Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Паэма А. Куляшова "Сцяг брыгады"

   Падзеі першых дзён вайны засталі А. Куляшова ў Мінску. Адступленне нашых войскаў, жорсткія налёты фашысцкай авіяцыі, незлічоныя людскія ахвяры на вуліцах палаючага Мінска – усё гэта ўразіла паэта нечаканасцю і трагізмам. А. Куляшоў апрануў шынель, каб абараніць Радзіму ад ворага, і прайшоў праз суровыя выпрабаванні. У цяжкіх франтавых умовах 1942 г. паэт напісаў паэму "Сцяг брыгады".
   Алесь Рыбка – галоўны герой паэмы – пакідае родны Мінск у трагічны час: вайна прынесла ў яго дом вялікае гора, разбурыла любімы горад, разлучыла з сям’ёй. Адчуваючы сябе сынам Радзімы, часцінкай свайго народа, ён ідзе на суровую і цяжкую бітву з фашызмам, даючы свяшчэнную клятву вярнуцца дамоў толькі з перамогай:

Я табе абяцаю і попелам родным клянуся,
Што з дарогі ўначы не саб’юся,
Вярнуся, вярнуся!..

   Алесь Рыбка ні на хвіліну не губляе веры ў сілы народа. Нават у самыя драматычныя моманты свайго франтавога жыцця – развітваючыся з домам, выратоўваючы сцяг брыгады, пераходзячы лінію фронту, у цяжкіх умовах акружэння – герой верыць у перамогу, і гэта вера з’яўляецца для яго надзейным компасам.

Я прайду з табой многа дарог,
Мой гадзіннік, мой браце,
І я ўбачу часы перамог
На тваім цыферблаце.

   Ён хоча прыйсці дадому "не нікчэмным, слабым жабраком", а пераможцам. Ён верыць у справядлівасць змагання. У героя паэмы высокае пачуццё грамадзянскага абавязку перад народам, сапраўдны гуманізм і нянавісць да ворага, яснае, чыстае сумленне і прыгожая душа. Усё гэта спалучаецца з мужнасцю і чэснасцю. Ён не шкадуе жыцця, выратоўваючы сцяг брыгады, выносіць з поля бою цяжка параненага камісара Заруднага і гэтым самым выконвае высокі воінскі і грамадзянскі абавязак.
   Мужнасцю і стойкасцю вызначаецца і камісар Зарудны. У самыя цяжкія моманты бою ён натхняе байцоў брыгады сваёй верай у перамогу. Правобразам камісара паслужыў член Ваеннага савета 11-й арміі брыгадны камісар І. В. Зуеў, з якім А. Куляшоў быў асабіста знаёмы.
   Разам з мужнасцю камісара Заруднага і Алеся Рыбкі паэт паказвае паводзіны Мікіты Ворчыка – былога наводчыка гарматы, аднаго з тых, каму пашанавала застацца жывым. Пад уплывам панічных чутак Ворчык губляе веру ў перамогу, не бачыць сэнсу ў далейшым змаганні, не знаходзіць у сабе дастаткова сіл, каб пераадолець разгубленасць. У выніку ён кідае баявых сяброў, шукаючы "цішыні і спакою" дома. Але не знаходзіць Мікіта сямейнага шчасця: дома ён даведваецца аб трагічнай смерці жонкі Марыны і яе перадсмяротнай запісцы з просьбай адпомсціць ворагу за здзекі і слёзы. Высвятляецца таксама, што Ворчык, пакідаючы сваіх сяброў, забраў ватоўку з зашытым брыгадным сцягам. За здраду Мікіту выносіцца суровы прысуд.
   Вобразамі старасты-паслугача Мядзведзкага, хутаранкі Лізаветы А. Куляшоў паказаў маладушных людзей, здраднікаў.
   Паэма А. Куляшова "Сцяг брыгады" сцвярджае духоўныя каштоўнасці народа – нянавісці да ворагаў і здраднікаў, вальналюбства, высакародства, працавітасць, чалавечую годнасць. А. Твардоўскі назваў паэму "голасам сэрца, напоўненага болем за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай верай у яе сілы да барацьбы, у яе вызваленне".

 

Похожие статьи:

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Балада аб чатырох заложніках

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Варшаўскі шлях

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Хамуціус

БиографииАркадзь Куляшоў

Аркадзь КуляшоўПаэзія Аркадзя Куляшова