Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лірнік зямлі беларускай (творчасць Уладзіслава Сыракомлі)

Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, –
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх, жывучы між намі,
Не забыўся ты, лірнік вясковы.

Я. Купала

 

   Уладзіслаў Сыракомля шырока вядомы ў славянскім свеце як аўтар лірычных вершаў і паэм, народных гутарак, гісторыка-літаратурных даследаванняў, фальклорных прац і перакладаў з лацінскай мовы. Сваё літаратурнае крэда пісьменнік выразна акрэсліў ў наступных радках:

Не я пяю – народ Божы
Даў мне ў песні лад прыгожы,
Бо на сэрцы маю путы
І з народам імі скуты.

   Першы верш У. Сыракомлі "Паштальён" з’яўляецца пераказам гісторыі з жыцця старога селяніна, пачутай аўтарам у адзін кірмашовы дзень у Міры. У маладыя гады гэты селянін служыў фурманам на пошце ў Міры. У вёсцы, непадалёку ад тых мясцін, жыла яго каханая. Неяк сярод ночы, у лютую мяцеліцу, разбудзіў яго пісар і загадаў тэрмінова везці лісты. Дарогаю пачулася фурману, што ў полі хтосьці, заблудзіўшыся, кліча на дапамогу, просіць паратунку. Ён памкнуўся на голас, але перадумаў, хацеў хутчэй справіцца з заданнем. Вяртаючыся назад, "паштальён" убачыў ля дарогі замёрзлую на марозе дзяўчыну. Жах і адчай ахапіў яго, калі, падышоўшы бліжэй, пазнаў у незнаёмай сваю каханую. Гэта гісторыя ўзрушыла Уладзіслава Сыракомлю, і ў тую ж ноч ён напісаў верш "Паштальён", які быў надрукаваны ў віленскім часопісе "Athenaeum" пад псеўданіма NN. Першаму твору Уладзіслава Сыракомлі наканавана было нарадзіцца двойчы. Праз чвэрць стагоддзя верш, перакладзены на рускую мову яраслаўскім паэтам Леанідам Трэфалевым, стаў надзвычай папулярнай песняй "Когда я на почте служил ямшиком...".
   Падзагаловак верша "Паштальён" – "народная гутарка" – як бы прадвызначаў асноўны жанр паэтычных твораў У. Сыракомлі, героямі якіх сталі селянін, араты, шляхціц, лірнік, фурман, грабар, цясляр, жабрак. У гутарках і вершах "Хадыка", "Доля", "Груган", "Крук", "Жніўная песня", "Нядзеля", "Лялька" аўтар паказаў не толькі галечу, беднасць і бяспраўнае становішча працоўных людзей, але і іх высокія маральныя якасці, унутраную прыгажосць, сумленнасць, высакароднасць, дабрыню. Паэт параўноўвае сябе з вясковым лірнікам, які ў любай старонцы, "святой Літве сваёй" будзе "граць людзям", дапамагаць ім у цяжкім жыцці:

Сэрца, жыццё я аддаць гатовы,
Пяю табе, мой народ шарачковы,
Толькі з табой спадзяванні злучаю,
Смутак і радасць, хвіліны адчаю.

   Многія творы вясковага лірніка ("Пілігрым", "Кавалак хлеба", "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах", "Вёска", "Манаграфія ракі Нёман") прасякнуты абвостраным пачуццём любові да бацькоўскай зямлі. "Заўсёды мне здавалася, – пісаў У. Сыракомля, – што нельга палюбіць Маці-зямлю родную без уважлівага вывучэння ўсяго яе аблічча. Навучыцца бачыць іскру, што ўпала з яе павек, плакаць яе слязьмі, якія з вачэй яе цяклі або цячы маглі, нават з любасцю лічыць маршчыны на яе твары – усё гэта абавязковыя ўмовы любові. Даследаваць нашу родную зямлю ў гістарычных, прыродных, этнаграфічных, археалагічных, геаграфічных адносінах – гэта, здаецца, вельмі просты вынік таго, што прынята называць любасцю да радзімы". Прытрымліваючыся гэтага крытэрыю вызначэння любові да Бацькаўшчыны, паэт падкрэсліваў, што сувязь чалавека з роднай зямлёй – ёсць праяўленне яго высокай духоўнасці.
   У аснову гутаркі "Жменя пшаніцы" пісьменнік паклаў распаўсюджаны казачны сюжэт пра бацьку і яго трох сыноў. Старэйшыя сыны Сцяпан і Рыгор, пабываўшы за мяжой, сталі грэбаваць роднай мовай, культурай, традыцыямі свайго народа. Малодшы ж сын Сымон вярнуўся з мяшком пшаніцы, бо думаў аб карысці, якую ён зможа прынесці сваім аднавяскоўцам. Адарванасць чалавека ад народа і роднай зямлі асуджаецца пісьменнікам і ў паэме "Начлег гетмана", галоўны герой якой Рыгор Суліма, атрымаўшы адукацыю і высокае становішча ў грамадстве, стаў па сутнасці касмапалітам, страціў сувязь з радзімай свайго маленства.
   Беларускамоўныя вершы "Добрыя весці", "Ужо птушкі пяюць ўсюды" грунтуюцца на кантрастнасці інтанацый, паэтыцы супастаўлення. Праз вобразы ветру, што прынёс добрыя весці, птушак, кветак, вясны аўтар сцвярджае непазбежнасць абнаўлення жыцця, хуткі надыход лепшых дзён, за якія трэба яшчэ змагацца.
   Творчасць Уладзіслава Сыракомлі, нястомнага рупліўца, збіральніка народнай творчасці, паэта, краязнаўца, этнографа, шчырага абаронцы простага люду, і сёння ўражвае абвостраным і нязменным пачуццём любові да Радзімы, глыбокім веданнем гісторыі і культуры беларускага і польскага народаў, асаблівасцей іх характару і нацыянальнай псіхалогіі.

 

Похожие статьи:

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Ужо птушкі пяюць ўсюды...

БиографииУладзіслаў Сыракомля

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Хадыка

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Добрыя весці

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Не я пяю — народ божы