Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хараство і боль жыцця (творчасць Вячаслава Адамчыка)

   Творчасць Вячаслава Адамчыка займае даволі адметнае месца ў беларускай літаратуры. У полі зроку пісьменніка знаходзяцца суровыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пасляваенная рэчаіснасць, жыццё ў заходнебеларускай вёсцы.
   Апавяданне "Урок арыфметыкі" вяртае нас у апошні год вайны, калі герой твора, падлетак Мечык, вучыўся ў школе. Недасведчаны ў жыцці хлапчук, які ўжо бачыў людскія трагедыі, гвалт і несправядлівасць, адчуў улюбёнасць да настаўніцы арыфметыкі Чаславы Карлаўны. Яна здавалася яму чалавекам незвычайнай прыгажосці і чуласці. Калі ж настаўніцы не стала ў школе, Мечык стаў сумаваць, а даверлівая і паэтычная душа хлопчыка выношвала мару пра новыя сустрэчы з Чаславай Карлаўнай. Прайшлі гады, а ўспаміны пра першае трапяткое пачуццё не зніклі. Герой твора і праз дваццаць з нечым гадоў такі ж даверлівы, рамантычны і шчыры. "Але, пэўна, і цяпер я не сказаў бы ёй пра тое, што я яе любіў, любіў з неразважнай, смешнай дзіцячай затоенасцю. Не сказаў бы. Бо мы заўсёды мала добрага гаворым другім, баючыся чужое радасці, і, мусіць, гэтак трацім сваю", – такімі словамі заканчваецца апавяданне пра чысціню, шчырасць і хараство чалавечай душы.
   Героем апавядання "Салодкія яблыкі" з’яўляецца падлетак Тонік – натура ўражлівая, чыстая, сумленная. Ён стаў сведкам арышту аднавяскоўца Сямёна Мокуця, якога пазней фашысты застрэлілі. У гэтым здарэнні, безумоўна, хлопчыка вінаваціць нельга. Але Тонік не можа змірыцца з тым, што меў дачыненне да гэтага няшчасця, абвінавачвае сябе. Шчыры і сумленны чалавек не можа абыякава адносіцца да лёсу іншых людзей і ў выпадку іх трагедыі ці няшчасця павінен браць на сябе пэўную адказнасць за гэта. Такую думку сцвярджае аўтар у гэтым апавяданні.
   Вячаслаў Адамчык з’яўляецца аўтарам шырока вядомай тэтралогіі "Чужая бацькаўшчына", "Год нулявы", "І скажа той, хто народзіцца", "Голас крыві брата твайго". Дзеянне адбываецца ў заходнебеларускай вёсцы Верасава. Аўтар прасочвае жыццё герояў на працягу даволі вялікага перыяду. Тут і часы даваеннай польскай дзяржавы, і першыя гады савецкай улады, і перыяд фашысцкай акупацыі. На вобразе Міці Корсака (галоўнага носьбіта нацыянальнай ідэі) В. Адамчык паказаў трагічнасць шляху лепшых і найбольш свядомых прадстаўнікоў беларускага народа да вольнасці Бацькаўшчыны, марнасць іх надзей на жыццё (ва ўмовах сацыяльнай і нацыянальнай няроўнасці) па нормах агульнапрынятай маралі.
   У рамане "Чужая бацькаўшчына" В. Адамчык выкрывае меркантыльнасць, уласніцтва, прагу нажывы, бездухоўнасць. У цэнтры твора – сям’я Уласа Корсака. Рана страціўшы жонку, Улас не ажаніўся другі раз. Дзеля дапамогі па гаспадарцы ўзяў у хату выхаванку са сваёй радні Хрысцю. Жыццё самога Уласа, здаецца, не заслугоўвае папрокаў: не краў, не падманваў, не рабіў зла людзям, не быў гультаём і абібокам. Але ж жыў па прынцыпе "мая хата з краю". Нікому ён асабліва не дапамог, заўсёды заставаўся ў цені. Аб гэтым яскрава сведчыць выпадак з раненым камандзірам: Улас схаваў яго, а калі адчуў нябяспеку, выдаў. Пакаранне ж за жыццё ў сваёй нары, толькі дзеля сябе, не мінула героя твора, паламаўшы лёс яго дачкі Алесі.
   Дачка Корсака Алеся – вясковая прыгажуня. Жыла яна хціва, зайздросна, з бабскімі забабонамі і сваркамі. Паступова Алеся страціла чалавечую годнасць, пераступіла праз народную мараль і этыку і аказалася здольнай на злачынства, здраду. Узяўшы ў прымы маладога і прыгожага Імполя, яна атручвае свякруху і нямую залоўку і перапісвае іх зямлю на сваё імя. Але чужая бацькаўшчына не прыносіць шчасця Алесі, і яна ператвараецца ў рабыню зямлі, маёмасці і бытавых абставін. Няўтульна становіцца і Імполю, для якога шырокі свет закрыўся вузкаэгаістычнымі, дробнымі ітарэсамі. Калі ж Імполь больш зблізіўся з Хрысцяй, Алеся намерваецца кінуцца пад колы цягніка, але застаецца жыць дзеля дзіцяці.
   Міця Корсак – сын Уласа. Ён не жыве па прынцыпах, якімі кіруецца яго бацька ці Алеся, а прагне глыбокага пазнання свету. Калі Заходняя Беларусь была вызвалена, Міця вярнуўся з польскай турмы і пачаў вучыцца ў вячэрняй школе. Ён бачыў, як на яго вачах набірала моц таталітарная сістэма (арышты Аўсяніка, Вайтовіча, Табеша, Чыжэўскага і інш.). Надзея Міці стаць вольным і ўзмахнуць крыламі не апраўдалася. У час нямецкай акупацыі ён трапляе ў турму як савецкі служачы і актывіст.
   Заключны твор тэтралогіі – раман "Голас крыві брата твайго" – прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Героі яго (Алеся, Імполь, Міця Корсак, Хрысця) прайшлі праз цяжкія ваенныя выпрабаванні. Раман заканчваецца сцэнай гібелі Міці Корсака. Алеся і Імполь вязуць нябожчыка на могілкі. "Жыць трэба, жыць!", – усклікае Алеся, убачыўшы бягучага насустрач ёй шасцігадовага сына. Так, жыццё нельга спыніць, перарваць. Яно прадаўжаецца ў нашых дзецях і ўнуках.

 

Похожие статьи:

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Голас крыві брата твайго

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Сонечны зайчык

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Дзікі голуб

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Пагарэльцы

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - На тутэйшай зямлі