Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Анжамбеман
Анжамбеман (ад фр. enjamber – пераступаць, пераскокваць) – стылістычны прыём, пры якім сінтаксічна цэласнае словазлучэнне, пачатак якога знаходзіцца ў адным вершаваным радку, заканчваецца ў наступным. Анжамбеман заснаваны на несупадзенні рытмічнай міжрадковай паўзы з сэнсавай паўзай. На словазлучэнне, раздзеленае міжрадковай паўзай, звяртаецца асаблівая ўвага, а сама міжрадковая паўза набывае выразны экспрэсіўны характар, падкрэсліваючы словы, што стаяць перад ёй і – асабліва – за ёй. Анжамбеман дапамагае стварыць размоўную інтанацыю, перадаць эмацыянальную напружанасць маўлення, падкрэсліць галоўную думку.
Існуюць наступныя разнавіднасці анжамбеману: радковы, строфны і складовы. Пры радковым анжамбемане сінтаксічна цэласнае словазлучэнне можа запаўняць поўнасцю суседнія вершаваныя радкі або займаць першы радок і заканчвацца ў пачатку другога:
Шлях ціснецца паміж стваламі,
Каб ведаў кожны без прынук –
Наш лёс,
як дол,
прарос вузламі
Сялянскіх спрацаваных рук.
(С. Законнікаў. Дарога ў Альбуць).
Пры радковым анжамбемане адзін радок можа заканчвацца злучнікам ці прыназоўнікам, а словы, да якіх яны адносяцца, пачынаюць наступны радок:
Творчасць – гэта вечны сыход упрочкі ад
тых, каго любіш.
(А. Белая. Творчасць – гэта вечны сыход упрочкі ад).
Зноў хмара злуецца, зноў, мусіць, з тугі
Кідае свае бліскавіцы,
Рассунуць хацела б яна берагі,
Хацела б
Краямі ўмясціцца.
I не ўпершыню з непакоем былым
Удаль адплывае без згадкі.
А следам за ёй.
Як за лёсам сваім,
Спяшаюцца воблакаў статкі.
Глядзяцца - адбітыя ў завадзяў шкле –
З нябёс у люстраную плошчу,
Красу сваю бачаць, блакіт свій,
Але
З воблакам тым не зайздрошчу.
(Аркадзь Куляшоў.
Плыла, цалавалася хмара з зямлёй...).
Строфны анжамбеман прадугледжвае перанос сінтаксічна цэлага словазлучэння на іншую страфу, прычым міжстрофная паўза па працягласці крыху большая за міжрадковую:
Не думай, што дзеля славы
Я песні свае пяю.
Паэзіі па праву
Поўнасцю аддаю
Сябе. Не заслоняць спіны
Яе ад мяне назаўжды,
Бо я без яе, як спінінг
Без сіняй рачной вады.
(А. Сербантовіч. Не думай, што дзеля славы...).
Пры складовым нжамбемане міжрадковая паўза дзеліць на часткі не словазлучэнне, а слова:
I з ахвотаю, са скрыпам
Стаў узнімацца шлаг-
баум. Шафёр прыспешваў крыкам
I крануўся ў шлях.
(Анатоль Вярцінскі. Здарэнне ля шлагбаума).