паэзія

   Навуковая паэзія — жанравая разнавіднасць медытатыўнай лірыкі, аб'ектам якой з'яўляюцца навуковыя тэорыі, адкрыцці, гіпотэзы.
   Тэрмін навуковая паэзія ўпершыню ўвёў у літаратуразнаўства французскі пісьменнік Р. Гіль ("Трактат пра слова", 1896). Такую паэзію актыўна развіваў і прапагандаваў рускі паэт В. Брусаў — як у тэарэтычных выказваннях, так і ў творчасці ("Мир измерений", "Мир электрона" і інш.).
   Тэрмін гэты даволі ўмоўны. З большымі падставамі ён можа ўжывацца ў дачыненні да старажытнай і сярэдневяковай літаратуры, дзе вершаванай мовай карысталіся ў гістарычных, філасофскіх, мастацтвазнаўчых і нават прыродазнаўчых трактатах (паэмы Лукрэцыя "Аб прыродзе рэчаў", Верлігія "Георгікі", Буало "Паэтычнае мастацтва"). Аднак і зараз існуе шэраг паэтаў, узброеных сучасным навуковым светапоглядам, для якіх навуковыя дасягненні не толькі гуманітарных, але і прыродазнаўчых навук маюць асаблівую цікавасць, становяцца аб'ектам паэтычнага разгляду, роздуму (Л. Мартынаў, Э. Межэлайціс, А. Суляйменаў, І. Драч і інш.).
   Першым з беларускіх пісьменнікаў цікавасць да навуковай паэзіі выявіў Максім Багдановіч. У незакончаным артыкуле "Паэзія геніяльнага вучонага" (1911) ён разважыў пра тое, "чаму б паэзіі і навуцы не ісці рука ў руку", паколькі ў іх "адна і тая ж агульная мэта: задавальненне пазнавальных патрэб чалавека". Беларускі паэт спасылаўся пры гэтым на аўтарытэт Гётэ, "вялікага паэта і буйнога вучонага, паміж паэтычнымі адкрыццямі якога і яго навуковым светапоглядам існуе несумненная сувязь", а таксама — і перш за ўсё — на творы М. Ламаносава, да некаторых з якіх можна прымяніць назву "навуковая паэзія". У сваёй уласнай творчасці аўтар "Вянка" заўсёды ўлічваў поспехі розных навук — археалогіі, гісторыі, біялогіі, фізікі і г. д. Асобныя яго вобразы і нават цалкам вершы ўзнікалі ў выніку знаёмства з тымі ці іншымі навуковымі адкрыццямі (санеты "Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі", "Что из того, что стих в душе кипит?", верш "Усплыла грамада сіфанафора" і інш.).
   У сучаснай беларускай паэзіі пафас навуковых адкрыццяў ляжыць у аснове асобных твораў Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, А. Русецкага, С. Дзяргая, Алеся Разанава і інш.

Похожие статьи:

Пімен ПанчанкаДухоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі

Ніл ГілевічМатывы і вобразы паэзіі Ніла Гілевіча

Сучасная літаратура БеларусіСучасная паэзія Беларусі

Аркадзь КуляшоўПаэзія Аркадзя Куляшова

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы