Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



"Жыццё – выпрабаванне чалавека на чалавечнасць" (творчасць Аляксея Дударава)

   Сучасную драматургію нельга ўявіць без творчасці Аляксея Дударава, аўтара вядомых п’ес "Выбар", "Вечар", "Злом", "Парог", "Радавыя", "Адцуранне". Пачынаў свой творчы шлях А. Дудараў як празаік. У першай кнізе прозы "Святая птушка" аўтар уздымае маральна-этычныя і духоўныя праблемы жыцця свайго сучасніка.
   Пачаткам жа драматургічнай творчасці А. Дударава лічыцца п’еса "Парог", прысвечаная тэме заняпаду маральных каштоўнасцей. У цэнтры п’есы – жахлівая і неверагодная гісторыя Андрэя Буслая. Гэта гісторыя ператварэння працавітага вясковага хлопца ў п’яніцу без сям’і, без хаты, без сяброўскіх сувязей. Ён замярзае ў снезе ў той час, калі бег за бутэлькай. А. Дударава цікавіць, чаму чалавек даходзіць да парога, што прымушае яго зрабіць гэта. Герой зламаўся ад таго, што аддаваў перавагу матэрыяльным каштоўнасцям, свету рэчаў.
   "Жыццё – выпрабаванне чалавека на чалавечнасць. І ў вечары павінна свяціць сонца", – так сказаў А. Дудараў пра сваю п’есу "Вечар". У гэтым творы адчуваецца трывога за лёс неперспектыўных вёсак. Галоўныя героі – Ганна, Васіль-Мульцік і Мікіта-Гастрыт. Яны складаюць усё насельніцтва выміраючай вёскі Вежкі. У кожнага з іх было сваё няпростае жыццё. Ганна ўсё жыццё працавала на зямлі, ніколі не ведаючы ні адпачынку, ні радасці: у вайну ляжала пад бомбамі, гарэла ва ўласнай хаце, пахавала трох дзяцей за адзін месяц. І, да ўсяго, апошні сын мала радасці прынёс – праводзіць жыццё ў турме. Але Ганна не азлобілася на жыццё, яна толькі не разумее, чаму гэта так – працуеш-працуеш, а пакінуць пасля сябе няма чаго. Дык навошта наогул ёй было нараджацца?
   Другі персанаж п’есы – Васіль-Мульцік – чалавек шчыры, даверлівы, улюбёны ў жыццё. Ён здаецца дзіваком, бо размаўляе з сонцам і тэлевізарам, хоча, каб старшыня калгаса выкарыстаў яго паслугі ў якасці жывога барометра. Дзівацтва яго абумоўлена адкрытасцю характару, імкненнем жыць у згодзе і зладжанасці з прыродай і навакольным светам. Зусім іншы вобраз Мікіты-Гастрыта. Ён увесь час нечым незадаволены (аб чым сведчыць нават ягоная мянушка), заўсёды шукае лягчэйшага хлеба, таму ён адарваны ад зямлі, ад вясковага побыту. У гады калектывізацыі Мікіта "выкарчоўваў" кулакоў. Рабіў Мікіта гэта па загадзе, і тут няма яго вялікай віны. Але ж потым Гастрыт па ўласнай ініцыятыве напісаў данос на хлопца, які збіраўся засылаць сватоў да яго будучай жонкі. Аднак пакаянне Мікіты запозненае і непаслядоўнае.
   Для герояў п’есы надыходзіць вечар жыцця: час роздуму над пражытым і перажытым. У гэтых роздумах і боль за паламаныя лёсы, і пакаянне ў грахах. Якім будзе "вечар", залежыць толькі ад самога чалавека.
   У п’есе "Радавыя" Вялікая Айчынная вайна паказваецца як трагедыя сусветнай, агульначалавечай гісторыі. Аўтар паказвае не толькі гераізм людзей і нязломнасць іх волі да перамогі, але і закранае балючую тэму – якой цаной далася перамога. Героі п’есы – пяцёра радавых салдат. Кожны з іх мае свой лёс, і кожнага закранула нейкая трагедыя. Так, салдат Дзерваед, нягледзячы на тое, што на яго вачах фашысты спалілі жонку і дзіця, не ачарсцвеў, не стаў жорсткім і бязлітасным. Наадварот, сваё гора зрабіла яго больш успрымальным да чужой бяды: ён аддае свой салдацкі паёк хвораму нямецкаму хлопчыку. Бушцец жа, пайшоўшы на фронт з-за вясельнага стала. зрабіўся злым і помслівым, здольным забіваць кожнага немца без разбору. Радавому Саляніку забіваць людзей не дазваляе вера, але ён вымушаны быць на вайне. Па-бацькоўску ставяцца салдаты да 18-гадовага Лёнькі Адуванчыка, на вачах у якога немцы забілі маці і сястрычку. Дугін, які ў свой час быў разжалаваны ў радавыя і пабываў у штрафным батальёне, становіцца Героем Савецкага Саюза. Даўняя ўзнагарода знаходзіць героя, але, на жаль, ён гіне ў апошні дзень вайны. П’еса "Радавыя" – рэквіем па ўсіх, хто загінуў у гады ваеннага ліхалецця.
   Маральна-этычныя праблемы сённяшняга дня асэнсоўваюцца А. Дударавым у п’есах "Злом", "Выбар", "Адцуранне"( прысвечана чарнобыльскай трагедыі). Дзеючымі асобамі п’есы "Купала", прысвечанай беларускай гісторыі ХV ст., з’яўляюцца Вітаўт, Ягайла, каралева Ядвіга, Кейстут, многія міфалагічныя вобразы.
   А. Дудараў знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку. Перш за ўсё яго цікавіць унутраны стан чалавека, яго непарыўныя сувязі з грамадствам і навакольным асяроддзем. Гэтым вызначаюцца асаблівасці яго творчай манеры.

 

Похожие статьи:

БиографииАляксей Дудараў

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Князь Вітаўт

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Парог

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Радавыя

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа