Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кожны з нас выбірае сцяжыну жыцця...

Нашто жыве і ў дыме гіне вулей,
Нашто стагоддзі беспрасветных мук?!

У. Караткевіч


   У саму чалавечую натуру самой прыродай закладзена непазбежнасць роздуму аб жыцці і нормах, якіх неабходна прытрымлівацца дзеля таго, каб жыць "правільна". Звычайна іх называюць мараллю.
   Аднак тое, што ў адным грамадстве лічыцца нармальным, у другім можа ўспрымацца як ненармальнасць або дзікунства. Дзе мяжа гэтаму паняццю? Дзе адказ на гэтае пытанне, якое хвалюе чалавека праз усё ягонае жыццё? Так, чалавек смяротны і, як трапна заўважыў адзін з герояў М. Булгакава, "смяротны раптоўна". А тэрмін, які складаецца з імгнення паміж мінулым і будучым, бывае занадта малым, каб можна было ім грэбаваць.
   "Усё пакінуць след павінна", – сцвярджае Пятрусь Броўка ў вершы "Сляды". Сваім творам паэт даносіць да чытача ўніверсальны закон светабудовы, згодна з якім усё, што створана прыродай, павінна хоць нешта пакінуць на зямлі. А ад чалавека, які лічыць сябе "вянцом прыроды", гэты закон патрабуе найвялікшай адказнасці за зробленае ў жыцці. І ўзнагарода за чэсна пражытыя дні – добрая памяць пра чалавека і захаванне адбіткаў ягоных спраў, думак, мараў і перажыванняў у сэрцах тысяч і тысяч людзей.
   І дзеля гэтага не абавязкова здзяйсняць нейкі подзвіг. Дастаткова быць чэсным, адкрытым і прыязным чалавекам, які любіць свет і сябе ў гэтым свеце, і таму не раўнадушны да яго лёсу. Тым больш, што з бязмежнага мора чалавечых узаемаадносін і стасункаў цяжка вылучыць тое, па чым "звоняць званамі", і тое, што ўзносяць "пад гукі фанфараў". Відаць, большае значэнне мае не адзінкавы, здзейснены на вачах у людзей подзвіг, а той, які працягваецца праз усё жыццё – як жыццё Ефрасінні Полацкай.

Жывеш не вечна, чалавек,--
Перажыві ж у момант век! –

заклікаў нас Максім Багдановіч.

Увесь да дна трэба выпіць свой келіх жыцця –
Ці з вадой жыватворнай, ці з ядам, –

пісаў у свой час Янка Купала.
   Але ж ці варта катаваць сябе, пакутаваць у пошуку ісціны, калі зручней быць вужакай, якой заўсёды цёпла і сытна? Канец жа для ўсіх адзін – смерць. А калі б чалавек быў неўміручым! Магчыма, тады ўсё ў ім было б у парадку: сядзі сабе дома, думай, выбірай лепшы варыянт – наперадзе ж цэлая вечнасць! "Не, і тады чалавек не змяніў бы натуры," – сцвярджае К. Крапіва ў сваёй фантастычнай камедыі "Брама неўміручасці". Галоўны герой твора прафесар Дабрыян адкрыў закон неўміручасці. Здзейснілася спрадвечная мара чалавецтва. Але адразу ж узнікаюць новыя невырашальныя праблемы – "як пагадзіць рамантычную мару жыць вечна з празаічнай праблемай, чым карміць людзей, у што апранаць?", "як паўплывае неўміручасць на этыку, каханне, мараль, шлюб?"
   Але людзей мала хвалююць гэткія "нязначныя" пытанні, яны ашалела імкнуцца да аднаго – любым чынам аказацца сярод тых, хто можа разлічваць на несмяротнасць. У фінале камедыі, як і варта было чакаць, усе застаюцца ля разбітага карыта: ім не пад сілу разбурыць галоўны закон прыроды – закон адмірання старога і нараджэння новага. "Падтэкстам п’есы, – лічыць вядомы літаратурны крытык Р. Шкраба, – з’яўляецца думка аб тым, што чалавек можа абяссмерціць сваё імя добрымі справамі, сумленным жыццём".
   Матыў суадносін жыцця і смерці ніколі не страціць сваёй актуальнасці, чалавек зноў і зноў будзе звяртацца да вечнай праблемы. Акурат гэтай тэме прысвечаны твор Ул. Караткевіча "Ладдзя роспачы". Галоўны герой твора Гервасій Выліваха так любіў жыццё, што нават смерць не адолела яго. Дасціпнасць, прыродная мудрасць Гервасія уступаюць у паядынак з халоднай, няўмольнай разважлівасцю Смерці. "Чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на "спрадвечны закон", – гаворыць галоўны герой.
   Але наўрад ці здольны нехта, акрамя літаратурнага персанажа, паўтарыць тое ж самае. Мы – частка прыроды. І зусім не абавязкова быць богам, каб жыць па-боску, у згодзе з людзьмі і сваім сумленнем. Проста трэба памятаць, што ўсе мы імкнёмся да шчасця.

 

Похожие статьи:

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Жывеш не вечна, чалавек...

Алесь ГарунАлесь Гарун - Жыцце

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Бяссмерце

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Казкі жыцця

Леанід ГалубовічЛеанід Галубовіч - Дзяцінства пачынаецца з пытання...