Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аплікацыя

   Аплікацыя (ад лац. applicatio, літаральна – прыкладванне) – увядзенне ў тэкст літаратурнага твора нейкага вядомага выслоўя: прыказкі, прымаўкі, радка з песні, верша і г. д.
   На паэтычным выкарыстанні народных прымавак заснаваны верш Пімена Панчанкі «Простыя ісціны». Рыгор Барадулін увёў у свой твор радкі з народнай беларускай песні, выдзеліўшы іх не толькі інтанацыйна, але і графічна:

 

Дробненькі дожджык дый накрапае...
Журыцца мінская радыёхваля.
Балтыка, зайздрасць твая сляпая.
Хмарныя хвалі
Сонца схавалі.

Выйдзі, дзяўчына,– сэрца чакае...
Можаш чакаць, як пагоды з мора.
Шалёнагубая, гулам цяжкая.
Б'ецца ў адчаі салоная змора.

Я ж тваіх ножак не замарожу...
Снежань, чаму не нагурбіў выдмаў?
Я ж твае ножанькі ў шапачку ўложу...
Дождж пад піліпаўку, хто яго выдумаў?


   Асобы від аплікацыі – увядзенне ў тэкст назваў твораў або кніг нейкага вядомага пісьменніка, мастака. Напрыклад:

 

То не плач яго Бандароўны,
А зажынкавы спеў ля гаю.
Што калісьці было безназоўным,
І імя і спадчыну мае.

Над ракой Арэсай расою
Умываліся дружна бярозкі.
Любаваўся Купала красою
І ад сэрца вітаў наш росквіт.

(С. Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»)

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.