Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццёвы шлях К. Каліноўскага і яго рэвалюцыйна-асветніцкая дзейнасць

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
І часам спамяні праз Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.

К. Каліноўскі


   Барацьбітом за разняволенне, роўнасць, нацыянальнае адраджэнне Беларусі з’яўляецца правадыр паўстання 1863-1864 гг. Канстанцін Вінцэнт Каліноўскі. Нарадзіўся ён у шляхецкай сям’і на Гродзеншчыне ў вёсцы Мастаўляны (зараз тэрыторыя Беластоцкага ваяводства ў Польшчы). Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі і на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. Атрымаўшы званне кандыдата права, К. Каліноўскі вяртаецца на радзіму, дзе разам з паплечнікамі В. Урублеўскім (будучым генералам Парыжскай камуны) і Ф. Ражанскім наладжвае выпуск першай беларускай газеты "Мужыцкая праўда". Упершыню на роднай мове ў ёй апавядалася аб праўдзе, у чаканні якой так збалеліся сялянскія сэрцы. Невялікая па фармаце, газета нагадвала лістоўку-заклік, ў якой на адным ці двух баках папяровага ліста лацінскімі літарамі друкаваўся тэкст. Усяго ў 1862-1863 гг. выйшла сем нумароў газеты (спачатку ў Беластоку, потым у Вільні), падпісаных псеўданімам К. Каліноўскага "Яська – гаспадар з-пад Вільні".
   Разгортваючы карціны народнага бяспраўя, крыўд, рэкруцкіх павіннасцей, газета ў даступнай форме паказвала антынародную сутнасць царскай палітыкі і суда, тлумачыла прычыны сацыяльнай няроўнасці, выкрывала грабежніцкі характар сялянскай рэформы 1861 г., дараванай царом Аляксандрам ІІ – "вызваліцелем". Суд, на думку К. Каліноўскага, быў толькі дадаткам царскай адміністрацыі. Ён справядліва параўноўвае судовых чыноўнікаў з воўчай зграяй, "дзе не разбіраюць, чы за табой праўда, чы не, а скубуць адно як могуць". Бунтарская па ўсёй сваёй сутнасці, "Мужыцкая праўда" заклікала беларускі народ да ўзброенага паўстання супраць існуючага ладу. Так, заключныя радкі першага і трэцяга нумароў газеты заклікаюць сялян да згуртавання, да ўсведамлення сябе людзьмі высокай чалавечай годнасці, да ўсенароднай барацьбы за вольнасць, свабоду: "Няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, – не шкадуйце працы, каб і мужык быў чалавекам вольным". Апошнія радкі сёмага нумара поўныя аптымізму, бязмежнай веры і ўпэўненасці ў перамозе над маскоўскім прыгнётам: "Станьма дружна разам за нашу вольнасць!.. А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам ды бацькам".
   Выяўляючы самой назвай газеты яе народнасць, паэтызуючы сялянскую мару аб справядлівасці і праўдзе, К. Каліноўскі сцвярджаў сацыяльна-палітычныя ідэі, даволі актуальныя і ў нашы дні. Так, словы "не народ для ўрада, а ўрад для народа" гучаць вельмі злабадзённа і сёння. Зямля ў новым грамадстве, лічыць К. Каліноўскі, павінна належаць народу.
   "Мужыцкая праўда" стала яркім выражэннем адносін яе аўтара да рэлігіі і шляхты. У шостым нумары газеты К. Каліноўскі выступае ў абарону уніяцтва – фактычна нацыянальнай рэлігіі нашых дзядоў-прадзедаў. Узнікшы паводле Берасцейскай уніі 1596 г., гэты кірунак хрысціянства быў скасаваны ў 1839 г. Прызнаючы асноўныя каноны каталіцызму з рымскім папам на чале, вернікі маліліся на роднай мове па ўсходнім абрадзе. Падчас паўстання 1863-1864 гг. амаль 80% насельніцтва Беларусі лічылі сябе уніятамі. І К. Каліноўскі, разумеючы абмежаванасць шляхты з яе саслоўнымі традыцыямі, класавым эгаізмам, імкнуўся ўзняць на паўстанне супраць царызму асноўныя масы сялянства.
   Паўстанне пачалося ў студзені 1863 г. Спачатку К. Каліноўскі ўзначальваў Літоўскі правінцыйны камітэт, а затым быў рэвалюцыйным камісарам на Гродзеншчыне і кіраўніком Віленскага паўстанцкага цэнтра, які падзяліўся на дзве часткі: "чырвоных", прыхільнікаў радыкальных змен, і "белых", гатовых да кампрамісаў з царызмам. "Чырвоныя", прадстаўленыя дробнай шляхтай (часам беззямельнай) і разначыннай інтэлігенцыяй, ставілі сваёй мэтай утварэнне незалежнай ад Расіі і Польшчы Беларускай Рэспублікі. "Белыя", прадстаўленыя "вялікімі беларускімі панамі" (У. Ігнатоўскі), стаялі за ўтварэнне вялікай Польшчы з захаваннем старога ладу на Беларусі. Сяляне, прыслухоўваючыся да поклічу "чырвоных", прымаюць дзейсны ўдзел у паўстанні і вядуць барацьбу на два франты: супраць 200-тысячнага войска генерала-вешальніка Мураўёва, прысланага на Беларусь для падаўлення паўстання, і супраць "белых" здраднікаў. Такая барацьба непасільная для іх, і паўстанне паступова пачынае заціхаць. Уначы 10 лютага 1864 г. пад імем Ігната Вітажэнца быў арыштаваны К. Каліноўскі. Ваенна-палявым судом ён быў асуджаны і публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні. Царскі ўрад жорстка расправіўся і з удзельнікамі паўстання, баявымі сябрамі К. Каліноўскага: 128 чалавек асуджана на смяротную кару, больш за дзве з паловай тысячы паўстанцаў сасланы на катаргу, паселены ў аддаленыя месцы Сібіры, каля 9 тысяч аддадзены пад суд.
   Перад смерцю К. Каліноўскі здолеў пераслаць з-за турэмных кратаў "Пісьмо з-пад шыбеніцы" – сваё развітальнае слова народу, свой хвалюючы запавет.
   Пройдзе час. Запавет К. Каліноўскага беларускаму народу – ваяваць за сваё чалавечае права – ажыве ў творчасці іншых слаўных сыноў Беларусі. Яго жыццё і рэвалюцыйная дзейнасць стане тэмай многіх твораў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў.

 

Похожие статьи:

БиографииКастусь Каліноўскі

ПераказыНявеста Каліноўскага

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Хай Літва і Беларусь яму прысняцца

ІншаеКастусь Каліноўскі - Мужыцкая праўда

Міхась КавыльМіхась Кавыль - Кастусь Каліноўскі