Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Наватарства

   Наватарства (ад лац. novator — абнавіцель) — новы падыход да адлюстравання жыцця, які суправаджаецца таксама і абнаўленнем мастацкай формы, выяўленчых сродкаў, адкрыццё новых шляхоў у мастацкай творчасці. Творчасць кожнага выдатнага пісьменніка нясе ў сабе новыя ідэі, вобразы, новыя думкі аб жыцці, адкрывае яшчэ нязведаныя бакі рэчаіснасці. Разам з гэтым у ёй выкарыстоўваюцца і новыя спосабы, прыёмы мастацкага адлюстравання жыцця, якія не сустракаліся раней. Такім чынам, кожны сапраўдны, вялікі пісьменнік — наватар у літаратуры. Але новае не ўзнікае на пустым месцы. Для таго каб стварыць нешта арыгінальнае, сваё, пісьменнік павінен авалодаць вопытам сваіх папярэднікаў, засвоіць іх дасягненні ў вобразным адлюстраванні жыцця. Толькі абапіраючыся на ўжо дасягнутае, развіваючы папярэднія дасягненні, пісьменнік можа адкрываць новыя шляхі ў літаратуры.
   Сіла і значэнне наватарства залежаць ад таленту пісьменніка, ад шырыні яго кругагляду, прагрэсіўнасці светапогляду, ад мастацкіх традыцый літаратуры, на якія ён абапіраецца. Наватарства ў літаратуры залежыць ад гістарычнага развіцця грамадства, ад тых сацыяльных і іншых зрухаў, перамен, якія адбываюцца ў рэчаіснасці.