Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Па старонках твораў Кузьмы Чорнага
Кузьма Чорны, прадаўжаючы і развіваючы гуманістычныя традыцыі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, аказаў значны ўплыў на развіццё беларускай аналітычнай прозы і яе эпічных жанраў. Ён з’яўляецца адным з пачынальнікаў псіхалагічай прозы. Пісьменнік адводзіў літаратуры важную ролю ў нацыянальным адраджэнні, лічыў яе "наймагутнейшай з’явай жыцця краіны, адным са сродкаў творчасці гэтага жыцця".
Пачынаў пісьменнік свой творчы шлях на пачатку 20-х гадоў з лірычных і надзвычай эмацыянальных апавяданняў, якія па форме нагадвалі навелы ці імпрэсіі. Напісаныя на матэрыялах з жыцця вёскі і горада, яны паказвалі духоўнае абуджэнне народа.
У пачатку 30-х г. К. Чорны прыходзіць да гістарычна-канкрэтнага разумення новай рэчаіснасці. Яго ўвагу прыцягвае жыццё народа на вялікім адрэзку часу. У рамане "Бацькаўшчына" пісьменнік імкнуўся асэнсаваць і абагульніць змены ў жыцці грамадства, выкліканыя Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Падзеі, апісаныя ў творы, ахопліваюць некалькі дзясяткаў гадоў.
Галоўным героем рамана з’яўляецца селянін Леапольд Гушка – чалавек без зямлі і бацькаўшчыны. Адвечная беднасць і нястача не заглушылі ў ім пачуцця чалавечай годнасці. Чалавек сумленны і цярплівы, надзелены незвычайнай сілай волі, ён не палохаецца жыццёвых цяжкасцей, "стаіць на нагах моцна". Герой твора марыць аб набыцці кавалка ўласнай зямлі, на якой ён быў бы гаспадаром. Леапольд, як і Міхал з "Новай зямлі", верыць, што на сваёй зямлі ён стане незалежным і шчаслівым, зажыве па-людску. Рэвалюцыя быццам бы здзейсніла мару Гушкі. Ён атрымаў некалькі дзесяцін камяністай няўдобіцы, на якой працаваў як закляты. Але змяніўся час. І герой твора становіцца змагаром за новы лад, новую бацькаўшчыну. Ён аддае ў камуну набыты з неймавернай цяжкасцю надзел зямлі і гэтым самым нібыта вызваляецца ад пакутаў уласніцтва. Логіка развіцця характару Леапольда відавочна парушаецца. І з сённяшняга пункту гледжання такія паводзіны героя рамана здзіўляюць, не паддаюцца лагічнаму аналізу і тлумачэнню. Гэтым учынкам герой твора як бы перакрэслівае сваю ранейшую жыццёвую праграму. На апошніх старонках твора, даволі публіцыстычных і схематычных, мы бачым Леапольда старшынёй пагранічнага калгаса, кіраўніком пасяджэння раённага з’езда саветаў. Тут адчуваецца ўступка аўтара ідэям таго часу, калі неабходна было паказаць, як ва ўмовах савецкай рэчаіснасці былы батрак ператвараецца ў дзяржаўнага дзеяча, як селянін вызваляецца ад сляпой наіўнай веры ў сваё вызваленне шляхам набыцця ўласнай зямлі. Тэма фарміравання новага чалавека, які быццам бы ва ўмовах савецкай рэчаіснасці вызваляецца ад уласніцкай псіхалогіі, становіцца асноўнай і ў рамане К. Чорнага "Трэцяе пакаленне".
На працягу 30-х гг. К. Чорны напісаў нямала твораў, у якіх, нягледзячы на кампраміс з часам, здолеў паказаць важныя праблемы новага часу. У аповесці "Люба Лук’янская" пісьменнік імкнуўся раскрыць працэс фарміравання моцнага характару жанчыны, паказаць, як узнімаўся прыгнечаны, зняважаны і абяздолены чалавек з "дна" на высокія жыццёвыя вяршыні. Любе Лук’янскай, Валі Іваноўскай, братам Рыльскім у творы проціпастаўлены Сашка Стафанковіч і яго бацька, у вобразах якіх К. Чорны выкрыў дробнаўласніцкі ідэал жыцця чалавека, яго прыстасавальніцтва, чэрствасць, бяздушнасць і нікчэмнасць.
У творах К. Чорнага ваенных гадоў створана шырокая панарама барацьбы беларускага народа супраць захопнікаў. Раман "Пошукі будучыні" ствараўся па гарачых слядах падзей і адлюстроўваў напружаны роздум пісьменніка аб лёсе народа ў складаны для яго час. Героі рамана больш-менш нагадваюць ужо знаёмых герояў папярэдніх твораў. Тое, што адбывалася ў мястэчку Сумлічы і яго ваколіцах, – гэта толькі невялікі эпізод барацьбы беларускага народа супраць захопнікаў. Аўтар прасочвае лёс герояў твора на працягу многіх гадоў (імперыялістычнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў). Таму ў рамане нямала экскурсаў у мінулае.
На першых старонках рамана мы сустракаемся з галоўнымі героямі твора – чатырнаццацігадовай Волечкай і шаснаццацігадовым Кастусём, якіх лёс звёў у адной хаце. Кастусь прывёз у вёску хворага нямецкага салдата Густава Шрэдэра, які ў знак падзякі за дапамогу пакінуў выратавальнікам залатыя рэчы, выграбленыя ў непрытомнага графа Паліводскага. Пазней мы ўбачым Вольгу і Кастуся сталымі, любячымі адзін аднаго мужам і жонкай, якія выхоўваюць дачку Лізу.
Значную ролю ў рамане адыгрывае вобраз простага селяніна-працаўніка Нявады, якому ў першую сусветную вайну было суджана зведаць пакуты акопнага жыцця і нямецкага палону. Пасля многіх гадоў блукання і пакут ён вярнуўся ў родную вёску, сустрэўся з дачкой і дачакаўся ўнучкі. У дзецях Нявада бачыў будучае, прадаўжэнне сябе. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён аддае ўсе сілы для выратавання ўнучкі з канцэнтрацыйнага лагера і, не здейсніўшы гэтага, гіне. Унучку вызвалілі з палону партызаны на чале з Кастусём.
У творы яскрава выпісаны фашысцкія вылюдкі і іх паслугачы (стары і малодшы Шрэдэры, граф Паліводскі, Акаловіч). Салдат кайзераўскай арміі стары Густаў Шрэдэр спрабаваў знайсці будучыню сярод забітых на полі бою салдат, у якіх ён забіраў залатыя рэчы і грошы. Густаў марыў пабудаваць для свайго сына маёнтак, але трапіў у палон і павёз назад у Германію толькі злосць на сябе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Шрэдар старэйшы зноў з’явіўся ў гэтых мясцінах, дзе яго сын, вырасшы пры фашызме, узначальваў акупацыйную ўладу, быў камендантам канцэнтрацыйнага лагера, забойцам. К. Чорны ў творы сцвярджае, што будучыні ў забойцаў не можа быць. І Шрэдэры, і Акаловіч гінуць ад партызанскіх куль.
На лёсе людзей невялічкага мястэчка К. Чорны паказаў барацьбу ідэй, поглядаў на свет у складаны для Беларусі час. Пісьменнік у творы ўпэўнівае, што вораг будзе выгнаны з беларускай зямлі, што беларускі народ не загіне ад чорнай фашысцкай навалы.
Похожие статьи:
Кузьма Чорны → Сацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана
Кузьма Чорны → Пошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - Насцечка
Кузьма Чорны → Пошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства