Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзейнасць школьных тэатраў

   У часы позняга Рэнесансу і ранняга барока (ХVІ – XVІІІ ст.) пры духоўных і асветніцкіх навучальных установах (акадэміях, брацкіх школах, калегіях) ствараліся школьныя тэатры. Упершыню яны ўзніклі ў краінах Заходняй Еўропы як сродак вывучэння лацінскай мовы, правіл паэтыкі і рыторыкі, выпрацоўкі адпаведных эстэтычных густаў, выхавання хрысціянскай дабрачыннасці. Пашырэнне школьных тэатраў на Беларусі звязана з дзейнасцю езуітаў, скіраванай на акаталічванне беларускага насельніцтва. Езуіцкія школьныя тэатры дзейнічалі ў 14 гарадах Беларусі, і на іх сцэнах было пастаўлена каля 100 школьных драм.
   Спектаклі (у адпаведнасці з канонамі мастацтва барока) уяўлялі сабой пышнае відовішча з музыкай, песнямі, танцамі. У творах, што складалі рэпертуар школьных тэатраў (трагедыях, камедыях, літургічных драмах, інсцэніроўках, дыспутах, судовых пасяджэннях), праслаўлялася вечнае быццё, апавядалася пра пакуты Ісуса Хрыста і яго паслядоўнікаў, асуджалася грэшнае жыццё, расказвалася пра высакароднасць мясцовых мецэнатаў-магнатаў і інш. Пастаноўкі спектакляў часта суправаджаліся інтэрмедыямі – кароткімі п’есамі ці сцэнамі сацыяльна-бытавога зместу, якія выконваліся паміж актамі драматычнага або опернага твора. Часцей за ўсё інтэрмедыі ставіліся на беларускай мове. Па змесце яны нагадвалі забаўныя анекдоты, гісторыі, апавяданні, дзеючымі асобамі якіх з’яўляліся сяляне, карчмары, паны. Цёмныя і абмежаваныя сяляне, з якіх заўсёды насміхаліся, якіх цураліся паны, у інтэрмедыях пераўтвараюцца ў дасціпных, разважлівых, вострых на язык людзей. Да нашага часу дайшло каля 20 беларускіх інтэрмедый, найбольш завершанымі з якіх з’яўляюцца "Чорт Асмалейка", "Селянін і вучань", "Літаратар, селянін, Самахвальскі", "Ігра Фартуны".
   Для школьнага тэатра стваралі творы вядомыя дзеячы другой паловы ХVІІІ ст. Каятан Марашэўскі і Міхал Цяцерскі. Спектаклі па іх творах ставіліся на сцэне Забельскага тэатра (вёска Валынцы Верхнядзвінскага раёна) пры дамініканскім манастыры, дзе абодва драматургі працавалі выкладчыкамі паэтыкі і рыторыкі. М. Цяцерскі з’яўляецца аўтарам польскамоўных трагедый на сюжэты з антычнай гісторыі "Сапар" і "Фемістокл", а таксама беларуска-польскай пераробкі камедыі Ж. Б. Мальера "Лекар па прымусу". К. Марашэўскаму належыць беларуска-польская "Камедыя" і польская трагедыя "Свабода ў няволі".
   У "Камедыі" К. Марашэўскага цесна спалучыліся барочныя рысы драмы-маралітэ (павучальнасць фіналу, выкарыстанне біблейскага матыву) з асветніцкімі традыцыямі (праўдзівасць паказу сялянскага жыцця, адлюстраванне супярэчнасцей прыгоннай вёскі). Галоўнымі дзеючымі асобамі ў "Камедыі" з’яўляюцца селянін Дзёмка і Чорт. Селянін наракае на сваю долю: ён павінен цяжка працаваць, але жыццё ад гэтага не паляпшаецца (няма грошай нават на сярмягу). Ва ўсім гэтым Дзёмка вінаваціць пана, карчмара і нават чорта. З’яўляецца Чорт (у вобліку пана) і прапануе палепшыць жыццё селяніна, калі той зможа маўчаць на працягу адной гадзіны. Дзёмка прымае прапанову, але, на жаль, сваё слова не стрымлівае. Ён тройчы прайграе заклад (маўчанне парушана свядома, з-за бескарыслівасці, высакароднасці героя), за што Чорт цягне яго ў пекла і забірае душу. Аўтар камедыі, прытрымліваючыся царкоўна-дыдактычнай маралі (непаслухмянасць, невыкананне рэлігійных прадпісанняў прыводзіць да пагібелі душы), выказвае асветніцкую думку аб тым, што фармальная перамога яшчэ не з’яўляецца перамогай маральнай, што шчасце залежыць не ад боскага прызначэння, а ад чалавечых якасцей, учынкаў, дзеянняў.
   Школьныя тэатры аказалі значны ўплыў на развіццё нацыянальнага мастацтва. У канцы ХVІІІ ст. яны страцілі сваю актуальнасць і іх функцыю пачалі выконваць прафесійныя тэатры.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыТэатральны этыкет

Алесь БадакАлесь Бадак - У тэатры

Пераказы, дыктантыУ тэатры

Пераказы, дыктантыВялікі тэатр пасля вялікай рэканструкцыі

Пераказы, дыктантыБеларуская батлейка