Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Каб збыць няволі путы... (дзейнасць філаматаў і філарэтаў)

Ты нас вярні з выгнання на зямлю Айчыны.
Перанясі душу маю адсюль з чужыны,
Да ўзгоркаў тых лясных, да тых лугоў зялёных,
Над сінім Нёманам раскінутых, прымглёных,
Да тых палёў, размаляваных пад блакітам
Пшаніцай залатой ды серабрыстым жытам.

А. Міцкевіч


   Дзейнасць філаматаў і філарэтаў з’яўляецца надзвычай важнай старонкай у гісторыі беларускай літаратуры і нацыянальнага адраджэння. Гэта былі таленавітыя, рамантычна ўзнёслыя юнакі, бязмерна адданыя сваёй Айчыне, ахопленыя прагай да асветы.
   Тайнае студэнцкае таварыства філаматаў было створана восенню 1817 г. у Віленскім універсітэце па ініцыятыве Тамаша Зана і Адама Міцкевіча. Мэта таварыства – творчае ўдасканаленне юнакоў, узаемадапамога ў набыцці і паглыбленні ведаў, садзейнічанне ўсеагульнай "асвеце", вывучэнне гісторыі роднага краю, вуснапаэтычнай народнай творчасці. На пасяджэннях арганізацыі слухаліся і абмяркоўваліся навуковыя даклады і рэфераты на самыя разнастайныя тэмы, а таксама ўласныя мастацкія творы. Даволі часта філаматы наладжвалі маёўкі, розныя святкаванні (асабліва дні нараджэнні). Для такіх мерапрыемстваў складаліся цэлыя сцэнарыі, у якіх выкарыстоўваліся ўласныя вершы, народныя песні, музычныя творы. Асабліва папулярнымі на гэтых урачыстасцях былі імянныя вітанні Яна Чачота, прысвечаныя сябрам-філаматам і складзеныя па ўзоры беларускіх народных песень.
   З мэтай пашырэння адукацыі народа філаматы рыхтавалі да друку падручнікі, навуковыя энцыклапедыі, арганізоўвалі школы. Францішак Малеўскі, напрыклад, адкрыў школу для сялян у Шчорсах на Навагрудчыне. Для ажыццяўлення сваіх асветніцкіх задач філаматы стваралі свае адгалінаванні – больш масавыя арганізацыі тыпу Саюза сяброў (браталюбцаў), Таварыства прамяністых, Навуковага таварыства, Саюза маладых адвакатаў, Саюза айчынных натуралістаў.
   Найбольш вядомым і прадстаўнічым было Таварыства прамяністых, асновай дзейнасці якога была абвешчаная Тамашам Занам тэорыя прамяністасці. Згодна з ёй, прамяністым можа быць той, хто імкнецца стаць высокамаральным, духоўна багатым чалавекам, хто выпраменьвае святло і тым самым уздзейнічае на іншых, духоўна і маральна ўдасканальвае іх. У 15 правілах прамяністых адзначалася, што важнейшымі крокамі на шляху да маральнага ўдасканалення чалавека з’яўляюцца "прыхільнасць да айчыннай зямлі", веданне яе гісторыі, захаванне традыцый і звычаяў сваіх бацькоў, іх мовы, гатоўнасць да самаахвярнасці дзеля выратавання айчыны і інш. Масавасць Таварыства прамяністых напалохала універсітэцкае кіраўніцтва, і ў канцы мая 1820 г. па загадзе рэктара Сымона Малеўскага яно было распушчана. Замест прамяністых філаматы стварылі тайнае таварыства філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні).
   Таварыства філарэтаў, старшынёй якога з’яўляўся Тамаш Зан, мела 4 аддзелы (адпаведна факультэтам універсітэта) : матэматычна-фізічны, юрыдычны, літаратурны, медыцынскі. Сваёй мэтай аб’яднанне лічыла не толькі маральнае ўдасканаленне чалавека, але і вырашэнне разнастайных культурна-асветніцкіх і палітычных задач.
   У 1823 г. дзейнасць філаматаў і філарэтаў была выкрыта. Доўгія месяцы ішло следства. Прысуд быў жорсткі: 10 філаматаў і 10 філарэтаў, сярод якіх Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Юзаф Яжоўскі, Францішак Малеўскі, Адам Сузін, Мікалай Казлоўскі, Ян Крыніцкі, былі высланы з Літвы ў аддаленыя губерні Расіі. Тамашу Зану і Яну Чачоту і Адаму Сузіну ў дадатак было прысуджана зняволенне ў крэпасці. Над 80 філаматамі і філарэтамі быў замацаваны пільны паліцэйскі нагляд. Жорстка караючы маладых людзей за іх вольнадумства, царскі ўрад імкнуўся вынішчыць беларускі нацыянальны дух з перадавой навучальнай установы. Аднак ён не змог пагасіць высокіх пачуццяў і шчырых парываў студэнтаў, скарыць моц і незалежнасць іх духу. Параскіданыя па свеце, філаматы і філарэты засталіся вернымі сваім юнацкім ідэалам, якія натхнялі іх на высакародныя дзеі і патрыятычныя ўчынкі, дапамагалі выстаяць у самых складаных жыццёвых сітуацыях, ажыццявіць задуманае.