Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Паэма Вікенція Равінскага "Энеіда Навыварат"
Доўгі час паэма "Энеіда навыварат" лічылася ананімнай. Шматгадовыя спрэчкі наконт яе аўтарства літаратуразнаўцы (услед за Г. Кісялёвым) вырашаюць на карысць Вікенція Равінскага, удзельніка войнаў з французамі 1805-1807 і 1812 гг. Паэма, упершыню надрукаваная ў рускім часопісе "Маяк" у 1845 г., з’яўляецца перайманнем, наследаваннем старажытнарымскай паэме Вергілія (70 – 19 гг. да н. э.). Такія ж пародыі ўзніклі (праўда, крыху пазней) і ў іншых славянскіх літаратурах ("Энеіда" ўкраінскага пісьменніка І. П. Катлярэўскага, "Вергилиева Энеида, вывороченная наизнанку" рускага паэта М. Осіпава). Усе яны высмейвалі нарматыўную эстэтыку класіцызму з яе адарванасцю ад народнага жыцця, высокім стылем, узвышанымі і гераічнымі вобразамі.
Вергілій у сваёй паэме расказвае пра гераічныя подзвігі Энея, унука траянскага цара, які за доўгія 7 гадоў дасягае Італіі і становіцца там царом. Персанажамі беларускай "Энеіды навыварат", як і "Энеіды" Вергілія, з’яўляюцца старажытнагрэчаскія і старажытнарымскія багі і героі. Узаемаадносіны паміж антычнымі багамі і траянцамі нагадваюць узаемаадносіны паміж панамі і прыгоннымі сялянамі.
Уладнай, вяльможнай паняй у паэме з’яўляецца Юнона – багіня неба, сямейнага дабрабыту, ахоўніца шлюбу. Яна паказана як "баба злая, адроддзя панскага, ліхая". З адкрытай нянавісцю адносіцца яна да траянцаў і ўсіх простых людзей, бесчалавечна абыходзіцца з прыгоннымі. Помслівай і жорсткай намалявана ў "Энеідзе навыварат" Дыдона – багіня Месяца, заснавальніца Карфагена. Дзесяцкага яна "прыбіла" за тое, што той "распраўшчыны не знае і без пашпортаў усіх пускае". Бог вятроў Эол паказаны распусным падпанкам, жорсткім войтам, што зганяе на паншчыну людзей. Багіня прыгажосці Венера – засцянковая шляхцянка-модніца. Вобраз вярхоўнага бога, цара і бацькі багоў і людзей Зеўса намаляваны з гумарам, гратэскам. Калі да яго прыходзіць з паклонам Венера, Зеўс
...сядзеў у клеці,
Гарэлку з мёдам там сцябаў,
Без сораму, як малы дзеці,
З падоння пальцам калупаў.
Багі падоўгу сядзяць на печы, спяць на палацях.
Аўтар, адмоўна адносячыся да багоў, з прыхільнасцю і сімпатыяй ставіцца да траянцаў. У паэме яны параўноўваюцца з валачобнікамі. Гэта простыя рамеснікі і прыгонныя сяляне. Сярод іх – працавітыя, кемлівыя, вынаходлівыя, сумленныя Піліп (ганчар), Пракоп (цясляр), Саўка (земляроб і знахар). Аўтар паказвае іх працу, звычаі, абрады і вераванні.
Галоўным героем "Энеіды навыварат" з’яўляецца Эней. Ён хоць і пан, але з павагай адносіцца да людзей. У Рыме Эней намерваецца заснаваць сваё царства, у якім "паны не будуць так багаты", дзе будуць новыя парадкі.
Паэма "Энеіда навыварат" праўдзіва (праўда, у парадыйнай форме) адлюстроўвае жыццё беларускага народа. У ёй упершыню створаны рэалістычныя вобразы сялян і прыгоннікаў, адкрыта крытыкуецца дваранска-арыстакратычная літаратура класіцызму. Створаная на народнай аснове, паэма сведчыць аб цеснай сувязі беларускай літаратуры ХІХ ст. як з вуснай народнай творчасцю і народнай паэзіяй, так і з літаратурамі, што дасягнулі высокага ўзроўню развіцця.