Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творы Васіля Быкава 90-х гадоў
Васіль Быкаў – агульнапрызнаны майстар такога жанру празаічнай творчасці, як аповесць. Адным з апошніх твораў у гэтым накірунку з’явілася аповесць "Пакахай мяне, салдацік". Яна вылучаецца тым, што, у адрозненне ад ранейшых твораў, у ёй В. Быкаў надаў значную ўвагу вобразу жанчыны.
Дзеянне ў аповесці "Пакахай мяне, салдацік" адбываецца ў апошнія дні Вялікай Айчыннай вайны ў ваколіцах невялічкага аўстрыйскага гарадка. Галоўны герой – камандзір узвода лейтэнант Змітрок Барэйка, ад імя якога вядзецца апавяданне. Сустрэўшыся з малодзенькай зямлячкай Франяй, лейтэнант закахаўся ў яе. Аднак шчырае і чыстае пачуццё Змітрака трагічна абарвалася з-за забойства Франі, разам з якой загінулі яе нямоглыя гаспадары – прафесар біялогіі Шарф і яго жонка фрау Сабіна. Змітрок праклінае забойцаў: "Хто б яны ні былі – нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты!" Прасочваючы лёс Змітрака і Франі, аўтар выступае супраць неапраўданай помслівасці, жорсткасці і тых ахвяр, не выкліканых ваеннай неабходнасцю, гаворыць пра небяспеку і фашызму, і бальшавізму.
Нельга не адзначыць, што ў апошні час пісьменнік аддаваў перавагу апавяданню. І звязана гэта ў першую чаргу з імкненнем пісьменніка ў больш кароткай, у параўнанні з аповесцю, форме данесці да чытача сваю думку.
Тэме бальшавіцкага таталітарызму прысвечаны такія творы В. Быкава, як "На чорных лядах", "Перад канцом" і "Жоўты пясочак". У апавяданні "На Чорных лядах" аўтар звяртаецца да нядаўняй гісторыі – Слуцкага ўзброенага паўстання 1920 г., накіраванага супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Восем чалавек, знясіленых, без ежы і патронаў, адважваюцца на самагубства: яны капаюць сабе агульную магілу і па чарзе кладуцца ў яе. Гэтыя людзі, якія хацелі дабра сабе і свайму народу, свядома ідуць на смерць не з-за нейкага фанатызму, а кіруюцца гуманістычным меркаваннем: не "пацягнуць на пакуты іншых, тых, дзеля каго, па сутнасці, распачалі" паўстанне. З васьмі чалавек застаўся жыць толькі пятнаццацігадовы Валодзька Сулашчык, якому камандзір даручыў закапаць і зруйнаваць з зямлёй магілу паўстанцаў. Выратаванне Валодзькі – надзея на тое, што трагічная самаахвярнасць паўстанцаў не згіне бясследна ў гісторыі, не забудзецца нашчадкамі. Праз трагедыю герояў твора аўтар паказвае нацыянальную трагедыю, выкрывае зло, што прынёс беларускаму народу бальшавізм.
Падзеі ў апавяданні "Перад канцом" адбываюцца " ў хуткім часе пасля кастрычніцкага перавароту ў Расіі. Цэнтральны персанаж твора – былы падпаручнік царскай арміі, які па недарэчнасці трапляе ў засценкі ЧК: пры вобыску на вакзале чэкісты знаходзяць ў ягоным рэчывым меху пісталет. Апынуўшыся ў няволі, падпаручнік не губляе надзеі на лепшае. Таму ён адразу згаджаецца на прапанову аднаго з сукамернікаў напасці на варту і паспрабаваць уцячы на волю. Астатнія, паколькі іх не кармілі некалькі дзён, вырашаюць, што яны ўжо асуджаныя, і таму таксама падтрымліваюць прапанову. Аднак, калі вартавы прынёс, як свінням, вядро кашы, усе, за выключэннем падпаручніка, адмаўляюцца ад ранейшай задумы. Аўтар паказвае, да чаго можа давесці людзей таталітарная ўлада: яны гатовы за вядро кашы адмовіцца ад свабоды, ад апошняга шанцу застацца людзьмі.
Тэме палітычных рэпрэсій 20-30-ых гадоў прысвечана апавяданне "Жоўты пясочак". У ім В. Быкаў па-мастацку дакладна і псіхалагічна выверана перадае атмасферу тых жахлівых часоў. Ён паказвае, як машына рэпрэсій раскручвае свае шалёныя абароты, патрабуючы ўсё новых і новых ахвяр. Адзін з цэнтральных эпізодаў твора звязаны з лёсам былога супрацоўніка НКУС. На яго сумленні не адно загубленае жыццё – ён верна служыў сістэме. Але надышоў час, калі сістэма адвергла яго і ператварыла ў такую ж ахвяру, як і тыя, каго ён з асалодай забіваў з пісталета ў патыліцу. Былы кат да самага канца не верыць у блізкасць сваёй смерці, а зразумеўшы яе непазбежнасць, патрабуе для сябе асобнай магілы, каб не ляжаць у зямлі побач з розным "быдлам". Такім чынам, персанаж паўстае перад намі не столькі ахвярай рэжыму, колькі ахвярай уласнай абмежаванасці і непрадбачлівасці.
Аб глыбіні маральнага падзення чалавека ва ўмовах рэжыму татальнага кантролю ўсіх сфер жыцця гаворыць В. Быкаў у апавяданні "Бедныя людзі". Два героі твора – прафесар і аспірант – пасля доўгіх сумненняў у шчырасці сваіх дзелавых адносін (кожны паасобку) пішуць даносы адзін на аднаго ў "органы". Аўтар паказвае, на якой псіхалагічнай аснове будуе сваю дзейнасць таталітарная ўлада: на страху, недаверы, падступстве і псіхалагічным ціску на кожнага нязгоднага члена грамадства. З гэтым апавяданнем тэматычна звязана і наступнае – "Сцяна". Зрэшты, яно па сіле свайго абагульнення нагадвае хутчэй прытчу. Безыменны герой твора жыве ў безыменнай краіне, у якой правіць баль жорсткая дыктатура. Знаходзячыся ў турме, ён спрабуе знайсці слабое месца ў каменным муры сваёй цямніцы. Калі ж ён зрабіў у сцяне адтуліну і змог вылезці на вуліцу, яго чакала горкае расчараванне: з адной камеры ён трапляе ў другую – з шыбеніцай. Нягледзячы на песімістычны фінал, прытчавы характар твора дапускае шматзначнасць яго тлумачэння.
Такім чынам, В. Быкаў у апошнія гады пашыраў тэматыку сваёй творчасці, звяртаўся да новых, забароненых раней тэматычных пластоў. Але не пакідаў пісьменнік і сваёй любімай тэмы – вайны і лёсу чалавека на вайне. Аб гэтым сведчаць яго творы дадзенай тэматыкі ("Зенітчыца", "Палкаводзец", "Пагорак", "Палітрук Каламіец", "Падоранае жыццё" і "Кацюша").
Похожие статьи:
Васіль Быкаў → Васіль Быкаў - Аблава
Васіль Быкаў → Васіль Быкаў - Пайсці і не вярнуцца
Васіль Быкаў → Аблава. Трагедыя Хведара Роўбы і яго сям'і