Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



"Ідылія" В. Дуніна-Марцінкевіча

   На долю п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча "Ідылія" (другая назва – "Сялянка") выпаў шчаслівы лёс. Напісаная ў 1846 г., яна і ў нашы дні з поспехам ставіцца на сцэнах многіх тэатраў, карыстаецца папулярнасцю ў гледачоў. Сам аўтар, які быў душою аматарскага калектыву і ўдзельнічаў у многіх яго пастаноўках, з сімпатыяй адносіўся да герояў "Ідыліі" Менавіта ў гэтым спектаклі ён бліскуча выконваў ролю Навума – самабытнага, яркага, эмацыянальнага вобраза, захавальніка духоўных традыцый. Гэта роля прынесла В. Дуніну-Марцінкевічу вядомасць і папулярнасць і як акцёру, і як пісьменніку. Пазней імя і прозвішча любімага вобраза сталі літаратурным псеўданімам аўтара.
   У аснове сюжэта п’есы – актуальная для таго часу праблема ўзаемаадносін селяніна і пана. Падзеі адбываюцца ў маёнтку Кароля Лятальскага – легкадумнага маладога пана, які большую частку часу праводзіць у забавах, прыемных вандроўках, "лётаючы" па свеце. Вярнуўшыся з Францыі ў свой спадчынны маёнтак, Лятальскі з жахам думае аб тым, як можна жыць у гэтым нецывілізаваным краі сярод мужыкоў. У хуткім часе ён сустрэўся з "прыгоннай сялянкай" Юліяй і закахаўся ў яе. Пад уплывам сустрэч з Юліяй і яе бацькам герой п’есы па-іншаму пачынае глядзець на прыгонных сялян, лічачы, што ў іх добрыя сэрцы і што яны здольныя на высокія пачуцці і высакародныя ўчынкі. Лятальскі прапануе дзяўчыне руку і сэрца, клянецца быць клапатлівым бацькам для сялян. "Хачу іх любіць, і каб яны мяне любілі...", – усклікае ён. У канцы п’есы высвятляецца, што Юлія – пераапранутая паненка, якая сваімі дзеяннямі вырашыла змяніць погляды Лятальскага на сялян і свой край. П’еса заканчваецца сцэнай заручын маладых людзей. В. Дунін-Марцінкевіч, такім чынам, паказвае перараджэнне памешчыка-франкамана ў гуманнага, добразычлівага пана, які ўжо не прагне паездкі за мяжу, а хоча жыць на ўлонні прыроды сярод сялян.
   На фоне любоўнай ідыліі Лятальскага і Юліі В. Дунін-Марцінкевіч змог разгарнуць шырокую карціну жыцця ў прыгоннай вёсцы, стварыць каларытныя, самабытныя і праўдзівыя характары прадстаўнікоў народа. Сапраўдным героем твора стаў Навум Прыгаворка – чалавек разумны, кемлівы, дасціпны. Ён выразна ўсведамляе сваё паднявольнае становішча, але пры гэтым ведае сабе цану і не губляе пачуцця ўласнай годнасці. У творы шырока выкарыстоўваюцца народныя песні, прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы: Да бога высока, да пана далёка. Ад ліха – ціха, а дабра не чуваць. Цягаў воўк, пацяглі воўка. Ранняя птушка крылкі цярэбіць, а позняя – вочы працірае. Абяцанка цацанка, а дурному радасць. Хто каго любіць, той таго чубіць. І сцены маюць вушы. Што напішаш пярцом, то не вырубіш тапарцом. Пій, ды розуму не прапій. Укладзеныя ў вусны Навума, гэтыя выслоўі не толькі вызначаюць сцісласць, лаканічнасць, вобразнасць і каларытнасць сялянскай мовы, але і набываюць сацыяльнае гучанне: простаму чалавеку цяжка жывецца, яго многія крыўдзяць; піць гарэлку трэба з розумам; грошы ў жыцці адыгрываюць не апошнюю ролю і інш. Вобразам Навума аўтар адстойваў права на паказ у літаратуры ў якасці галоўнага героя селяніна і тым самым змагаўся за дэмакратычную, народную літаратуру.
   У п’есе "Ідылія", якая спалучае ў сабе рэалістычныя і ідэалістычныя рысы, па-майстэрску дасканала вымалеваны вобразы сялян і паноў, якія ў рэшце рэшт становяцца добрымі сябрамі. Вобразы сялян (яны, у адрозненне ад паноў, размаўляюць па-беларуску) шмат у чым прадвызначылі далейшае паглыбленне пісьменніка ў беларускі матэрыял.

 

Похожие статьи:

ІІдылія

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічІдылія - ГДЗ