Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Патрыятычныя і грамадзянскія матывы ў пасляваенных творах П. Панчанкі
Паэзія Пімена Панчанкі – мужная, сумленная, даверлівая, спагадлівая, непрымірымая, бескампрамісная, страсная, эмацыянальная, філасофская. Яна, на думку В. Зуёнка, "саткана з жывога агню: яна і сагравае, і апякае душу, яе не возьмеш у рукі – і яна заўсёды з табою".У творах паэта, як пры святле маланак, кантрасна высвечваецца ўся глыбіня складанага чалавечага жыцця.
Адметнымі рысамі паэтычнага почырку П. Панчанкі з’яўляецца сплаў тонкага лірызму і палымянай публіцыстычнасці. У зборніках "Пры святле маланак", "Снежань", "Крык сойкі", "Маўклівая малітва", "І вера, і вернасць, і вечнасць", "Горкі жолуд", "Мы з тых беларусаў" і трывожны роздум над сутнасцю многіх з’яў і падзей, і клопат пра будучыню беларускай мовы, культуры, пра духоўнае ўзвышэнне чалавека, і гатоўнасць адгукнуцца на чужыя праблемы, прыняць на сябе чужы боль, і сцверджанне адвечнай прыгажосці жыцця, і крытыка прыстасавальніцтва, хлусні, кар’ерызму. Асабліва хвалююць творы аб сутнасці чалавека, яго духоўным складзе, яго адметнасці і непаўторнасці.
У вершы "Белыя яблыні" паэт перадае веснавое шматгалоссе, "пялёсткаў шалёны хвалюючы пах". Белая квецень яблынь – гэта абнаўленне зямлі, прыроды, жыцця, гэта сімвал вечнай маладосці, радасць і шчасце першага кахання. Менавіта з расцвіўшых белых яблынь, на думку паэта, "нараджаюцца дзяўчаты на нашай зямлі". Другая частка верша прысвечана жонкам і маці, тым, у каго вялікая і святая місія на зямлі. П. Панчанка сцвярджае, што сусвет ачарсцвее "без ласкі вялікай жаночай", і таму жанчыны "заселяць любоўю" планеты і далёкія зоры. Любоў, спагада, хараство і веліч жанчыны ніколі не знікнуць на зямлі. Жыццё вечнае, як і вечнае хараство чалавечай душы.
У філасофскім вершы "І няма каго нам папракаць..." гучыць трывога за сённяшні дзень, за лад жыцця, які разбіў быт старой эпохі, дакор сённяшняму дню, маладзейшаму пакаленню, самому сабе за тое, што развучыліся па-гаспадарску адносіцца да зямлі, што шмат чаго бацькоўскага пазбавіліся ў наш цывілізаваны век:
І няма каго нам папракаць –
Быт стары эпоха раздрабіла.
Развучыліся мы коней запрагаць,
Не адрознім панарад ад біла.
Аўтар выступае супраць няшчырасці, раўнадушша, мяшчанства і прыстасавальніцтва. Ён верыць у высокі маральна-этычны патэнцыял чалавека, заклікае бараніць праўду ад маны:
Праўда веку!
Зрабі нас дужымі,
Рабства знішчыць дапамажы:
Рабства жонкі і рабства мужа,
Рабства дачаў і аўтамашын...
("Сумленне")
Глыбокі роздум над сучасным жыццём, трывога за лёс людзей і планеты, барацьба за "ісціны простыя, як хлеб, і праўдзівыя, як плач дзіцяці", за чалавечнасць і такую дабрату, якая "ў будучыню сэрцы кіруе і ажыўляе слых у глухіх", чуюцца ў вершах "Жыццё маё...", "Вопыт", "Прылучэнне", "Пры святле маланак".
У вершы "Жыццё маё..." аўтар сцвярджае, што лёс яго не быў зайздросным: у ім праламіліся святло і цень, удачы і няўдачы. Нягледзячы на цяжкасць жыцця, для аўтара свет усё роўна мілы і спагадлівы. І ён, як чалавек у самым высокім сэнсе гэтага слова, адчувае сваю віну перад калекамі (за іх пакуты), перад сінімі рэкамі (за атрутныя патокі), перад птушкамі (за браканьераў), перад памяццю мужных, перад старымі і маладымі. Аўтар – часцінка жыцця, і яму балюча за ўсе пакуты чалавецтва.
У вершы "Зямля бацькоў" П. Панчанка звяртаецца да Бацькаўшчыны, зямлі сваіх продкаў. Ён апісвае Палессе (радзіму І. Мележа), успамінае Ганну (гераіню"Палескай хронікі"), вёску Курані, якая нагадвае паэту яго родную вёску. Аўтар называе бацькоўскую зямлю святой:
Нас б’е па сэрцах паскарэнне,
Сціскаюцца прастора, час.
А матчынай зямлі карэнні
Ніколі не адпусцяць нас.
У многіх вершах П. Панчанка звяртаецца да сваіх сучаснікаў з просьбай верыць у бясконцасць, вечнасць чалавечага жыцця, якое складаецца з дня ўчарашняга, сённяшняга і заўтрашняга, і яго штодзённае нараджэнне:
На нягоды жыцця не жальцеся,
Не было б перамог без нягод.
Нараджайцеся, нараджайцеся
Кожны месяц і кожны год.
("На нягоды жыцця не жальцеся...")
Нямала радкоў прысвяціў П. Панчанка роднай мове, прыгажосці і духоўнай вартасці беларускага слова. Мова продкаў для паэта вечная, як вечным з’яўляецца жыццё:
Кажуць мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
("Родная мова")
Жыццё з яго нязведанымі таямніцамі, рухам наперад, адкрыццямі і сустрэчамі з новым – невычэрпная крыніца для творчасці, і паэт востра рэагуе на ўсе праблемы сучаснасці. Ён адчувае адказнасць за ўсё, што было і ёсць у краіне пры яго жыцці. Сучаснасць жа ставіць такія пытанні, на якія не знойдзеш адказаў у папярэднікаў. Адсюль у творах ягоных такое высокае напружанне, хваляванне, а часам і спалучэнне іроніі, сатыры і лірыкі. П. Панчанку да ўсяго ёсць справа, таму ён выступае супраць усяго, што перашкаджае рухацца наперад, – бездухоўнасці, прыстасавальніцтва, раўнадушша, кар’ерызму, спажывецкіх адносін да прыроды. Аўтар лічыць страчанымі тыя дні, калі чалавек быў няшчыры, калі не падзяліўся радасцю з суседам, калі не паказаў дзецям "хараство людзей, і дрэў, і траў". Паэзія П. Панчанкі ўзвышае, дапамагае жыць і думаць, яна сцвярджае цудоўныя каштоўнасці чалавечага жыцця.
Похожие статьи:
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Сармацкае кадзіла - ГДЗ
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Зварот
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Сармацкае кадзіла
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…
Пімен Панчанка → Духоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі