Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Радзіма мая – Беларусь

Радзіма мая – Беларусь
Да вас іду, адважныя, палеглыя.
І разам з вамі за народ свой б’юся.
І праз усе нягоды і адлегласці
Нам свецяць вочы роднай Беларусі.

Л. Дайнека


   Бацькаўшчына, Радзіма, Айчына, бацькоўская зямля, родная старонка – такімі шчырымі словамі мы называем той адзіны і непаўторны куточак на зямлі, дзе нарадзіліся, выраслі, спазналі першыя радасці і няўдачы, адкрылі шырыню і прыгажосць свету. І куды б не закінуў нас лёс у сталым узросце, нам ніколі не пазбыцца тугі па малой Радзіме, заўсёды будзем вяртацца мы да яе ва ўспамінах і снах як да крыніцы сваёй душы.
   Думаючы пра бацькоўскі дом, калыску маленства, мы думаем пра Беларусь – вялікую Радзіму. Пачуўшы назву Беларусь, многія адразу ўяўляюць магутнага зубра ці белага бусла, які ляціць над зямлёй, раскінуўшы шырокія крылы. Нездарма сваю вядомую кнігу пра Беларусь У. Караткевіч назваў "Зямля пад белымі крыламі". Першыя звесткі пра Беларусь няцяжка адшукаць у "Аповесці мінулых гадоў", "Жыціі" Ефрасінні Полацкай, летапісах ХІV-XVІІ ст. З іх вядома, што першая беларуская дзяржава – Полацкае княства – пачала сваё існаванне ў часы княжанне Рагвалода (другая палова Х ст.). Гэта была цалкам самастойная дзяржава з усімі адпаведнымі атрыбутамі: суверэннай уладай князя і веча, адміністрацыяй, сталіцай, войскам, грашовай сістэмай. У ёй развіваліся шматлікія рамёствы, гандаль, высокага росквіту дасягнула мастацтва, адукацыя дойлідства. У Полацкім княстве жыла славутая дачка беларускага народа, князёўна, перапісчыца і перакладчыца кніг Ефрасіння Полацкая. Тут нарадзіўся першадрукар, вучоны і асветнік, культурны дзеяч эпохі Адраджэння Францішак Скарына.
   На долю Беларусі выпалі цяжкія выпрабаванні. За сваю шматвяковую гісторыю яна перажыла шмат войнаў. Не дапусціў беларускі народ на сваю зямлю татара-манголаў, змагаўся ён з крыжакамі і шведамі, граміў войскі Напалеона ў 1812 годзе, перамог у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. Гэтыя падзеі беларускай гісторыі адлюстраваны ў шматлікіх творах У. Караткевіча, А. Лойкі, К. Тарасава, Я. Сіпакова, У. Арлова, Л. Дайнекі, В. Чаропкі, В. Быкава, А. Савіцкага, І. Чыгрынава, Я. Брыля і многіх іншых пісьменнікаў. І ўсе мы павінны асэнсаваць мнагалучную сувязь чалавека з гісторыяй народа і, па словах У. Караткевіча, "не пагарджаць святым мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго". Той, хто забывае сваю гісторыю, бяднее, ператварае сваё жыццё ў шумнае сіроцкае існаванне без каранёў, без вытокаў, і, значыць, без будучыні.
   У беларускай літаратуры, напэўна, няма такіх пісьменнікаў, у творах якіх не знайшлося хаця б некалькі радкоў-прызнанняў у шчырай любові да бацькоўскай зямлі, адданасці і вернасці ёй. "Маленства край! Ты з намі да сканання, чысты, святы, як першае каханне", – пісаў пра сваю Навагрудчыну славуты Адам Міцкевіч. З Бацькаўшчынай звязаны самыя светлыя надзеі і спадзяванні Янкі Купалы, яго мары аб шчасці і свабодзе беларускага народа. Паэт заўсёды адчуваў сябе неадлучнай "мільённай часцінкай" роднай нівы. Бацькаўшчына для яго – гэта і "вясеннія праталіны, і лесу шэлест верасны, і ў полі дуб апалены", і "стары амшалы тын", і рэчка "з плытнікамі Нёман", і "пушчы Белавежскай гоман"... Любоў да радзімы, на думку паэта, напаўняе жыццё чалавека глыбокім сэнсам. І гэтым пачуццём неабходна даражыць, не трэба імкнуцца шукаць шчасця-долі "на чужым, далёкім полі", "за шумным лесам-борам, за шырокім сінім морам". Бацькаўшчына – гэта самы вялікі скарб, які беларусы павінны зберагчы і захаваць для нашчадкаў.
   Адчуванне сваёй непарыўнай лучнасці з бацькоўскай зямлёю, знітаванне свайго духоўнага свету з народнай душою дапамагаюць беларускім пісьменнікам ярка, шматфарбна і шчыра-ўзнёсла пісаць вялікую кнігу жыцця роднай краіны. Шмат было іх, не прызнаных сыноў і дачок Айчыны, якіх яшчэ зусім нядаўна мы бяздумна, з усёй бескарыслівасцю беларускай душы, аддавалі суседнім культурам. Але, на шчасце, усвядомілі, што патрыёт – гэта не толькі той, хто размаўляе і стварае па-беларуску, што нашы польскамоўныя і рускамоўныя землякі могуць быць не меншымі за нас патрыётамі. Нарэшце, нас пачала цікавіць не знешняя, моўная, прымета, а нешта больш існае, сутнаснае – душа творцы. І таму сёння мы не маем права таго ж Адама Міцкевіча або Яна Баршчэўскага ўспрымаць як пасынкаў нашай культуры. "Літва, Айчына мая!" – усклікаў ліцвін А. Міцкевіч, вялікі геній беларускай зямлі, карані паэтычнага таленту якога жывіліся з навагрудскіх крыніц.
   Вобраз малой радзімы – невялічкая пясчынка ў акіяне чалавечага сусвету, але менавіта ён дапамагае чалавеку выстаяць і захаваць сваю годнасць перад тварам зменлівага лёсу. Ён – той патаемны куток людское душы, у які не дадзена заглянуць нікому, акрамя самога чалавека. Гэта і святая любоў, і боль, і сумненне, гэта само жыццё. Таму, па словах П. Панчанкі,

Кожны з нас прыпасае Радзімы куток,
Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны –
Дым над хатай, снапамі прыціснуты ток,
Матчын спеў і гароды, прапахлыя кмінам...

   Для П. Панчанкі Бацькаўшчына – "зямля бацькоўская, святая", "увесь народ", краіна, што прыходзіць у сны, хмараю праплывае, птушкай садзіцца "на ціхі клён, звонкім дажджом" ападае (вершы "Зямля бацькоў", "Краіна мая").
   Многія пісьменнікі пад словам Бацькаўшчына разумеюць і родную мову, і культуру, гісторыю беларускага народа, яго эпас, фальклор, народныя звычаі і традыцыі... І з імі нельга не пагадзіцца, бо наша Бацькаўшчына – гэта не толькі мы, якія жывуць сёння, але і тыя, хто аблюбаваў калісьці гэты блаславёны Богам край, – нашы прашчуры. Бацькаўшчына – гэта наша мінуўшчына, сучаснасць і будучыня, гэта Беларусь у прасторы і часе, у нашых думках, памкненнях і сэрцах. Радзіма – гэта наш беларускі Космас, наш духоўны Сусвет, аснова, без якой мы – дым на папялішчы. І мы павінны захаваць скарб, дадзены нам самім Усявышнім на шчасную долю, зберагчы для нашчадкаў і зуброў з бусламі, і старыя вежы, і цішыню пушчы, і міласэрнасць, і чалавечнасць... І ў гэтым заключаецца хаця б невялікі, але подзвіг кожнага з нас.

 

Похожие статьи:

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма

Пераказы, дыктантыСкарбы нашай Радзімы

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Пераказы, дыктантыГанарымся Бацькаўшчынай

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Радзіма мая дарагая...