Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Шчасце... у чым яно? (паводле апавядання Я. Брыля "Галя")
Творчасць народнага пісьменніка Беларусі вызначаецца глыбінёй зместу, лірызмам, праўдзівасцю, завостранай публіцыстычнасцю, багаццем жанраў. Шырокае прызнанне чытачоў атрымалі яго апавяданні, лірычныя запісы, дарожныя нататкі, эсэ. У іх перадаюцца пачуцці, уражанні, асацыяцыі, назіранні, роздумы аўтара, яго выказванні аб людзях і свеце, аб надзённым і вечным.
Адным з лепшых узораў лірычнай прозы лічыцца апавяданне Я. Брыля "Галя". У ім цесна перапляліся каханне і суровая жыццёвая праўда. Пачынаецца апавяданне з апісання былога хутара, дзе жыве Галя з дзецьмі (сынам Антосем і дачкой Сонечкай). Пад гул трактара на калгасным полі гераіня з жалем і болем успамінае сваё мінулае жыццё. Гул трактара (на ім працуе Сярожа) выконвае ў творы ролю сімвала кахання: ён не дае Галі заснуць, трывожыць успамінамі, прымушае хвалявацца, шкадаваць, спадзявацца, прасіць... Калісьці была яна шчаслівай, горача і безаглядна кахала Сярожу. Праўда, шчасце гэта было нядоўгім: каханага за рэвалюцыйную дзейнасць пасадзілі ў турму, а лёс прымусіў яе пайсці замуж за багатага Міколу Хамёнка.
Пакутлівым было жыццё Галі ў доме кулака-хутараніна, дзе ўсе жылі "для гумна". Увесь час яна адчувае сябе чужой, бо не бачыць людской павагі, сардэчнага цяпла, дабрыні. Усе ў доме старога Хамёнка жывуць па страшным уласніцкім прынцыпе: "Менш паспіш – болей зробіш. Не з’ясі, не зносіш – больш застанецца". Пасля смерці свёкра і свекрыві гаспадарыць на хутары стаў Мікола, якому генетычна перадаліся вечныя панурасць, незадаволенасць жыццём і сквапнасць. У гады вайны ён "захварэў" ("прастрэлілі руку") і адсядзеўся дома, спекулюючы самагонам (за што трапіў у турму).
Нягледзячы на ўсе складанасці жыцця, Галя не страціла сваіх духоўных сіл, не замкнулася ад людзей у сваім жаночым горы. У канцы апавядання яна вырашае назаўсёды пакінуць ненавісны хамёнкаўскі хутар, што засланіў ад яе белы свет, змяніць прозвішча і пачаць новае жыццё. У душы жанчыны, якой з каханым "калісьці цёпла было стаяць і на снезе", а цяпер "холадна ўжо і не летняй расе", яшчэ не згасла надзея на шчасце, на новую сустрэчу з Сяргеем.
Такім чынам, канфлікт у творы завязаны на супярэчнасці паміж мінулым і сучасным галоўнай гераіні. Калісьці яна зрабіла свой выбар на карысць заможнага, як ёй тады здавалася, жыцця з нялюбым чалавекам, у пэўным сэнсе адрокшыся ад сябе. Аднак прайшоў час, і Галя зразумела, што шчасце прайшло міма; але яна ўсёй сваёй жаночай натурай разумее, што яго яшчэ не позна вярнуць. Ёй спатрэбіліся гады, каб усвядоміць сваю памылку.
"Вярніся ты хоць як-небудзь назад, мая харошая, мая загубленная маладосць. Вярніся, зірні мне ў вочы, і я сама падпалю гэты хутар, вазьму дзяцей, пайду за табою ўсюды, куды скажаш", – просіць гераіня лёс. І ў гэтых словах, звернутых да Сяргея, нямала надзеі, спадзяванняў на тое, што шчасце ўсё ж прыйдзе да жанчыны. Сам-насам з гэтымі спадзяваннямі пакідае аўтар сваю гераіню. Пісьменнік не дае адказу на пытанне, у чым жа гэта шчасце. У багацці, здароўі, дзецях, магчымасці працаваць!.. Яно ў нечым іншым, у тым, што разнявольвае душу, робіць кожны жыццёвы крок асэнсаваным, кожны пражыты дзень напоўненым радасцю ад прысутнасці любімага чалавека, без якога цяжка ці проста немагчыма жыць.
Відаць, шчасце для Галі – гэта быць заўсёды пачутай і зразумелай для любімага чалавека.
Похожие статьи:
Максім Танк → Максім Танк - Шчасце
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Шчасце