Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



"Любоў мая, ты песня і маркота..." (творчасць Яўгеніі Янішчыц)

Жыццё маё, як дзікая шыпшына,
Хоць колецца, а ўсё-такі – цвіце.

Я. Янішчыц


   Творам Я. Янішчыц уласцівы шчырасць, апавядальнасць, страснасць. Яна прыйшла ў паэзію ў пачатку 70-х гг., заявіўшы ўсяму свету, што ў аснове ўсяго жывога на зямлі – любоў, што без яе не магчыма чалавечае існаванне.
   Скразной тэмай твораў Я. Янішчыц з’яўляецца Палессе, родная вёска, аднавяскоўцы. Невыпадкова Г. Бураўкін назваў паэтэсу "палескай ластаўкай". Каларыт родных палескіх мясцін адбіўся ў многіх вершах Я. Янішчыц. З іх можна ўявіць вёскі Велясніцы, Ягадны Хутар, рэкі Ясельду і Лану, землякоў – дзядзьку Арцёма, цётку Клаву, бабулю Паланею ("Тут", "Прыедзь у край мой ціхі", "Добры вечар, землякі!", "Апавяданне пра жытнёвы сноп", "У бабулі Паланеі", "Цётка Матрона", "Дзед Сымон"). Вершы пра маці, бацьку, сына, клопаты селяніна, яго працу, будні вёскі, прыгажосць палескай прыроды – гэта старонкі не толькі асабістай біяграфіі, але і лірычнай хронікі беларускай сям’і, гісторыі народа, Радзімы:

Свет адкрыты і босы
На радзіме маёй.
Жаўруковыя росы
І трава – зверабой...
Паясочкам – сцяжына,
Перавяслам жытло,
І Любоў, і Айчына.
Так, як зроду было.

   Малая радзіма для паэтэсы – гэта любоў да Ясельды і "айчынных шляхоў", памяць пра "забытыя магілы" і "калодзеж дзядоў", гэта частка яе лёсу, боль і паратунак, шчасце і крыніца натхнення:

Я у птушак надвор’я пытала.
Вёў шыпшыннік са мною хаўрус.
З трох крыніц я вады паспытала –
Наталіла адна Беларусь.

   Сучаснай вёсцы, справам вясковых працаўнікоў прысвечаны "Зорная паэма" і "Ягадны Хутар". У іх уздымаюцца праблемы неперспектыўных вёсак, дзе засталіся дажываць свой век адны старыя. Моладзь жа, раз’ехаўшыся па свеце, адвучылася ад працы на зямлі, здрадзіла ёй. Паэма "Ягадны Хутар", спалучыўшы ў сабе верш і прозу, напісана ў выглядзе лістоў ад маці, дзядзькі Арцёма, стрыечнага брата і паэтычных каментарыяў да іх. Гэта паэма з’яўляецца як бы люстэркам вясковага жыцця, у ёй адчуваецца непарыўная сувязь паэтэсы з бацькоўскай зямлёй.
   Сярод твораў, прысвечаных родным і блізкім, вылучаюцца вершы пра маці ("Мама", "Мамчына сіла", "Ля ложка хворай маці", "Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён"). Яны напоўнены глыбокім роздумам пра цяжкі жаночы лёс, шчырай удзячнасцю матулі, якая стала для паэтэсы верным сябрам і дарадчыкам, настаўнікам, увасабленнем чалавечай дабрыні, высакароднасці, працавітасці:

Мама, сею не жыта я, сею не лён.
Але з лёну і жыта я словы складаю.
І калі углядаюся ў парасткі дзён –
Чую крокі твае. І свае вымяраю.

   Ёсць у Я. Янішчыц і вершы пра вайну. Самая страшная навала ХХ ст. адгукнулася ў творах нашай сучасніцы, якая пра вайну ведае толькі з кніг і ўспамінаў старэйшых людзей. Паэтэса, ведучы дыялог з ветэранамі, людзьмі, якія прайшлі праз полымя вайны, паказвае вялікую народную трагедыю ("Салдаткі", "Абеліскі", "Сустрэча на пераправе", "Пасля вайны").
   Інтымная лірыка Я. Янішчыц з’яўляецца адной з лепшых у беларускай паэзіі. Не ўтойваючы ад чытачоў сваіх пачуццяў, паэтэса асабліва пранікнёна піша аб першым каханні, якое ўпрыгожвае і ўзвышае чалавека: "Мой боль – на вышыні святла, таму і ноччу мне світае", – сцвярджае паэтэса. Расстанне ж з каханым успрымаецца як наканаванне лёсам : "Ні на міг, ні на век – не твая. Так і трэба, відаць, так і трэба!" Радкі інтымных твораў Я. Янішчыц выразна раскрываюць унутраны стан лірычнага героя, яго пошукі і страты, сустрэчы і расстанні, радасці і трывогі, зямную рэўнасць і высокую ўзнёсласць.
   Паэзія Я. Янішчыц, выяўляючы жыццё чалавека ва ўсёй сукупнасці перажытага і адчутага, набывае філасофскае гучанне, сцвярджае высокачалавечыя адносіны паміж людзьмі.

 

Похожие статьи:

Яўгенія ЯнішчыцЯўгенія Янішчыц - Мова

Яўгенія ЯнішчыцЯўгенія Янішчыц - Ты пакліч мяне. Пазаві...

Яўгенія ЯнішчыцЯўгенія Янішчыц - Свята пірага

Яўгенія ЯнішчыцЯўгенія Янішчыц - Каліна зімы

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц