Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Бурымэ

   Бурымэ (ад франц. bouts – заканчэнні і rіmes – рыфмаваныя) – верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы.
   Бурымэ узнікла ў Францыі ў першай палове XVІІ ст. як чыста літаратурная забава. Часам нават аб’яўляліся спецыяльныя конкурсы на напісанне вершаў на зададзеныя рыфмы. Так, А. Дзюма правёў у Францыі спаборніцтва на лепшае бурымэ і апублікаваў у 1864 г. кнігу, у якую ўвайшлі вершы 350 удзельнікаў спаборніцтва. У 1914 г. падобны конкурс арганізаваў пецярбургскі часопіс «Весна».
   З XX ст. бурымэ становіцца пераважна эстрадным жанрам: гледачы называюць рыфмы, а артыст-вершаскладальнік экспромтам прыдумвае на гэтыя рыфмы вершаваны тэкст.
   У наш час бурымэ – жартоўны, пацяшальны верш. Такім, у прыватнасці, з’яўляецца верш Ніла Гілевіча «Кулінарна-музычная залежнасць», у якім зарыфмаваны назвы асобных музычных інструментаў.

   У беларускай народнай паэзіі бурымэ вядома з самых даўніх часоў, і тут яно, у адрозненне ад літаратурнага бурымэ, не з’яўляецца вершам-забаўкай. Словы, да якіх падбіраюцца рыфмы, не выпадковыя, яны арганізаваны ў пэўную сістэму, «вядуць» за сабой змест. Такі верш бурымэ лёг у аснову вядомай песні «Ой хацела ж мяне маці замуж аддаць», дзе рыфмы падабраны паслядоўна да сямі парадкавых лічэбнікаў: первы – няверны, другі – ходзіць да падругі, трэці – як у полі вецер, чацвёрты – ні жывы ні мёртвы, пяты – п’яніца пракляты, шосты – малы, недарослы, сёмы – прыгожы і вясёлы. Назвы ўсіх дзён тыдня прадвызначылі рыфмы, а разам з тым і арганізавалі вершаваныя радкі другой жартоўнай беларускай народнай песні – «Ад панядзелка да панядзелка»:

 

Ад панядзелка да панядзелка
Смачна п’ецца нам гарэлка.
Прадамо пшаніцы ворак –
Яшчэ вып’ем і ў аўторак.
Прадамо валоў чароду –
Яшчэ вып’ем і ў сяроду.
І ў сяроду, і цяпер –
Яшчэ вып’ем і ў чацвер.
Прадамо бочку пшаніцы,
Яшчэ вып’ем і ў пятніцу.
І, закончыўшы работу,
Яшчэ вып’ем і ў суботу.
Маем добрую надзею,
Што пахмелімся ў нядзелю.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.