Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Усё пакінуць след павінна...
Усё пакінуць след павінна,
Бо, як пачаўся белы свет,
Прамень, пясчынка і расіна
Нязменна пакідаюць след.
П. Броўка
Старажытныя рымляне гаварылі: "Думай пра смерць". А навошта пра яе думаць? Мы ж яшчэ маладыя, і наперадзе – цэлае жыццё. І ўсё ж такі трэба думаць. Чалавечае жыццё не вечнае. А ў канцы жыццёвай дарогі кожны з нас павінен адказаць на пытанні: "Для чаго я жыў? Які след пакінуў пасля сябе?.."
Пад словамі "след на зямлі" мы разумеем не адбітак босай нагі на мокрым пяску і не помнік на могілках, а нейкія ўчынкі, справы чалавека, па якіх яго маглі б помніць. Існуе ж мудрае выказванне, што чалавек пражыў жыццё не дарэмна, калі пабудаваў дом, пасадзіў дрэва, выгадаваў сына. І яшчэ – чалавек павінен пакінуць сваім нашчадкам не разбураную і разрабаваную зямлю, а цудоўны свет, у якім яны маглі б жыць і гадаваць сваіх дзяцей.
Усё жывое імкнецца да сонца. Цягнуцца да сонца лісты, кветкі, дрэвы... Без сонца не могуць існаваць ні жывёлы, ні птушкі, ні людзі. Жыццё на зямлі наогул немагчыма без сонца. Гэта неаспрэчная ісціна. Чалавек жа нараджаецца не толькі для таго, каб есці і піць. Для яго імкненне да сонца – гэта імкненне да сваёй мэты, жаданне яе здзейсніць.
У маладосці, па словах Я. Коласа, "сотні новых, шчаслівых дарог рассцілае жыццё прад табою". Які ж шлях выбраць у гэтым бязмежным жыцці? Чаму прысвяціць сябе? Адразу і не адкажаш на гэтыя пытанні. Але адно несумненна. Чалавек павінен жыць дзеля дабра. Ён павінен быць патрэбным людзям. У гэтым яго найвялікшае шчасце. Высакародную мэту паставіў перад сабой Андрэй Лабановіч – герой трылогіі Якуба Коласа "На ростанях". Для яго "намацаць галінамі сонца" – гэта значыць зрабіць жыццё людзей лепшым, ніколі не адступацца ад праўды, не ісці на кампраміс са сваім сумленнем. Ён думае аб добраўпарадкаванні зямлі, гаспадарскім яе выкарыстанні, аб тым, каб людзі маглі карыстацца вынікамі ўласнай працы. Шукаючы ў бурлівым жыцці сваю дарогу, Лабановіч часта задумваўся над спрадвечнымі філасофскімі пытаннямі: што такое жыццё? У чым яго сэнс? Для чаго чалавек жыве на зямлі? Адказам на іх стаў асноўны жыццёвы прынцып героя твора: "Чалавек павінен жыць для дабра, ён павінен быць карысным людзям".
Нямала разважанняў аб лёсе чалавека і яго прызначэнні на зямлі і ў творах Уладзіміра Жылкі. У час грозных бітваў чалавек павінен быць свабодалюбівым, непакорным, з бунтарскім духам. Толькі тады магчыма перамога. "Лепш быць пакутнікам, жабраком, чым рабом", – сцвярджае паэт у вершы "Ляпей жабрацкі лёс".
П. Панчанка ў вершы "Той дзень прапаў..." лічыць непатрэбным жыццё без дабрыні, спагады, чуласці, сардэчнасці, міласэрнасці.
Чалавечае жыццё ў параўнанні з вечнасцю – міг. І пражыць яго, лічыць М. Багдановіч, трэба ярка, хвалююча. Хіба можна прайсці па жыцці, "не пакінуўшы свайго ценю на сцяне?" Гэтыя словы В. Гюго М. Багдановіч выкарыстаў у якасці эпіграфа да верша "Жывеш не вечна, чалавек..."
Жывеш не вечна, чалавек, –
Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два пайшло!
Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.
Асэнсоўваючы вечныя праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляючы духоўную веліч чалавека, выкрываючы абыякавасць, самазадаволенасць, А. Вярцінскі сцвярджае:
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць,
Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, –
Тварыць!
"Жыццё пражыць – не поле перайсці", – так гучыць народная мудрасць. І з ёй нельга не пагадзіцца. Чалавеку, як Ікару, трэба расправіць крылы і здзейсніць намечанае, пакінуць пасля сябе добрыя справы. Ефрасіння Полацкая пакінула пасля сябе славуты крыж. Муры Сафійскага сабора помняць добрыя ўчынкі князя Усяслава Чарадзея. Ф. Скарына пакінуў нашчадкам 23 кнігі Бібліі, М. Гусоўскі – тры паэмы і каля 10 вершаў, М. Багдановіч – зборнік вершаў "Вянок". Справе нацыянальна-вызваленчага руху аддаў усяго сябе К. Каліноўскі, пакінуўшы свой наказ беларускаму народу ў "Пісьме з-пад шыбеніцы". Самыя запаветныя і выпакутаваныя думкі Я. Купалы і Я. Коласа засталіся ў многіх іх кнігах.
Паэты і пісьменнікі ўсіх пакаленняў і часоў задумваліся над сэнсам чалавечага жыцця, давалі самыя розныя адказы на складаныя філасофскія пытанні. Для большасці з іх "намацаць галінамі сонца" – гэта здзейсніць намечанае, пакінуць пасля сябе добрую памяць. "Чым цягнецца вышэй у неба дрэва – глыбей ідуць карэнні ў зямлю", – праўдзіва заўважыў у адным са сваіх вершаў Рыгор Барадулін. Імкненне да ідэалу, высокага і прыгожага, узвышае душу чалавека, робіць жыццё паўнакроўным, асэнсаваным, змястоўным.
Зорка ці метэарыт, згараючы, пакідаюць за сабой след. І чалавек не павінен бясследна знікнуць з Зямлі. Які ж след пакіне пасля сябе сённяшні малады чалавек, цалкам залежыць ад яго самога.
Вы выйшлі ўдалеч, маладыя
Вам доўга крочыць праз гады.
Не забывайцеся ж, якія
Вы пакідаеце сляды.
Похожие статьи:
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі пра ўваскрэсенне душы і перамогу чалавека над злом
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Чалавек
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»