Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчы шлях Наталлі Арсенневай

Дзіўна песні Твае расцвітаюць далёка зузор’ямі,
над другімі палямі яны сіратліва мігцяць,
і таму яны, пэўна, над роднымі сёння разорамі
асыпаюцца

 золатам восені,

 асыпаюцца шумам трысця...

М. Танк


   Доўгім і нялёгкім быў жыццёвы шлях Наталлі Арсенневай. І ўсе свае пачуцці, думкі, мары, уражанні і настроі сабрала яна, як самотныя кветкі беларускіх палёў, у чароўны паэтычны букет. І прынесла гэты дар нам, чытачам. Яна тварыла дзеля таго, каб мы верылі ў светлую будучыню сваёй краіны, каб мы заўсёды помнілі, што мы – народ.
   Першы зборнік вершаў Н. Арсенневай "Пад сінім небам" выйшаў у Вільні ў 1927 г., другі зборнік "Сягоння" – у Мінску ў 1944 г. Найбольш жа поўным выданнем твораў паэтэсы з’яўляецца кніга "Між берагамі" (Нью-Йорк – Таронта, 1979).
   У ранніх творах Н. Арсенневай пераважаюць пейзажныя, прыродаапісальныя матывы. У полі зроку паэтэсы аказваюцца восеньскія, вячэрнія, начныя пейзажы, сузіранне якіх выклікае ў лірычнага героя не філасофска-элегічны роздум аб хуткасці плыні жыцця, а надзею на хуткае абнаўленне прыроды, вяртанне лепшых чалавечых пачуццяў:

Хай паўзуць над зямлёю калматыя хмары,
хай цямнее рака, хай жыццё замірае,
не агорнуць нас восені горкія мары,
кожны з нас яшчэ светлае шчасце пазнае, –
будзем чакаць вясны!

   Большасць вершаў са зборніка "Сягоння" скіравана ў бок філасофскага асэнсавання тагачасных падзей. Вайну паэтэса ўспрымае як вялікую трагедыю еўрапейскіх народаў. Яна аднолькава шкадуе ўсіх загінуўшых: і сыноў Дняпра, і сыноў Рэйна. Не дзелячы ўдзельнікаў вайны на сваіх і чужых, пераможцаў і пераможаных, Н. Арсеннева асуджае войны і зачынальнікаў крывавых завірух. Знаходзячыся па-за палітыкай, яна шукае выйсця з трагічных абставін. "Ой, калі ж высахне кроў, знойдзецца нейкае выйсце?" – задае ўсхвалявана-рытарычнае пытанне лірычны герой верша "Калі". У гэты час у душы паэткі зліліся два процілеглыя пачуцці: вера ў адраджэнне нацыі і адначасова прадчуванне трагедыі народа.
   Вершы кнігі "Між берагамі" пазначаны высокай мастацкасцю, філасофскай назіральнасцю, мінорнай спавядальнасцю. Яны адлюстроўваюць жыццё чалавека, адарванага прасторам і часам ад Бацькаўшчыны. Тут і тужлівыя радкі пра родны край, нараканні на лёс, які абышоўся з ёй не лепшым чынам, успаміны пра Беларусь, прызнанне ў шчырай любові да яе:

Не цалавала рук
нікому я ў жыцці,
Табе ж,
мая зямля,
Я цалавала б ногі...

   Паэтэса і на чужыне ўслаўляе "ціхую і ветлую" Беларусь, у будучае якой бязмерна верыць. У вершах "Не астыць нас", "25 сакавіка", "Прадмова да ненапісанае паэмы", "А мне сніцца", "На Слуцкія ўгодкі" ўзнаўляюцца старонкі гістарычнага мінулага Айчыны: Грундвальдская бітва, паўстанне К. Каліноўскага, бітва пад Оршай, Слуцкае ўзброенае паўстанне. Аптымізмам, верай у тое, што Бог дапаможа ўсталяваць справядлівасць, прынясе адраджэнне роднаму краю, напоўнены верш "Малітва":

Магутны Божа! Ўладар сусветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларуссю, ціхой і ветлай,
рассып праменне Свае хвалы...
Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот:
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
краіну нашу і наш народ!

   Праграмны верш "Між берагамі", напісаны ў 1971 г. у Рочэстэры, напоўнены мужным болем, усведамленнем таго, што паэтэса выстаяла, не здрадзіла свайму народу і суровай праўдзе тагачасных абставін:

А я б – яшчэ плыла, няхай між берагамі
каменне, і віры, і дна глыбінны жвір...
Ці раз параненая імі да крыві,
не паддалася ўсё ж, не пала я ў змаганні.

   Паэзія Наталлі Арсенневай, прасякнутая бязмежнай любоўю да Радзімы, пранізаная шчымлівым болем за страчаную Бацькаўшчыну, вучыць нас быць мужнымі ў часы суровых выпрабаванняў, з высокай чалавечай годнасцю выходзіць з самых складаных жыццёвых абставін, любіць і шанаваць Айчыну, нязменна верыць у яе адраджэнне.

 

Похожие статьи:

БиографииНаталля Арсеннева