Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



"А часу больш, чым вечнасць..." (творчасць Масея Сяднёва)

Я знаю – знойдуцца,
што абгавораць,
а можа й праклянуць,
ды ўсё дарма –
табе аднэй пажалюся я горам:
мне сумна, што ты ёсць,
смяртэльна – што няма.

М. Сяднёў


   Творчасць Масея Сяднёва, самабытнага і таленавітага эміграцыйнага паэта, празаіка і перакладчыка, стала аб’ектам айчыннага літаратуразнаўства параўнальна нядаўна. Яго творы ў сваёй большасці выйшлі за мяжой (у Германіі і ЗША). Тэматыка іх надзвычай шырокая. У далёкі час юнацтва паэт апяваў прыгажосць роднай зямлі, узнёсла пісаў пра еднасць душы чалавека і навакольнай прыроды ("Сонца", "Жыццё", "У дарозе", "Адзінства хараства"). Пазней у вершах з’яўляюцца матывы перажытага ў турмах і лагерах ("Зманлівасць", "Жах", "Крывічом") і падзеі другой сусветнай вайны ("Мая вайна", "Забраны Мінск", "Мікола Бугроў", "Цень Янкі Купалы"). Асноўнае ж месца ў творчасці паэта-эміграната, які называе сябе выгнанцам, займае тэма Радзімы. Думамі пра Бацькаўшчыну – куточак зямлі, дзе нарадзіўся чалавек, упершыню ўбачыў свет, пазнаў першыя радасці, – прасякнуты многія вершы паэта:

Я восеняй жыву ў трывозе;
забудуся, ды зноў кране:
падпаленыя восеняй бярозы
гараць пякучай ранай у мяне.

   Пякучай ранай гараць успаміны паэта пра родную вёску Мокрае, хату з ліпінай, адвечныя курганы, бацьку, маці з яе кроснамі, сястру Дар’ю, наогул, маленства. Радзіма, якая для паэта "залацісцей усіх брам", ніколі не можа сцерціся з памяці. "Калі я гэты бераг і абраў, не значыць, што забыў я іншы бераг...", – прызнаецца паэт у вершы "Айчына". Разважаючы над лёсам беларускіх эмігрантаў і іх жыццём на чужыне, М. Сяднёў задае пытанне: "Нашто ж, скажы, між Захадам і Усходам вачыма сінімі ты прарасла?" Гэта радкі з верша "Радзіма", чытаючы якія можна яскрава ўявіць чалавека, які даўно адарваўся ад бацькоўскай зямлі, але ўвесь час жыве думамі аб ёй.
   Многім вершам Масея Сяднёва ўласцівы элегічная танальнасць, філасофская паглыбленасць, спавядальнасць. У іх прысутнічаюць матывы адзіноты, бездапаможнасці, цяжкіх жыццёвых дарог, цемры, ночы, аб чым яскрава сведчаць самі іх назвы ("Смутак", "Вось і ноч", "У адзіноце блукаў я", "Вёрсты шлях мой далёкі накрылі", "Не дасягнуць, не ўзяць, не разгадаць").
   Празаічныя творы М. Сяднёва многа ў чым аўтабіяграфічныя. Дзеянне ў рамане "Раман Карзюк" адбываецца ў Мінску і яго наваколлі ў часы масавых рэпрэсій. Перадваеннаму жыццю і пачатку Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны раман "І той дзень надышоў". Напісаны ад першай асобы, ён узнаўляе перажытае аўтарам, уваскрашае тагачаснае вясковае жыццё. Праўдзівымі і пераканаўчымі ў творы з’яўляюцца вобразы маці, бацькі, аднавяскоўцаў і тых людзей, хто ў той час жыў з пісьменнікам.
   Вынікам глыбокага асэнсавання рэчаіснасці, пошукаў адказаў на шматлікія пытанні сённяшняга дня з’явілася кніга літаратурна-крытычных артыкулаў "Масеева кніга", якую аўтар назваў "споведдзю аб сваім краю і аб сабе". У ёй змешчаны нататкі аб жыцці і творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Язэпа Пушчы, Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, праблемныя артыкулы, старонкі турэмнага дзённіка, успаміны, лірычныя замалёўкі, лісты. У кнізе спалучыліся публіцыстычны пафас і мяккі лірызм, філасофская паглыбленасць і катэгарычнасць меркаванняў, агульнае і ўласнае, суб’ектыўнае і аб’ектыўнае.