Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сатырычная камедыя М. Матукоўскага "Амністыя"

   П’еса М. Матукоўскага "Амністыя" скіравана на выкрыццё прыстасавальніцтва, паказушнасці, кар’ерызму. Дзеянне адбываецца на фабрыцы па вырабе дзіцячых цацак, дзе дырэктарам з’яўляецца даволі памяркоўны і асцярожны Якаў Фаміч Добрых. Ён згодзен праводзіць новаўвядзенні і бачыць у гэтым разумную перспектыву для прадпрыемства. І ў той жа час дае дазвол на выраб нецікавых і нікому не патрэбных цацак. Добрых з’яўляецца вінцікам адміністрацыйна-каманднага апарату, якому ніколі не дазвалялі прымаць самастойных рашэнняў. Смерць дырэктара ў сваім кабінеце ад інфаркту (яна была выклікана нервовым стрэсам ад чарговай праверкі, справакаванай слесарам Салавейчыкам) заканамерная. Драматург адкрыта не пратэстуе супраць, на першы погляд, даверлівага і клапатлівага дырэктара, але робіць вывад, што такім людзям кіраваць прадпрыемствам небяспечна.
   Асноўны канфлікт у п’есе разыгрываецца паміж галоўным канструктарам Рагнедай Божашуткавай і галоўным мастаком Ізабелай Дрозд. Божашуткава заўсёды прыслужвала начальству, жыла па прынцыпе "абы было ціха", спрабавала стварыць ілюзорнае ўяўленне аб перадавым прадпрыемстве, дзе пануюць дэмакратыя, павага, узаемаразуменне. Асноўнымі яе арыенцірамі былі паказушнасць, імкненне любымі сродкамі выканаць план, паказ надуманай рэспектабельнасці. Гэта жанчына жыве старымі нормамі, не можа і не хоча вырвацца з круга даўно знаёмых ёй рэчаў. І калі слесару Салавейчыку (пасля чарговага дэбошу) пагражала турэмнае зняволенне, галоўны канструктар пачынае акцыю ў абарону свайго супрацоўніка – грубіяна, прагульшчыка і маральна нізкага чалавека. Фабрыка змагалася за званне калектыву камуністычнай працы, і гэты скандал мог перакрэсліць усе надзеі на яго атрыманне. Вызваленне Салавейчыка з-пад стражы і яго амністыя (перавыхаванне ў калектыве) былі дасягнуты амаральнымі сродкамі. Слесар жа і не збіраўся перахоўвацца, а, наадварот, ператварыўся ў пачвару, правакатара, вымагальніка.
   Антыподам Божашуткавай у п’есе з’яўляецца галоўны мастак Ізабела Дрозд. Яна не баіцца сказаць праўду ў вочы, адкрыта выступае супраць выканання планаў любымі сродкамі, супраць штампоўкі "піянераў", "акцябронкаў", прымітыўных цягачоў і пісталетаў. Гэта толькі дзякуючы яе намаганням, Салавейчыку-гегемону прыпомнілі ўсе грахі і паставілі на месца. Як перадавы, здольны, адукаваны і перспектыўны спецыяліст, Дрозд распрацавала ўзоры новых цацак і змагаецца за зацвярджэння іх вытворчасці. Пасля смерці Добрых яна становіцца дырэктарам фабрыкі, і перад ёй адкрыліся вялікія перспектывы ажыццяўлення задуманага.
   П’еса скіравана не толькі супраць прыстасаванства і паказушнасці, але і на выкрыццё прычын страты ў рабочых адказнасці за вынікі працы і агульныя інтарэсы, гонару за сваю прафесію, пачуцця гаспадара прадпрыемства, нараджэння ў працоўных калектывах атмасферы хлусні, цынізму і хцівасці.

 

Похожие статьи:

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Бездань

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Мудрамер

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Паядынак

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Мудрамер. Аналіз твора

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Амністыя