Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Драма Васіля (па "Палескай хроніцы" І. Мележа)

   Васіль Дзяцел – цэнтральны герой "Палескай хронікі" І. Мележа. Знаёмства з ім адбываецца ўжо на першых старонках рамана "Людзі на балоце". Ён жыве ў беднай сям’і з маці, старым дзедам і малодшым братам Валодзькам (бацька загінуў на імперыялістычнай вайне). Таму на худыя плечы хлапчука (адзінага работніка ў сям’і) кладуцца клопаты па гаспадарцы. У партрэтнай замалёўцы Васіля падкрэсліваецца яго панурасць, засцярожанасць, супярэчлівасць характару. Нават вочы яго былі рознымі: адно, "як вада, светлае, а другое, як жалудок". З дзяцінства ў характары Васіля выспяваюць рысы сапраўднага гаспадара, які не толькі не баіцца цяжкай працы, але і знаходзіць у ёй сапраўднае задавальненне і асалоду. У працы, якая з’яўлялася маральна-філасофскай асновай вобраза Васіля, раскрываецца прыгажосць душы, характару героя.
   Любоў да штодзённай сур’ёзнай працы перадалася Васілю ад бацькоў і дзядоў. Змалку загартоўваючыся ў працы, ён добра ведаў, што "жыццё – не вясёлае, бесклапотнае свята, а найбольш доўгі і клопатны будзень". Герой твора не чакае ад жыцця ніякай палёгкі і працуе да горкага поту, да здранцвення рук, спадзеючыся, што ўдасца падрамантаваць хату, купіць лепшага каня, адборнага зерня. Толькі не пад сілу гэта Васілю, бо на пустой ніве нічога не родзіць, а ўраджаю нават не хапае для сябе. І таму зразумелай становіцца мара Васіля прыдбаць кавалак глушакоўскага поля каля цагельні, дзе з году ў год збіраўся добры ўраджай. Гэта жаданне настолькі моцнае, што, не зважаючы на пагрозы Карчоў і новай улады, ён уначы самавольна заворвае поле, а пасля ўступае ў бойку з Яўхімам. Гэты ўчынак Васіля, як і пазнейшая сутычка за зямлю з Міканорам, успрымаюцца драматычна, выклікаюць шчымлівы боль і спачуванне герою. Зямля для Васіля – яго жыццё, радасці і гора, светлыя мары і горкія пакуты. Зямля – ён сам. Ён ідзе да свайго поля, як "на сустрэчу з каханай". У адносінах да зямлі Васіль нагадвае Міхала з "Новай зямлі". "Усе сілы чалавека – у зямлі, – разважае Васіль. – І сіла ўся, і радасць. Няма зямлі – няма, лічы, чалавека". І з сённяшняга пункту гледжання мы разумеем, што на гэтым стаіць праўда жыцця, якую добра адчуў і паказаў у творы І. Мележ.
   І. Мележ малюе свайго героя з любоўю, сімпатыяй і разам з тым не хавае адмоўных якасцей яго характару. Нагадаем той выпадак, калі Васіль без асаблівых хістанняў адмаўляецца даць Грыбку, у якога захварэла дзіця, лыжку мёду. Безумоўна, сквапнасць, эгаізм, а таксама недаверлівасць, нявер’е ў людзей, замкнутасць пэўным чынам вытлумачваюцца (уплывам асяроддзя, асаблівасцямі таго складанага часу, умовамі жыцця, выхаваннем, сацыяльнымі прычынамі), але не ўпрыгожваюць чалавека.
   Прыгажосць і шчырасць душы Васіля асабліва раскрываюцца ў каханні да Ганны. Калі Ганна стала для яго дарагім чалавекам, то жыццё напоўнілася новым, радасным зместам, свет быццам перайначыўся, зазіхацеў рознымі фарбамі. З захапленнем і замілаваннем расказвае пісьменнік гісторыю кахання маладых і шчаслівых людзей, апісвае іх сустрэчы пад шапаткімі грушамі, раскрывае глыбіню пачуццяў, народжаных сярод цяжкай працы і вечных клопатаў пра кавалак хлеба. Здавалася, шчасце будзе бясконцым. Але ў жыцці ўсё склалася інакш. Першае каханне, трапяткое і нясмелае пачуццё, абразіў сам Васіль. Паверыўшы ў брыдкія плёткі, ён растаптаў усё тое прыгожае, што існавала паміж імі. І Ганна, абражаная і пакрыўджаная, насуперак свайму жаданню выходзіць замуж за Яўхіма, спадзеючыся на спрадвечнае "сцерпіцца – злюбіцца". Але не злюбілася і не сцярпелася... Васіль жа, згубіўшы сваю радасць, сваю прыгожую "рабіну", ажаніўся з багатай Маняй, якую ніколі не кахаў. Багаты пасаг нявесты ён прамяняў на каханне Ганны. Жаданне стаць заможным гаспадаром, "набіць снапамі гумно", завесці "пяць кароў і стаенніка" перамагае. З-за зямлі і багацця Васіль з вялікім унутраным болем, але свядома і канчаткова адмаўляецца ад Ганны. Але яшчэ доўга ён будзе пакутаваць, і пякельны боль ад страты каханай увесь час будзе нагадваць аб сабе.
   У планах будучых раздзелаў твора І. Мележ намерваўся правесці героя праз новыя выпрабаванні і драматычныя сітуацыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны Васіль спачатку змагаецца на фронце (там яго параніла), пасля – у партызанскім атрадзе. Хроніка павінна была закончыцца прыездам Васіля ў Курані з думкай: "І ўсё-такі мы будзем жыць. Нас – не задушыць. Бо мы – народ!"

 

Похожие статьи:

Іван МележІван Мележ - Спатканне за горадам

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележІван Мележ - Здарэнне

Іван МележВасіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележПалеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая