Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Палемічная літаратура (канец XVI – пачатaк ХVII ст.)

   Да палемічнай літаратуры адносяцца памфлеты, звароты, адкрытыя лісты, трактаты, адозвы і іншыя віды творчасці, тэматычна звязаныя з актывізацыяй палемікі вакол пытання пра аб’яднанне царквы і касцёла пад вяршынствам папы рымскага, т. зв. ідэі уніі.
   Літаратурная палеміка пачалася пасля выхаду кнігі Бенядзікта Гербеста "Указанне шляху", у якой ставілася пытанне аб неабходнасці царкоўнай уніі з Рымам у інтарэсах праваслаўнай царквы Вялікага княства Літоўскага. Гэту ідэю падхапіў і развіў вядомы рэлігійны і палітычны дзеяч Пётр Скарга, які імкнуўся даказаць, што сапраўднае веравызнанне ідзе ад рымска-каталіцкай царквы – пераемніцы і носьбіта апостальскіх традыцый. Адказам на выказванні П. Скаргі сталі ананімныя творы "Пасланне да латын з іх жа кніг", "На багамерзкую на паганую лаціну", а таксама "Ключ царства нябеснага" Г. Сматрыцкага, шматлікія памфлеты. Іх аўтары выступалі ў абарону праваслаўнай царквы, узнімалі вострыя сацыяльныя праблемы таго часу, праяўлялі заклапочанасць жыццём селяніна, выказваліся за права народа мець свае погляды ў пытаннях рэлігіі.
   Актывізацыя палемічнай літаратуры пачалася пасля Брэсцкай уніі 1596 г., паводле якой праваслаўная царква прызнала вяршэнства папы рымскага і прыняла сімвал веры ў каталіцкім разуменні, але захавала сваю мову богаслужэння і сваю абраднасць. У абарону уніі выступіў сенатар Рэчы Паспалітай, Уладзіміра-Брэсцкі епіскап Іпацій Пацей і П. Скарга, які трактаваў унію як праяўленне бескарыслівай апекі папы рымскага над занядбалым праваслаўным людам.
   Актыўнымі змагарамі супраць уніяцтва сталі царкоўныя дзеячы Стафан Зізаній, Хрыстафор Філалет і Лявонцій Карповіч,якія сцвярджалі, што унія была абумоўлена своекарыслівай палітыкай католікаў і вышэйшага праваслаўнага духавенства, іх мэтай дамагчыся матэрыяльных выгод, рэлігійных прывілеяў, палітычных правоў. Апаненты уніі падкрэслівалі, што знявага інтарэсаў праваслаўнай апазіцыі можа прывесці да класавага антаганізму, адстойвалі традыцыі і культурныя дасягненні усходнеславянскіх народаў.
   Адным з яркіх прадстаўнікоў палемічнай літаратуры з’яўляўся грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч Мялецій Сматрыцкі, аўтар вядомых твораў "Антыграфі", "Трэнас, альбо Плач святой усходняй царквы", "Грамматики славенския правилное синтагма" і інш.), які прайшоў цяжкі і складаны шлях ад прызнання і абароны праваслаўя да яго адмаўлення. Прадстаўніком апошняга этапу ў развіцці палемічнай літаратуры быў Афанасій Філіповіч – змагар, барацьбіт, непахісны абаронца правоў беларускага народа за свае нацыянальныя і рэлігійныя правы, аўтар вядомага "Дыярыуша".
   У жанравых адносінах "Дыярыуш" з’яўляецца сінкрэтычным творам, які спалучае рысы і асаблівасці публіцыстычна-палемічнай, гісторыка-мемуарнай і дакументальнай літаратур. У склад яго ўвайшлі дарожныя і тлумачальныя запіскі, успаміны і дзённікі, легенды, містычныя прывіды і бачанні, пасланні, лісты, выкрывальныя прамовы, памфлеты, філасофскія трактаты, аўтабіяграфічны нарыс, а таксама вершы і нотныя запісы музыкі да іх. Са старонак "Дыярыуша" паўстае праўдзівы змагар, барацьбіт, ваяўнічы абаронца роднага краю, яго святы пакутнік. Ён выступае супраць пануючых у дзяржаве каталіцкай і уніяцкай цэркваў, знешняй і ўнутранай палітыкі Рэчы Паспалітай, якая, блаславіўшы "праклятую унію", зрабіла ворагамі, сутыкнула "в князствах, поветах, в местах, в местечках и в селах селян з селянами, мешчан з мешчанами, жолнеров з жолнерами, панов з поддаными, родичов з детками, духовных з духовными". "Дыярыуш" з’яўляецца адным з найбольш яркіх і значных помнікаў палемічнай літаратуры XVІІ ст., у якім праўдзіва адлюстравалася барацьба беларускага народа за свае нацыянальныя і рэлігійныя правы, звычаі, традыцыі і культуру.