Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Глоса

   Глоса (ад грэч. glossa — цяжкае, рэдкае слова) — своеасаблівы від верша, напісанага дзесяцірадкоўямі.
   Глоса заўсёды пачынаецца з эпіграфа (часцей за ўсё чатырохрадковага). У дэцымах развіваецца і паглыбляецца думка, закладзеная ў эпіграфе.    Колькасць дзесяцірадкоўяў глосы непасрэдна залежыць ад колькасці радкоў эпіграфа: імі паслядоўна заканчваецца кожная з дэцым.
   Спачатку глосы (яшчэ ў антычнасці) азначала ўстарэлае ці незразумелае слова, што сустракалася ў тэксце і патрабавала тлумачэння. Ствараліся спецыяльныя гласарыі — слоўнікі, у якіх збіраліся і тлумачыліся такія словы. Дарэчы, у мовазнаўчай літаратуры прыблізна ў такім значэнні тэрміны «глоса» і «гласарый» ужываюцца і зараз.
   Глоса як від верша ўпершыню ўзнікла ў стараіспанскай паэзіі і затым набыла пэўнае пашырэнне ў іншых еўрапейскіх літаратурах. Узор класічнай глосы ёсць у XVІІІ раздзеле другой часткі вядомага рамана Сервантэса «Дон-Кіхот».
   Глосу напісаў украінскі паэт М. Ткач. З беларускіх паэтаў першую арыгінальную глосу стварыў Ф. Баторын (у кнізе «Зялёны тралейбус», 1986). Твор яго своеасаблівы: строфы маюць не па дзесяць, як звычайна, а па восем радкоў; пачынаецца глоса васьмірадковым эпіграфам, радкамі якога (толькі ўжо запісанымі ў адваротным парадку) яна і заканчваецца. Класічную форму выкарыстаў для сваёй «Глосы» С. Кавалёў:

 

Колькі мужнасці і сілы
Трэба кожнаму ў жыцці,
Каб з калыскі да магілы
Вартым годнасці прайсці!
Шлях пачнецца з першым крыкам,
З першым рухам не ў сабе.
Свет застыне ў варажбе, —
Што ў табе: бяда ці ліха,
Радасць млявым парадзіхам,
Жар паходні неастылы
Ці над продкам крыж пахілы?..
Вырываеш крык, бы птаху:
Колькі ў ім сляпога жаху!
Колькі мужнасці і сілы!

Падрасцеш ты — і Сусвет
Выявіць тваё аблічча,
Быццам люстра, арганічна
Створыць вобраз неўпрыкмет:
Недапісаны партрэт,
Што заўсёды ў развіцці.
Глянь у люстра — і расці
З белым светам вочы ў вочы.
У сябе зірнуць аднойчы
Трэба кожнаму ў жыцці!

Будзе праца і натхненне,
Шчасце незямной удачы,
Будзе плач глухі бядачы
На руінах летуцення
Без суцехі, без збавення.
А дзявочы тварык мілы
Зноў надасць узмах і крылы...
Аб адным папросіш Бога:
Не спынялася дарога
Каб з калыскі да магілы!

Пекла зведаеш і рай,
Зразумееш: жыць — цудоўна.
Дзе б ні быў, але ўсё роўна
Аднаго не забывай:
Свой далёкі родны край.
Той сябе асіраціў ,
У каго кліч продкаў сціх ,
Зніч знібеў у стылым сэрцы,
Той не зможа ў лапы смерці
Вартым годнасці прыйсці!