Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сымон Будны і Васіль Цяпінскі – прадаўжальнікі традыцый Францыска Скарыны

   Годнымі пераемнікамі гуманістычных традыцый Ф. Скарыны называем мы сёння Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. Гэтая пераемнасць выявілася і ў тым, што яны перакладалі і выдавалі свае творы па-беларуску, і ў тым, што спрыялі гэтым пашырэнню цікавасці да навукі сярод насельнікаў Вялікага княства Літоўскага, і ў тым, што ўдасканальвалі майстэрства кнігавыдання. Але самае галоўнае тое, што дзейнасць сваю яны ахвяравалі "людем посполитым", тым самым "народу своему услугуючи".
   Галоўным жыццёвым клопатам Васіля Цяпінскага стала справа адукацыі народа. З гэтай мэтай ён прыняўся за цяжкую працу перакладчыка на беларускую мову Евангелля – састаўной часткі Бібліі. Ахвяруючы ўласнымі сродкамі, асветнік у сваім маёнтку Цяпіна (цяпер Чашніцкі раён) заснаваў друкарню і выдаў Евангеллі ад Мацвея, Марка і часткова ад Лукі. Надрукаваны яны ў два слупкі.
   Паралельна з беларускім перакладам змяшчаўся тэкст царкоўнаславянскай крыніцы, што давала магчымасць пераканацца не толькі ў адэкватнасці, але і якасці перакладу. У Евангеллі змешчана 210 глос (слоў-перакладаў), дзе тлумачыліся незразумелыя і малавядомыя словы, прыводзіліся даведкі пра паходжанне асобных слоў.
   Да Евангелля Васіль Цяпінскі напісаў палымяную прадмову, якая па невядомых прычынах не была апублікавана (рукапіс яе захоўваецца ў Пецярбургскай бібліятэцы ім. М. Салтыкова-Шчадрына). З прадмовы паўстае вобраз непрымірымага барацьбіта, патрыёта, выразніка нацыянальных і культурных інтарэсаў беларускага народа. Асветнік змагаўся за пашырэнне асветы і кнігадрукавання на беларускай мове, за кансалідацыю "зацного, славного, острого, довстипного" беларускага народа. Ён заклікаў адкрываць нацыянальныя школы, каб у іх "детки смыслы свои неяко готовали, острили и в вере прицвичали". Тым жа, хто цураўся "наукам в слове своем", прыводзіў у прыклад братоў Кірыла і Мяфодзія, якія сталі гонарам славянскай і сусветнай культуры.
   Яшчэ больш шматграннай была творчая дзейнасць Сымона Буднага, у асобе якога сумясціліся філосаф, гісторык, перакладчык, актыўны дзеяч рэфармацыйнага руху. У 1574 г. у Лоску беларускі асветнік надрукаваў пераклад Новага Запавету з грунтоўнай прадмовай, каментарыямі і заўвагамі. Дзякуючы фенаменальным здольнасцям С. Буднага, яго таленту, эрудыцыі, дасканаламу веданню старажытных моў, Новы Запавет стаў адным з самых вядомых еўрапейскім выданнем. Пазней былі выдадзены ўласныя творы С. Буднага "Пра дзве сутнасці Хрыста", "Супраць хрышчэння дзяцей", "Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як айцец...", "Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры". Апісанню гісторыі сваіх сацыяльных і рэлігійна-філасофскіх разнагалоссяў з "левымі" (Пятром з Гоняда, Якубам з Калінаўкі, Янам Немаеўскім) прысвечаны трактат "Пра свецкую ўладу". У адрозненні ад "левых", якія патрабавалі знішчэння дзяржавы, суда, войска, канцылярыі, адміністрацыі, С. Будны выступіў у абарону ўрада і дзяржавы. Гэты трактат з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі беларускай Рэфармацыі і грамадска-філасофскай думкі.
   Рэлігійна-філасофскія ідэі Сымона Буднага былі даволі наватарскімі для еўрапейскай думкі таго часу. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, беларускі асветнік у сярэдзіне 1563 г. перайшоў на больш радыкальныя пазіцыі антытрынітарызму і пачаў вызнаваць адзінага Бога, адмовіўшыся ад догмату пра боскую Тройцу. Беларускі мысліцель па-свойму трактаваў паняцці замагільнага свету і пасмяротнай узнагароды, натуралістычна вытлумачваў біблейскія цуды.
   Сымон Будны выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам, патрабаваў абмежавання феадальнага самавольства, крытычна адносіўся да захопніцкіх войнаў. Як гуманіст і заступнік інтэлектуальнай свабоды, ён заклікаў да верацярпімасці, выступаў за свабодную стваральную працу, абураўся супраць фізічнай расправы над іншадумцамі. Як адзін з самых адукаваных філосафаў-асветнікаў свайго часу, ён лічыў, што развіццё беларускай мовы і культуры з’яўляецца адным з фактараў станаўлення нацыянальнай свядомасці.
   Памяць пра выдатнага дзеяча беларускай Рэфармацыі Сымона Буднага ўшаноўваецца на Беларусі. Яго імем названы шматлікія вуліцы ў гарадах рэспублікі, тыпаграфія ў Нясвіжы. Там жа яму пастаўлены помнік.
   Дзейнасць беларускіх асветнікаў і гуманістаў з’яўляецца яркім прыкладам самаадданага служэння свайму народу, служэння ахвярнага і бескарыснага. І ў гэтым таксама выявіўся іх гуманізм і любоў да роднага краю.

 

Похожие статьи:

ІншаеСымон Будны

ПераказыСымон Будны і Васіль Цяпінскі

Алесь СалавейАлесь Салавей - Гуманізм