Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзень сённяшні і мінулы ў творчасці Аляксея Карпюка

   Асноўная тэматыка творчасці Аляксея Карпюка – заходнебеларуская рэчаіснасць, падзеі далёкай гісторыі і Вялікай Айчыннай вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці.
   Адным з лепшых твораў А. Карпюка з’яўляецца аповесць "Данута". Яна прысвечана, па сведчанні самога аўтара, каханню, барацьбе і геройству. У цэнтры ўвагі пісьменніка – рамантычнае і велічнае каханне вясковага хлопца Яна Барташэвіча і генералавай дачкі Дануты.
   Перад вайной Ян едзе вучыцца ў Вільню, дзе актыўна ўключаецца ў дэмакратычны рух. Выхадзец з беларускай вёскі, ён яшчэ многа ў чым закамплексаваны, абмежаваны і кансерватыўны. Таму з прадузятасцю і катэгарычнасцю ставіцца ён да палякаў, лічачы іх амаль што сваімі ворагамі. Карані гэтага – у сямейным выхаванні, жыцці ў пагранічнай вёсцы, дзе спрадвеку назіралася адчужанасць паміж касцёлам і царквой. Пераадоленню гэтага нацыянальнага табу дапамагла сустрэча з полькай-харысткай Данутай, душэўнае хараство якой, а пазней і чыстае, прыгожае каханне да яе аказаліся мацнейшымі за класавыя і нацыянальныя забабоны. Дзяўчына змагла разгледзіць пад вышыванай кашуляй беларускага хлопца высакародную душу і прыродны розум. Каханне да Яна нарадзіла ў Дануце пачуццё адказнасці за любімага чалавека, гатоўнасць да самаахвяравання, жаданне дапамагчы яму ў цяжкія жыццёвыя хвіліны. У гады Вялікай Айчыннай вайны яна ўключылася ў падпольны польскі рух, выратоўвала людзей, што траплялі ў фашысцкі палон, дзеля набліжэння перамогі ахвяравала сваім жыццём.
   Сапраўднае каханне, такім чынам, напаўняе жыццё светам, радасцю, дапамагае жыць, змагацца і перамагаць. І ў пасляваенныя гады, калі Ян стане мужам былой радысткі Станіславы Дварэцкай, каханне да Дануты не можа загаснуць у яго душы. Яно будзе "балець", прыходзіць у снах, нагадваць пра сябе на працягу ўсяго яго далейшага жыцця.
   Аповесць "Пушчанская адысея" прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар, прасочваючы ваенны шлях Алёшы Кучынскага, паказвае жорсткі рэалізм тых часоў, сапраўдную сутнасць вайны, неапраўданасць многіх чалавечых ахвяр і людскіх пакут, абвяргае ідэалагічныя схемы, скіраваныя на хутчэйшую справаздачу аб правядзенні баявой аперацыі, часам зусім нязначную і немэтазгодную.
   Раман "Вершалінскі рай" створаны на аснове атэістычнага нарыса "Пярэварацень" і адлюстроўвае жыццё беларускага сялянства ў Заходняй Беларусі ў 30-я гг. У цэнтры ўвагі пісьменніка – дзейнасць вершалінскай секты Гальяша і яе кіраўніка. Гальяш – спрактыкаваны ашуканец, авантурыст, прайдзісвет, які для дасягнення сваіх карыслівых і прагматычных мэт не грэбуе ніякімі сродкамі. Ён скарыстоўвае неадукаванасць, адсталасць, прастадушнасць сялян, якія ў пошуках сродкаў збавення ад гора, бяды і беднасці прымаюць за збавіцеля прапаведніка-цемрашала. Запалохваючы людзей канцом свету, спекулюючы на іх імкненні да лепшага жыцця, Гальяш змог падпарадкаваць сабе волю і душы многіх даверлівых людзей. Дзейнасць Гальяша, даводзіць нам аўтар, паразітычная і амаральная, бо пабудавана на чалавечым горы і бядзе.
   У рамане "Карані" пісьменнік асэнсоўвае маральна-этычныя праблемы жыцця сучаснай вёскі і горада, разважае над духоўнымі сувязямі пакаленняў, адносінамі бацькоў і дзяцей. Галоўным героем твора з’яўляецца 75-гадовы Лаўрэн Маркевіч, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, сябар паэта-рэвалюцыянера Міхася Васілька. Пасля смерці жонкі ён застаўся адзін, і сыны, праявіўшы клопат і павагу да бацькі, забралі яго на сталае месцажыхарства ў горад, а хату прадалі. Адарваны ад зямлі, сялянскай працы, аднавяскоўцаў, ён адчуў сябе як дрэва, штучна перасаджанае з паўночнай паласы ў паўднёвую. Бестурботнае і бесклапотнае гарадское жыццё здалося яму божым пакараннем. Ва ўтульнай і камфартабельнай кватэры сына стары чалавек быў адзінокім, нікому не патрэбным, сам-насам са сваімі пачуццямі, думкамі, імкненнямі і трывогамі. Сыны ж, амаль поўнасцю адарваныя ад родных каранёў, страцілі здольнасць зразумець душэўны стан бацькі. Яны пагразлі ў меркантыльных інтарэсах, прымітыўных мяшчанскіх патрабаваннях да сябе і лічылі, што цёплая кватэра, сытасць, апранутасць і тэлевізар забяспечаць бацьку добрую старасць, а ім – павагу суседзяў. Цярплівы ад прыроды, Лаўрэн змог вытрымаць толькі пяць месяцаў такога райскага жыцця.
   Вяртаючыся ў родную вёску, ён замярзае ў полі каля могілак, і толькі праз тры месяцы быў знойдзены і пахаваны. А. Карпюк, такім чынам, ставіць актуальнае і для нашых дзён пытанне міласэрнасці, беражлівых адносін да старых людзей, для якіх адарванасць ад звыклага ўкладу жыцця і прымусовае перасяленне ў горад заканчваюцца трагічна.