Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



"Мяне зноў выкідваюць з жыцця...": бяда ці віна Андрэя Мрыя (Шашалевіча)

   Андрэя Мрыя – выдатнага дзеяча беларускай культуры і літаратуры – арыштавалі ў 1934 г., у Мінску, дзе ён працаваў у Рэспубліканскім бюро краязнаўства, а затым – у Тэрміналагічнай камісіі пры Акадэміі навук Беларусі. Судзіла яго славутая сталінская тройка па справе краснапольскіх настаўнікаў – актыўных удзельнікаў адраджэння на новадалучаных беларускіх землях. Зняволілі і саслалі на Поўнач на пяць гадоў. У 1937 г. справа была перагледжана і пісьменніку выдалі пашпарт як вольнаму чалавеку без права пасялення ў роднай краіне. Была праца бухгалтарам у леспрамгасе на Валагодчыне. Зноў чарговы арышт у 1940 г., калі працаваў ужо настаўнікам у Кольскай сярэдняй школе на вядомым паўвостраве ў Мурманскай вобласці. План трэба было выконваць па ворагах у сталінскай краіне. Нарэшце, у кастрычніку 1943 г., па некаторых звестках, яго забілі на адной з сібірскіх станцый пры вяртанні дадому выпушчаныя Берыем злачынцы. Афіцыйнае паведамленне дадому было іншага зместу: загінуў ад параліча сэрца. Усё бывае. Параліч сэрца – магчымы варыянт, бо вязні гулагаў недаядалі, хварэлі, паміралі ў невыносных умовах. Рэдка якое сэрца вытрымлівала фізічныя і маральныя пакуты. Ды хто вінаваты, што сыноў народа (лепшых!) кідалі на шалі гісторыі, катавалі і прыніжалі? Каму патрэбныя былі мільённыя ахвяры? Сталіну? Берыі? Іншым прадстаўнікам самай гуманнай і самай народалюбнай улады? Ахвяры сталіншчыны – гэта ахвяры і нашай маўклівасці, і тых нядобрых чалавечых рысаў, што выхаваныя былі сістэмай татальнага шпіянажу, «данасіцельства», недаверу да іншых, нежадання прыслухацца да думак змагароў за справядлівасць і маральную чысціню. Лепшыя, чысцейшыя гінулі. Кар’ерысты – выжывалі, кіравалі, панавалі.
   Андрэй Мрый перад высылкай напісаў дзве часткі рамана «Запіскі Самсона Самасуя», надрукаваў іх у часопісе «Узвышша», правадзейным членам якога быў нароўні з Чорным і Дубоўкам, Пушчам і Бабарэкам. Раман раскалыхваў людскую свядомасць, даваў народу глебу для роздуму пра тое, хто пануе над ім, якімі сцежкамі і куды вядзе, якімі сродкамі і прыёмамі пры гэтым карыстаецца. Твор стаўся суровым папярэджаннем ад блізкіх перакосаў, адмоўных зменаў у жыцці. У постаці чыноўніка раённага маштабу, бязглуздага і бяздумнага Самсона, які дзе толькі можна высоўваецца і самавысоўваецца, каб засведчыць свой актыўны удзел у сацыялістычным будаўніцтве, правядзенні культурнай рэвалюцыі, пазналі сябе многія іншыя, у тым ліку – высокага рангу, чыноўнікі сталінскай чыноўна-бюракратычнай дзяржаўнай машыны. У рамане ўбачылі не сігнал трывогі за чысціню ідэалаў нашага грамадства, а твор-пародыю на сацыялізм, новае жыццё. Пісьменніка ўзненавідзелі. Твор яго зацкавала крытыка. Аўтару прыпісалі ўдзел адразу ў некалькіх контррэвалюцыйных, антысавецкіх арганізацыях. Затым быў арышт. Роздум за кратамі, што дазволена і што не дазволена мастаку ў таталітарным грамадстве. Роздум, які выліўся ў душэўны пратэст, абурэнне, а затым – і ліст «Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну». Ліст не быў адасланы высокаму адрасату (гэта зрабіць не адважылася сястра пісьменніка, якой яго нейкім цудам удалося перадаць з-за кратаў). А пісьменнік верыў, што нечаканае вызваленне – не выпадак лёсу, а вынік заступніцтва «друга працоўных». Верыў, як і многія. Памыляўся і верыў, бо аўтарытэт Сталіна быў надзвычай высокі. Гэты аўтарытэт усяляк ствараў праз сваіх памагатых сам правадыр усіх народаў. Верыў у геніяльнага правадыра. Ну і што? Верылі ж і другія? І віны яго ў гэтым няма ніякай. Згаданы «Ліст» і сёння нас прываблівае чысцінёй памкненняў і думак яго аўтара, шчырасцю размовы, яе непрымусовасцю з добрым і справядлівым чалавекам. Пісьменнік ніяк не можа ўсвядоміць, што ён – вораг народа і народнай улады, лічыць тое, што здарылася, прыкрай памылкай, «Выходзіць, як у байцы: наш пострел всюду поспел! А дакладней: совсем без драки попал в большие забияки! І я, заўсёды сціплы, забіты, прыціснуты жыццём і хваробамі чалавек, раптам аказаўся такім буйным зверам!.. Я гатовы быў праз слёзы крычаць аб сваёй невінаватасці, клясціся вялікім целам Леніна і Вашым вялікім імем тым, што, можа, у маіх роспачных словах адчуюць праўду». Пісьменнік праз увесь «Ліст» праводзіць цэнтральны тэзіс – пра сваю невінаватасць перад краінай працоўных, іх правадырамі, пра чысціню сваіх думак, намераў і дзеяў у адносінах да гегемона – пралетарыяту, да народа і Радзімы. Ён вінаваціць у сваіх пакутах не ідэалогію, не лад, а тых вялікіх і маленькіх самасуяў і самасуйчыкаў, якія паўсталі на яго дарозе і спаганілі, зацемрылі яго жыццё: «Я быў ашаломлены агульным ахайваннем майго рамана і не стаў змагацца за яго працяг у друку. Я спадзяваўся, што больш спакойныя людзі аб’ектыўна, справядліва ацэняць раман. Мне было вядома, што масавы чытач у галоўным герою рамана цудоўна разабраўся і бачыў у ім прайдзісвета, што сваімі адміністрацыйнымі дзеяннямі дыскрэдытуе Савецкую ўладу і дэмаралізуе новае жыццё... Я прызадумаўся. Няўжо сапраўды высмейванне адміністратараў, падобных Самасую, дасягае адваротных вынікаў і зусім не патрэбна савецкаму чытачу? Я губляю арыентацыю ў сваёй працы. Раман здаецца мне непатрэбным крокам у жыцці, цяжкаю памылкаю... Я зусім разгубіўся. Як мне выявіць сваё савецкае аблічча? Што я магу сказаць у сваё апраўданне?». Так, што ён мог сказаць у сваё апраўданне, гэты адзінокі, адзіны і непаўторны чалавек, калі лічылася, што «адзінка – гэта нуль. Голас адзінкі – за піск таннейшы». Ніхто не чуў адзінку, бо перамолваліся косці тысячаў і тысячаў. Гінулі без віны вінаватыя.
   Парадокс гісторыі нашай савецкай краіны заключаецца ў тым, што яе лёс у цэлым – ланцуг парадоксаў: далёка не ўсімі чаканая рэвалюцыя, шматахвярная грамадзянская вайна, рэзкі паварот сталінскай камандна-адміністрацыйнай сістэмы на 180 градусаў ад народа, бязлітасная грамадская акцыя – калектывізацыя, новая, Вялікая Айчыннай вайна. Парадоксы гісторыі нарадзілі парадоксы асабістых лёсаў: гінулі без віны вінаватыя, сумленныя прыхільнікі дэмакратычнага ладу.

 

Похожие статьи:

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Калектыў Яўмена

БиографииАндрэй Мрый

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Няпросты чалавек

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Рабін

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - 3aпіскі Самсона Самасуя