Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



"Ты мой боль святы, Беларусь мая..." (творчасць Ларысы Геніюш)

Адзінай мэты не зракуся,
І сэрца мне не задрыжыць:
Як жыць – дык жыць для Беларусі,
А без яе – зусім не жыць.

Л. Геніюш


   Асноўнае месца ў творчасці Ларысы Геніюш – паэтэсы, бясконца ўлюбёнай ў свой родны край, у людзей сваёй зямлі, шчыра адданай Бацькаўшчыне, – займае тэма Радзімы. Любоў да яе – пачуццё вечнае і нязменнае, без якога не можа існаваць кожны сумленны чалавек. Усведамляючы сябе часцінкай беларускай зямлі, Л. Геніюш сцвярджае:

Ты – як праўда праўд,
ўсюды свой і брат,
мовы роднае
звонкі дар.
Ты мой шлях круты,
ты мой боль святы,
Беларусь мая,
мой алтар.

   Аднак у жыцці ўсё склалася інакш: бацька паэтэсы прапаў у гродзенскай турме пасля 1939 г., маці памерла ад голаду ў Казахстане, брат загінуў ў баях з фашыстамі ў Італіі, а яе разам з мужам прыгаварылі да 25-гадовай высылкі. Асуджаная пад нумарам "0-287", яна прайшла праз усе кругі пекла ГУЛАГа і з-за турэмных кратаў змагла перадаць страшную праўду пра тое, як подласць, бесчалавечнасць, зброя кіравалі жыццём (вершы "Замерзлымі пальцамі", "Стукачы", "Крывёй напоўніліся поймы рэк"):

Крывёй напоўніліся поймы рэк,
Бурліць адчаем слёз людскіх разводдзе.
Гляджу на свет. Я – лагернік, я – зэк,
Засуджаны на мукаў чвэрць стагоддзя.
Мяне драты, сабакі сцерагуць.
Дзікіх надзораў зграя нада мною,
І лоб штодня мой на прыцэл бяруць
Навучаныя забіваць канвоі.

   І ў гэтыя драматычныя гады жыцця Л. Геніюш змагла выстаяць, не здрадзіць сабе і сваім ідэалам, не змірылася са сталінскай ідэалогіяй, не спалохалася механізма татальнага знішчэння іншадумцаў:

Не згінай мяне, я не сагнуся,
Не баюся ні страхаў, ні зла.
Нездарма я з зямлі беларускай
Непахіснай сасною ўзрасла.

   Паэтэса заўсёды выступала супраць несправядлівасці, хлусні, верыла ў перамогу дабра над чорнымі сіламі:

Не быць начы!
Няма жыцця без сонца.
Узыдзе сонца, азарыць акно.
Хлусня хлуслівых страціць абаронцаў
І волавам апусціцца на дно.

   Адвечнасцю і глыбіннасцю дыхае кожны паэтычны радок аўтара, рознакаляровымі фарбамі пераліваюцца яе вершы аб роднай мове, гістарычным мінулым Бацькаўшчыны, яе выдатных дзеячах (Усяславу Чарадзею, Ефрасінні Полацкай, Францішку Скарыне, Кастусю Каліноўскім) і сучасных працаўніках (земляробах, будаўніках, касманаўтах). Разважаючы над сэнсам сваёй творчасці, паэтэса пераконвае чытача ў тым, што "з маленькіх пачуццяў не зродзіцца верш, як з пустога вядзерца вада не нальецца". Для яе:

Пісаць пра мінулае – не крочыць назад,
Пісаць пра сучаснасць – не рвацца наперад.
Трэба ў паэму жыццё нанізаць –
зважыць былое, у заўтра паверыць.

   Асаблівае месца ў творчасці Л. Геніюш займае кніга ўспамінаў "Споведзь". Гэта своеасаблівая споведзь душы перад Богам, сучаснікамі і нашчадкамі. Ва ўспамінах адлюстравалася драматычная рэчаіснасць Заходняй Беларусі ў часы польскай акупацыі, жыццё беларускай эміграцыі ў Празе, лёс заснавальнікаў БНР і іх паслядоўнікаў, падзеі ваеннага часу. Аўтар даверліва размаўляе з чытачом аб тых падзеях, якія ёй давялося перажыць, і пра тых людзей (ворагаў і сяброў), з якімі звёў яе лёс. Моцным лірычна-настальгічным настроем прасякнуты радкі, прысвечаныя жыццю паэтэсы ў Зэльве. Сваёй жорсткай праўдай кранаюць запісы пра дэпартацыю з Прагі, пра засценкі МДБ у Мінску, этапы, перасылкі, лагеры смерці на далёкай Поўначы – пра тыя 25 гадоў, што правяла яна ў сталінскіх турмах. Нягледзячы на жорсткія і бесчалавечныя ўмовы жыцця, паэтэса не стала на калені, не скарылася ў змаганні за сваю чалавечую годнасць.

 

Похожие статьи:

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Аблокі

Ларыса ГеніюшТворчасць Ларысы Геніюш

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Зіма

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Зіма. Мароз кусаецца...

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Вясковы дом