Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Гімн жанчыне-маці ў беларускай літаратуры
У сусветнай літаратуры і мастацтве ёсць вобраз, якога не мінуў у сваёй творчасці ні адзін значны пісьменнік, мастак, скульптар, паэт. Ён авеяны самай высокай паэзіяй. Гэты вобраз – увасабленне дабрыні, самаахвярнасці, бескарыслівасці. Ён называецца кароткім, але вельмі дарагім для чалавека словам – маці.
Маці – найдаражэйшы на свеце чалавек. Ніхто не можа так горка і ціха тужыць, як маці. Ніхто не ўмее так любіць, як маці, не ўмее так цярпець і ахвяраваць сабой. І адразу ўспамінаецца старадаўняя прытча пра юнака, які ў ахвяру няўмольнай і хцівай каханцы прынёс матчына сэрца. Ён бег з ім у руках, спатыкнуўся аб камень і застагнаў. "Ой, табе ж баліць, сынок! Ідзі цішэй, дзіцятка", – прашаптала чулае матчына сэрца. Кожная сынава драпіна адзывалася ў матчыным сэрцы нясцерпным болем, гора і няўдачы дзіцяці станавіліся яе горам і пакутамі.
Аб самаахвярнасці маці, яе гатоўнасці ў любы момант засланіць сваіх дзяцей ад бяды і небяспекі ў беларускай літаратуры створана нямала твораў, і адзін з іх – верш А. Куляшова "Маці". У ім расказваецца аб цяжкім чаканні маці свайго сына. На шчасце, каб сын хутчэй вярнуўся, маці пасеяла зярняткі. Але яны ўпалі на камень і не ўзышлі. Дарэмна чакае маці:
Не ўзыдуць зярняты,
Бо ўпалі на камень шчарбаты.
Не першая ты
Каля камня заходзішся з жалю.
Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі.
І тады маці тройчы пракляла камень. Ад матчыных слёз "стаў камень зямлёю, сама ж яна каменем стала". Толькі тады ўзышлі зярняты і дахаты вярнуўся сын. Вось такая вялікая моц матчынай любові і вернасці.
Голас маці, на думку М. Танка, можа не толькі прымусіць жыць і змагацца, але нават вярнуць з таго свету:
Голас незнаёмага можа здзівіць,
Голас друга – на хвіліну спыніць,
Голас любай – сагрэць сонцам лета,
Голас маці – вярнуць з таго свету.
("Голас")
Праз якія толькі выпрабаванні не прайшла жанчына-маці дзеля шчасця сваіх дзяцей. Для маці, якая праводзіла на вайну сваіх сыноў, кожны салдат будзе здавацца сынам. У цэнтры апавядання Я. Брыля "Маці" – трагічны лёс сціплай і мужнай жанчыны. Шмат гора зведала яна на сваім шляху (служба парабчанкай у панскім двары, смерць мужа, трывога за двух старэйшых сыноў, якіх выгнала з хаты вайна, і малодшага Васіля). У цяжкую для іх часіну маці дала прытулак знясіленым палонным, што ўцяклі з фашысцкага лагера. А раніцай за гэты ўчынак яна расплацілася жыццём. Ідучы на смерць, маці не просіць ні літасці, ні спагады. Па твары яе цякуць слёзы крыўды за чужых маці, якія нарадзілі фашыстаў-нелюдзяў. Маці моліцца за палонных, з якімі так зрадніла яе доля, за сыноў, і за сваіх і за чужых.
Аб болю і трывозе чакання, якое здаецца бязмерна доўгім, – верш М. Танка "Маці". Старая жанчына доўгімі начамі вышывае кашулю сыну, які змагаецца ў партызанскім атрадзе. На кашулі яна тчэ закляцце:
Закляцце ад варожай кулі,
Ад лютай смерці, ад пятлі,
Ад груганоў, каб праз кашулю
Дастаць да сэрца не змаглі.
Маці верыць, што гэта кашуля ўратуе сына ад варожай кулі і ён вернецца жывым.
Пра трагічны лёс маці-паланянкі расказваецца ў паэме П. Броўкі "Голас сэрца", якая прасякнута вялікім і бязмерным горам за маці і за ўсіх, хто загінуў у Асвенціме. У імя перамогі над фашысцкімі захопнікамі свядома ідзе на смерць Сцепаніда Багацька з аповесці В. Быкава "Знак бяды". Дзесяткі лёсаў жанчын, кінутых у пекла вайны, сабрала ў кнізе "У вайны не жаночае аблічча" С. Алексіевіч. Са старонак гэтай кнігі паўстаюць духоўна прыгожыя, мужныя, здольныя на подзвіг простыя жанчыны, якія пакінулі сваю маладосць на палях вайны.
Без светлага вобліку маці-працаўніцы, маці-руплівіцы немагчыма ўявіць ні роднай хаты, ні самага дарагога кутка на зямлі. Маці – увасабленне і прыклад чалавечай дабрыні, высакароднасці, працавітасці. Сапраўдным гімнам маці з’яўляецца верш М. Танка "Рукі маці". У ім – цэлы свет чалавечага жыцця з бясконцымі клопатамі і трывогамі, з бяссоннымі начамі, самаахвярнай любоўю да дзяцей. На руках маці шмат слядоў, шрамаў, якія пакінулі праца, цяжкія жыццёвыя пуцявіны і дарогі. Але калі маці пакладзе свае спрацаваныя, мазольныя рукі на стол, "быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце і ў сэрцы".
У творах беларускіх пісьменнікаў гучаць пранікнёныя словы ўдзячнасці маці за падараванае жыццё, за бяссонныя ночы, праведзеныя над калыскай, за дні, поўныя клопатаў і турбот, трывогі і болю, якія часам прычынялі ёй дзеці, самі таго не ўсведамляючы, за добрае сэрца і чулую душу:
Дзякуй, маці, што мне падарыла
Ты любоў да зямлі маёй роднай,
Дзе ўсміхаецца сонца так міла,
Дзе бягуць хвалі рэк мнагаводных.
(Е. Лось. "Маці")
Пра маці можна гаворыць бясконца. Вобраз яе не пакідае беларускіх пісьменнікаў у іх блуканнях па жыццёвых і творчых дарогах. І пакуль жыве маці, пакуль сустракае нас яе ласкавая ўсмешка, пакуль у дні поспехаў і страт ёсць каму сказаць пявучае слова "мама", мы адчуваем сябе маладымі і дужымі, упэўненымі ў заўтрашнім дні. І таму трэба берагчы, шанаваць і любіць сваіх маці, не гора, а радасць і кветкі прыносіць ім.