Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мемуарная і дакументальная проза ў беларускай літаратуры
Мемуарная проза мае ў беларускай літаратуры даўнія традыцыі. У гэты жанры напісаны дзённік Ф. Еўлашоўскага, "Дыярыуш" А. Філіповіча, "Авантуры майго жыцця" С. Пільштыновай", "Падарожжа ў Святую Зямлю" М. К. Радзівіла. Дакументальныя ж празаічныя творы атрымалі сваё сапраўднае развіццё толькі ў ХХ ст.
У апошнія некалі дзесяцігоддзяў былі створаны (у некаторых выпадках – вернуты да чытача) такія творы, як "Свой дом" Г. Далідовіча, "Без эпітафіі" Э. Ялугіна, "Сцежкамі жыцця" П. Мядзёлкі, "Споведзь" Л. Геніюш, "Зона маўчання" і "З воўчым білетам" С. Грахоўскага, "Яжовыя рукавіцы" П. Пруднікава, "У кіпцюрох ГПУ" Ф. Аляхновіча, "Аповесць для сябе" Б. Мікуліча,"Цар-зэк Сямён Івашкін" В. Хомчанкі і інш. З гэтых твораў паўстаюць падрабязнасці тых страшных падзей, высвечваюцца абліччы катаў і шматлікіх ахвяр бальшавісцкага тэрору і сталінскіх рэпрэсій.
Мастацка-дакументальная аповесць Г. Далідовіча "Свой дом" прысвечана аднаму з самых цікавых і трагічных эпізодаў гісторыі Беларусі – стварэнню БНР і БССР. У першай частцы твора расказваецца пра намаганні беларускіх адраджэнцаў па стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы. Дзякуючы ўдаламу падбору фактаў і звароту да маналагічнай формы самавыражэння герояў, пісьменніку ўдалося на высокім мастацкім узроўні перадаць атмасферу таго часу, паказаць прычыны і ўмовы, якія прывялі да разгону бальшавікамі Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 г. і ліквідацыі БНР у канцы 1918 г. У другой частцы апісваюцца тыя падзеі, што папярэднічалі ўзнікненню ў Смаленску БССР, і тыя людзі, якія гэтаму паспрыялі (Сталін, Мяснікоў, Жылуновіч). У гэтым творы Г. Далідовіч сутыкнуў два падыходы да пытання аб незалежнасці Беларусі: стварэнне сваёй дзяржаўнасці ўласнымі сіламі і навязванне ўяўнай самастойнасці бальшавікамі.
Трагічнаму лёсу беларускага пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча, першага старшыні Беларускага ўрада Жылуновіча (Цішкі Гартнага) прысвяціў Э. Ялугін аповесць "Без эпітафіі". У ёй расказваецца пра юнацкія гады Ц. Гартнага, цяжкую гарбарскую працу, пра палітычную і літаратурную дзейнасць. Найбольшую ўвагу чытача прыцягваюць тыя раздзелы аповесці, дзе вядзецца гаворка аб апошніх днях жыцця героя. І гэта зразумела, бо доўгія гады абставіны смерці Ц. Гартнага старанна замоўчваліся. Твор Э. Ялугіна адметны сваім высокім псіхалагізмам і лёгкасцю выкладання матэрыялу.
У 1995 г. у часопісе "Полымя" пабачыла свет другая, раней забароненая частка ўспамінаў грамадскай і культурнай дзяячкі, першай выканаўцы ролі Паўлінкі П. Мядзёлкі. Увагу чытача адразу ж прыцягвае шчырасць і спавядальнасць манеры выкладання. Найбольшую каштоўнасць уяўляюць тыя раздзелы мемуараў, якія апавядаюць пра сям’ю Янкі Купалы, яго ўзаемаадносіны з жонкай, пісьменнікамі і самой Паўлінай Вікенцьеўнай. Нельга абысці ўвагай радкі, прысвечаныя Т. Грыбу, П. Бадуновай, ксяндзу Адаму Станкевічу. Кніга вызначаецца катэгарычнасцю ацэнак пэўных людзей, з’яў грамадскага жыцця і гістарычных падзей. Але заўважна і тое, што П. Мядзёлка не замоўчвае нявыгадных для сябе пытанняў.
Асаблівае месца сярод мемуарных твораў займае "Споведзь" Л. Геніюш – паэтэсы, бясконца ўлюбёнай ў свой родны край, у людзей сваёй зямлі, шчыра адданай Бацькаўшчыне. Гэта кніга – споведзь душы перад Богам, сучаснікамі і нашчадкамі. Ва ўспамінах адлюстравалася драматычная рэчаіснасць Заходняй Беларусі ў часы польскай акупацыі, жыццё беларускай эміграцыі ў Празе, лёс заснавальнікаў БНР і іх паслядоўнікаў, падзеі ваеннага часу. Аўтар даверліва размаўляе з чытачом аб тых падзеях, якія ёй давялося перажыць, і пра тых людзей (ворагаў і сяброў), з якімі звёў яе лёс. Моцным лірычна-настальгічным настроем прасякнуты радкі, прысвечаныя жыццю паэтэсы ў Зэльве. Сваёй жорсткай праўдай кранаюць запісы пра дэпартацыю з Прагі, засценкі МДБ у Мінску, этапы, перасылкі, лагеры смерці на далёкай Поўначы – пра тыя 25 гадоў, што правяла яна ў сталінскіх турмах. Нягледзячы на жорсткія і бесчалавечныя ўмовы жыцця, паэтэса не стала на калені, не скарылася ў змаганні за сваю чалавечую годнасць.
У наш час вяртаюцца да чытача ўсё новыя і новыя творы дакументальна-мемуарнага характару. Яны з’яўляюцца своеасаблівымі сведчаннямі эпохі, дапамагаюць глыбей зразумець мінулае і вучаць праўдзіва жыць, каб жахаў той страшнай эпохі не зведалі нашы дзеці і ўнукі.