Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
"Пакуль зямля твая жывая, і ты – жывы" (творчасць Аляксея Пысіна)
Яшчэ не скончана дарога
І хочаш думаць аб зямным.
Не пакідай мяне, трывога,
Будзь спадарожнікам маім.
А. Пысін
У творчасці Аляксея Пысіна найбольш выразна выявіліся пачуцці, думкі і перажыванні салдата Вялікай Айчыннай вайны, які прайшоў праз пекла франтавых дарог і сучаснае жыццё вызначае мерай ваеннага часу – высокай чалавечай годнасцю, цвёрдасцю маральных прынцыпаў, праўдзівасцю, сумленнасцю, адказнасцю, строгай патрабавальнасцю да сябе. Трывалая памяць вайны, дзе спалучыліся франтавыя дарогі, бліндажы, партызанскія вогнішчы, баі, акружэнні, атакі, прысутнічае ў вершах "Сны", "На суровым сваім рубяжы...", "Байцам не сняцца пантэоны...", "Іван-чай", "Пяць патронаў у абойме...", "Балада пра каску", "Адыходзяць далей батальёны..." і інш.
Шчымлівым болем па загінуўшых баявых сябрах прасякнуты верш-элегія "Іван-чай". Як жывыя, праходзяць перад вачыма былога франтавіка "Аляксеі, Віктары, Іваны...", што палеглі пад вёскай Будай на Смаленшчыне. У вершы паэт выкарыстоўвае фальклорна-казачны сюжэт, па якім загінуўшы чалавек ажывае, прабіваецца з-пад зямлі раслінай або кветкай:
Узышлі травой і гарыцветам,
Узышлі на радасць ці жальбу?
Вунь стаіць Іван па-над кюветам,
Галавой ківае: "Вось жыву".
Лірычны герой вядзе дыялог са сваімі таварышамі, якіх так не хапае яму ў сённяшнім жыцці. Рамантызаваны вобраз іван-чая ўвасабляе бяссмерце гераічных учынкаў воінаў, якія дзеля вызвалення Радзімы ахвяравалі самым дарагім – сваім жыццём.
Вайна, франтавыя ўспаміны з’яўляюцца своеасаблівым фонам многіх твораў А. Пысіна пра сучаснасць. Пра вайну паэт згадвае і ў філасофскім вершы "Акопы, ямы, дол парваны...". У першых яго радках апісваецца зямля, на якой пасля вайны засталіся раны – акопы, варонкі ад выбухаў бомбаў, траншэі... Па гэтых ранах лірычны герой можа беспамылкова прачытаць біяграфію краіны і народа. Аўтар, выкарыстоўваючы прыём персаніфікацыі, лічыць родную зямлю жывой істотай, а траву – доктарам, які перавязвае ёй раны, выратоўвае ад смерці:
Акопы, ямы, дол парваны
Перада мной, перад табой,
Зямля травою лечыць раны,
Травой, травой.
Зямля, на думку паэта, патрабуе лячэння – абароны, аховы. І чалавек, звязаны з зямлёй тысячамі ніцяў, павінен быць яе абаронцам і ахоўнікам, бо гэтым самым ён абараняе і сваё жыццё:
Пакуль зямля твая жвая,
І ты – жывы.
Прадаўжаючы традыцыі Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, А. Пысін у многіх вершах выступае абаронцам беларускай мовы ("Дала мне маці гэту мову...", "Яшчэ не скончана дарога...", "Сабака ў моры", "Магілёўская гаворка"). Паэт падкрэслівае мілагучнасць і хараство роднай мовы, багацце яе слоўнікавага складу, дзе словы "прапахлі сонцам і падзолам, дажджамі, сокамі раслін", дае наказ паслядоўнікам, маладому пакаленню беражліва адносіцца да "матчынай" "вечнай" песні, праяўляць клопат і пашану да яе:
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову
Як спадчыну і запавет.
Пачуццём бязмернай павагі да жанчыны, яе хараства і душэўнай чысціні, рамантычнай узнёсласцю, сцвярджэннем вечнасці і бессмяротнасці кахання прасякнуты радкі інтымных вершаў "На схіле дня святла яшчэ даволі...", "Усмешка", "У смузе асядалі дубровы...". Паэт акцэнтуе ўвагу на вялікую жыццёвую і стваральную сілу кахання, якое ўзвышае чалавека, робіць яго высакародным, можа загаіць самыя цяжкія раны, невідушчага зрабіць відушчым:
І я адчую, ўбачу, невідушчы,
Далонямі тваімі ўбачу я
Ў палёце ластаўку, рабіну ў пушчы,
Любоў мая.
Тэма кахання непасрэдна звязана з тэмай жанчыны-маці, якая для паэта з’яўляецца прыкладам чалавечай дабрыні, працавітасці, увасабленнем самаахвярнасці і бескарыслівасці. Асабліва кранаюць радкі верша "Светла так на могілках і суха...", напісанага ў форме народнага плачу:
Толькі рэчанька даўно не льецца,
Можа, рэчка з ціхаю вадой
У зямлю сышла ў тое лета –
За табою, маці, за табой.
Многія вершы А. Пысіна напоўнены філасофскім роздумам над вечнымі праблемамі жыцця, прызначэннем чалавека на зямлі, болем і адказнасцю за навакольны свет, хвалюючымі турботамі пра сённяшні дзень. Лірычны герой верша "Забыта многае ў жыцці" імкнецца спасцігнуць сэнс чалавечага жыцця, яго няспынны рух наперад. Жыта ў вершы сімвалізуе само жыццё, яго вечнасць, бессмяротнасць:
Забыта многае ў жыцці,
З дарогі змецена і змыта.
Мне ў жыта хочацца ўвайсці,
Мне вечнасцю здаецца жыта.
Герой твора адчувае бязмежнасць развіцця чалавецтва ў часе і прасторы, сваю апасродкаваную сувязь з далёкім продкам-хлебаробам, з якім яго звязвае шурпаты жытнёвы колас:
Вазьму шурпаты каласок
На чуйным провадзе саломы –
І адзавецца мне здалёк
Мой продак – сейбіт незнаёмы.
Разважаючы пра будучыню, пра пераемнасць пакаленняў, няспыннасць і вечнасць жыцця, паэт клапоціцца, каб плён нашай сённяшняй працы змаглі адчуць нашчадкі, "каб нас таксама дзесь пачулі".
Асэнсоўваючы сучаснасць ў спалучэнні з мінулым, адчуваючы дыялектыку жыцця, сцвярджаючы дабро, справядлівасць і чалавечнасць, ненавідзячы зло, прыстасавальніцтва і мяшчанства, паэт быў у няспынным руху, у вечным пошуку ісціны. "Перада мною пошукі, здзяйсненні і кіламетры сумныя няўдач", – прызнаваўся ў адным з вершаў аўтар, які заўсёды адчуваў сваю злітнасць з роднай зямлёй, далучанасць да ўсяго, што адбываецца ў свеце:
Прыцягненне – гэта далучэнне
Лёсаў нечых і трывог,
Засяленне светам, напаўненне
Тым, што зведаў і збярог.
Похожие статьи:
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Забыта многае ў жыцці...
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Пісьмо птушак
Аляксей Пысін → Творчасць Аляксея Пысіна